Перайсьці да зьместу

Ізаглёса кентум-сатэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сатэмізацыя»)
Прыблізная дыяхранічная мапа, што адлюстроўвае арэалы моваў кентум і сатэм. Гіпатэтычная тэрыторя ўзьнікненьня сатэмізацыі ўказаная цёмна-чырвоным, што адпавядае Сінташта-Пятроўскай, Абашаўскай археалягічным культурам і срубнай культурна-гістарычнай супольнасьці. Дакладнасьць мапы вызначаецца пэрыядам, які вызначаецца паводле яе.

Ізаглё́са ке́нтум-сатэм — адна з ізаглёсаў індаэўрапейскае моўнае сям’і, якая ўзьнікла ў выніку рознай эвалюцыі трох шэрагаў сярэднеязычных зычных у розных індаэўрапейскіх мовах: *kʷ, *gʷ, *gʷʰ; *k, *g, *gʰ; *ḱ, *ǵ, *ǵʰ[1].

Тэрмін кентум-сатэм зьявіўся ад прыкладаў эвалюцыі гэтых зычных у розных індаэўрапейскіх мовах на ўзоры праіндаэўрапейскага слова для лічэбніку сто ў лацінскай мове (пераход у /k/: centum) і авэстыйскай[a] (пераход у фрыкатыў: satəm).

Мовы кентум уключаюць у сябе італійскую, кельцкую, германскую, грэцкую й тахарскую галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і. У мовах кентум звычайныя й палятальныя вэлярныя зычныя праіндаэўрапейскае мовы зьліліся ў звычайныя вэлярныя, аднак захаваўся трэці шэраг зь лябіявэлярных зычных[1]. Тахарскія мовы шмат у чым адлюстроўваюць пераход усіх трох згаданых сэрыяў, а таксама ўсіх звонкіх або асьпіраваных зычных у адзіную фанэму — /k/, што падштурхоўвае некаторых лінгвістаў меркаваць, што тахарскія мовы ня ўпісваюцца ў канцэпцыю кентум-сатэм[2]. Нягледзячы на гэта, некаторыя праіндаэўрапейскія лябіявэлярныя ў тахарскіх мовах гістарычна перайшлі ў лябіявэляравідны /ku/; разам зь іншымі доказамі гэтыя абставіны сьведчаць пра адрозьненьне лябіявэлярных у пратахарскай мове і толькі пазьнейшае зьліцьцё гэтых гукаў з вэлярнымі, праз што тахарская зьяўляецца выразна кентумнай мовай[3].

Да моваў сатэм прынята адносіць мовы, у якіх адбыўся пераход трох узгаданых сэрыяў зычных у сыбілянты (сьвісьцячыя зычныя). Падобны пераход уласьцівы мовам індаіранскай, балтыйскай, славянскай галінаў, а таксама армянскай мове, якая мае асобнае месца сярод індаэўрапейскіх моваў. Гэтыя мовы, як правіла, страцілі агубленае вымаўленьне праіндаэўрапейскіх лябіявэлярных, праз што яны аб’ядналіся з вэлярнымі, у той час як палятальныя захаваліся[1]. Балта-славянскія збольшага зьяўляюцца сатэмнымі мовамі, але некаторыя словы маюць кентумныя рысы, праз што сатэмізацыя ў гэтых мовах магла стаць няпоўнай.

Адны з апошніх зьвестак, атрыманых пры дасьледаваньнях лювійскае мовы, сьведчаць пра адрозьненьне ўсіх трох шэрагаў зычных у праанаталійскай мове (продак г.зв. анаталійскіх моваў — вымерлых індаэўрапейскіх моваў цэнтральнай Турэччыны)[3][4]. Нягледзячы на гэта, у гецкай мове — найвядомай з анаталійскіх моваў, мелася кентумізацыя, якая зьявілася ў мове пасьля распаду агульнаанаталійскай мовы[3].

