Перайсьці да зьместу

Сомры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сомры
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Менская
Раён Крупскі
Сельсавет Ухвальскі
Часавы пас
Каардынаты 54°04′14″ пн. ш. 29°21′42″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
  • 18 чал. (2009)
 (2010)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 1796
Паштовы індэкс 222022
Нумарны знак 5
Сомры на мапе Беларусі ±
Сомры
Сомры
Сомры
Сомры
Сомры
Сомры

Со́мры[1]вёска ва Ўхвальскім сельсавеце Крупскага раёну Менскай вобласьці.

Вёска знаходзіцца за 58 км на паўднёвы захад ад гораду Крупкі, за 42 км ад чыгуначнай станцыі Бобр на лініі Берасьце—Масква, за 138 км ад Менску. Транспартныя сувязі ажыцьцяўляюцца па аўтадарозе Ўхвала—Сомры. На ўсходзе ад вёскі знаходзіцца балота, на паўднёвым захадзе — лес[2].

Вядомая з другой паловы XVII стагодзьдзя, уваходзіла ў склад Барысаўскага староства. У 1639 годзе належала Адаму Казаноўскаму. У 1670 годзе ў вёсцы налічвалася 5 дымоў, у 1781 годзе — 8 двароў. Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі. Уласнасьць Віленскага ваяводы М. Радзівіла. У 1795 годзе налічвалася 10 двароў і 87 жыхароў, у 1845 годзе — 17 двароў і 142 жыхары.

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя вёска знаходзілася ў Эсьмонскай воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. У 1885 годзе налічвалася 25 двароў і 216 жыхароў. У 1897 годзе — 34 двары, 401 жыхар, дзейнічала царква. У 1917 годзе — 42 двары, 330 жыхароў, працаваў смалакурны завод.

З 20 жніўня 1924 году вёска ў Стараслабодзкім сельсавеце Крупскага раёну Барысаўскай акругі, з 18 чэрвеня 1927 году — Аршанскай акругі. Паводле перапісу 1926 году, у вёсцы было 67 двароў, 338 жыхароў, працаваў смалакурны завод. У час калектывізацыі быў створаны калгас «Чырвоная зорка». У 1930-я гады дзейнічаў смалакурны завод «Варашылава».

З 20 лютага 1938 году ў складзе Менскай вобласьці. У 1941 годзе ў вёсцы было 65 двароў і 322 жыхары.

У Вялікую Айчынную вайну з 1 ліпеня 1941 году акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Улетку 1941 году каля вёскі вялі цяжкія абарончыя баі воіны 100-й стралковай дывізіі. Тут зьдзейсьніў свой подзьвіг Герой Савецкага Саюзу Я. Дз. Бяляеў (пахаваны ў Крупках). У кастрычніку 1942 году акупанты спалілі вёску і загубілі 180 жыхароў. У раёне дзейнічаў партызанскі атрад. Вызваленая 28 чэрвеня 1944 году. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінуў 31 жыхар вёскі. Пасьля вайны адбудаваная.

З 1950 году ў складзе ўзбуйненага калгасу імя Леніна. У 1959 годзе — 162 жыхары, у саўгасе «Ухвала». З 4 студзеня 1964 году ва Ўхвальскім сельсавеце. У 1968 годзе вёска ў саўгасе «Новая ніва», пазьней у калгасе «Ніва». У 1998 годзе — 24 гаспадаркі, 41 жыхар, дзейнічала пачатковая школа. З 2007 году ў складзе дзяржпрадпрыемства «Ухвала». На магіле ахвяраў фашызму ўсталяваны помнік[2].

  • XVIII стагодзьдзе: 1795 — 87 жыхароў, 10 двароў.
  • XIX стагодзьдзе: 1845 — 142 жыхары, 17 двароў; 1885 — 216 жыхароў, 25 двароў; 1897 — 401 жыхар, 34 двары.
  • XX стагодзьдзе: 1917 — 330 жыхароў, 42 двары; 1926 — 338 жыхароў, 67 двароў; 1941 — 322 жыхары, 65 двароў; 1959 — 162 жыхары; 1999 — 39 чалавек; 1998 — 41 жыхар, 24 гаспадаркі.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 — 18 жыхароў, 13 гаспадарак[2].
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 234
  2. 1 2 3 4 Гарады і вёскі Беларусі: энцыкляпэдыя. Т. 8, кн. 5. Менская вобласьць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Менск: БелЭн, 2014. — 360 с.: іл. ISBN 978-985-11-0757-1.
  • Гарады і вёскі Беларусі: энцыкляпэдыя. Т. 8, кн. 5. Менская вобласьць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш.. — БелЭн, 2014. — 360 с. — ISBN 978-985-11-0757-1