Станіслаў Ягадынскі
Станіслаў Ягадынскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1590, 1594 або 1595 |
Памёр | каля 1644[1] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік |
Мова | польская мова і лацінская мова |
Станісла́ў Серафі́н Ягады́нскі (па-польску: Stanisław Serafin Jagodyński; 1590 ці 1594/1595 — к. 1644) — паэт, перакладнік, пэдагог, знаўца геральдыкі. Пісаў на польскай і лацінскай мовах.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сын зьбяднелага шляхціца са Жмудзі гербу «Корвін». Наконт месца нараджэньня існуюць тры вэрсіі: Жамойць, Гарадзеншчына або мястэчка Шарашоў Берасьцейскага павету.
У 1613—1618 быў вучнем Віленскай езуіцкай акадэміі. Дзякуючы падтрымцы шляхціцаў Халецкіх у 1619 паступіў на факультэт права ў Кракаўскі ўнівэрсытэт, які скончыў у 1620 року. У 1622 працягнуў навучаньне ва ўнівэрсытэтах Падуі і Балёньні.
У 1624—1625 суправаджаў каралевіча Ўладзіслава Вазу ў ягоным падарожжы па Нямеччыне, Бэльгіі й Італіі. 3 лютага 1625 прысутнічаў зь ім на пастаноўцы опэры «Выратаваньне Руджэра…» ва Флярэнцыі.
Пасьля гэтых падзеяў паступіў на службу да троцкага кашталяна і нясьвіскага ардыната Яна Ежы Радзівіла ды жыў пры ягоным двары ў Нясьвіжы. Пасьля сьмерці Радзівіла пэўны час (1627—1629) працаваў на двары кракаўскага біскупа Марціна Шышкоўскага.
Пад канец жыцьця служыў у каралеўскім маёнтку Шарашова, дзе, верагодна, і скончыў жыцьцё.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першымі творамі, напісанымі падчас вучобы ў Віленскай езуіцкай акадэміі, сталі панэгірыкі, прысьвечаныя прадстаўнікам уплывовай беларускай знаці. Пазьней пісаў панэгірыкі таксама сваім апекунам-патронам Халецкім. Захаваліся некаторыя такія працы на польскай і лацінскай мовах зь немалой прысутнасьцю беларускіх словаў і выразаў, што й дало дасьледнікам падставу меркаваць пра ягонае беларускае паходжаньне.
Падчас пражываньня ў Італіі авалодаў італьянскай мовай, дзякуючы чаму ў 1628 року пераклаў на польскую мову лібрэта опэры Франчэска Сарачынэльлі «Выратаваньне Руджэра». Акрамя гэтага, перакладаў таксама «Трыюмф каханьня» Пятраркі і Дзю Бартаса[2].
Аднак найперш Станіслаў Ягадынскі вызначыўся як польскі паэт-сатырык XVII стагодзьдзя. Вялікай папулярнасьцю карысталіся ягоныя зборнікі сатырычных эпіграмаў («Маскі масьленічныя і паўсюдныя…» (1619), «Грош пад заслонай і аздобай крылаў караля птушак арла князёў Радзівілаў…» (1620), «Дваранкі» (1621), «Каталіцкія песьні» (1638) і інш.)
Сярод магнацтва найбольш быў вядомы як знаўца законаў геральдыкі, афармляў гербы для шматлікіх ліцьвінскіх і польскіх родаў. Склаў гербоўнік шляхецтва: «Сумарыюш кляйнотаў або гербаў дзяржавы і рыцарства Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага з розных аўтараў, а менавіта зь Бельскага, з Папроцкага і запісаў С. С. Ягадынскага сабраны» (1621).
Ягадынскаму таксама прыпісваюць аўтарства першага польскага падручніка па каліграфіі «Каліграфія, або Канцылярыя» (1640, 1695).
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Epitimia J.W. Pana Jarosza Wołłowicza… od najuniżeńszego sługi a błahego poety… za szczodry wieczór ofiarowana. Wilno, 1613.
- Syzygia praenobilium… coniugium… Christophori Chalecki et Mariae… Stuoebichin …decanatata. Wilno, 1613.
- Nymfice (na wesele) Aleksandra Chaleczkiego z Magdaleną Woynianką. Wilno, 1617.
- Grosz. B.m., 1618.
- Dworzanki. Kraków, 1621.
- Maszkary mięsopustne i powszechne, przy tym kłoda popielcowa… białymgłowom ku obronie i ozdobie, męskim rozumom ku… zabawie wybrana i wydana. Kraków, ok. 1622.
- Pieśni katolickie nowo reformowane z polskich na łacińskie a z łacińskich na polskie przełożone, niektóre też nowo złożone. Kraków, 1638.
- Kalligraphia abo cancellaria… Ma w sobie discurs, epigrammata, reguły dobrego pisania. Kraków, 1695.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Stanisław Serafin Jagodynski // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Stanisław Jagodyński Zgapedia Праверана 30 кастрычніка 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Натальля Пракаповіч. Станіслаў Ягадынскі. Наш забыты зямляк // Рэха Берасьцейшчыны. — жнівень 2008. — № 1. — С. 9.
- Dawni pisarze polscy od początków piśmiennictwa do Młodej Polski, przewodnik biograficzny i bibliograficzny. — Warszawa: 2001 Т. tom drugi I-Me. — С. 15-16. — ISBN 83-02-08101-9
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Польскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |
- Kalligraphia abo cancellaria(недаступная спасылка)