Паняцьце ізаглёсы кентум-сатэм ужываецца толькі адносна тых індаэўрапейскіх моваў, якія ў пазьнейшым часе распаліся, і якія пры гэтым мелі ўвесь інвэнтар сярэднеязычных. Пазьнейшыя гукавыя зьмены, спэцыфічныя для кожнай з групаў будзь-якой галіны індаэўрапейскай сям’і, з гэтага паняцьця звычайна выключаюцца. Напрыклад, у паняцьце ізаглёсы кентум-сатэм не ўваходзіць пераход лацінскага k у s у некаторых раманскіх або зьліцьцё *kʷ з *k у гайдэльскіх мовах.

Ступень сатэмізацыі ці кентумізацыі хістаецца ў залежнасьці ад рознай галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Так, з усіх сатэмных моваў найменшую ступень сатэмізацыі праяўляюць балтыйскія мовы.

Праіндаэўрапейскія сярэднеязычныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ізаглёса кентум-сатэм тлумачыць эвалюцыю трох шэрагаў сярэднеязычных зычных, рэканструяваных для праіндаэўрапейскае мовы, *kʷ, *gʷ, *gʷʰ (лябіявэлярныя), *k, *g, *gʰ (вэлярныя), ды *ḱ, *ǵ, *ǵʰ (палятавэлярныя) у даччыных мовах (мовах, што ўтварыліся ў выніку распаду праіндаэўрапейскай). Падзел на групы кентум і сатэм дае толькі прыблізнае ўяўленьне пра бацькоўскую мову, у якой быў поўны набор сярэднеязычных.

Нямецкі лінгвіст А. Шляйхер у выдадзеным у 1871 годзе «Кампэндыюме» меркаваў, што праіндаэўрапейская мова мела адзін вэлярны шэраг, k, g, gh. Іншы нямецкі лінгвіст, К. Бругман прызнаваў ужо два шэрагі: «вэлярныя выбухныя» (q, g, gh) супраць «паляталізаваных выбухных» (, , g̑h). Бругман назваў мовы, вядомыя цяпер як мовы кентум, «мовамі зь лябіялізацыяй», мовы сатэм, у сваю чаргу — як «мовы безь лябіялізацыі». На думку Бругмана для словаў і групаў словаў, якія не паўстаюць у ніводнай мове зь лябіялізаваным вэлярным, нельга вызначыць наяўнасьць калі-небудзь у мінулым «u̯-згортваньня».

Між тым, у выданьні гэтай працы ў 1897 годзе Бругман зьмяніў свае погляды, прыняўшы тэрміналёгію кентум/сатэм, уведзеную нямецкім лінгвістам Пэтэрам фон Брадке ў 1890 годзе. Адпаведна з гэтым, ён пазначыў лябіявэлярныя як qu̯, qu̯h, gu̯, gu̯h, увёўшы таксама безгалосныя асьпіраты.

Дрэвавідная мадэль клясыфікацыі індаэўрапейскіх моваў. Зьлева — мовы кентум, справа — мовы сатэм.

Мовы сатэм адлюстроўваюць наяўнасьць характэрных афрыкатных і фрыкатыўных зычных з артыкуляцыяй у пярэдняй частцы рота, якія ўзьнікаюць у словах, паходжаньне якіх прасочваецца ад праіндаэўрапейскіх лексычных адзінак. Напрыклад, праіндаэўрапейскае *(d)ḱm̥tóm («сто»), на якім звычайна ілюструецца сатэмны пераход, пераўтварылася ў авэст. satəm, пэрс. sad‎, санскр. śatam, лат. simts, лет. šimtas, стар.-слав. sъto. Сярод іншых падобных прыкладаў адзначаецца стараславянская прыстаўка sъ(n)-з (параўн. з кентум. лац. co(n)-).

Крыніцы адметна сатэмных гукаў і шляхі іх узьнікненьня цягам многіх дзесяцігодзьдзяў абмяркоўваліся індаэўрапэістамі. Аўтар канцэпцыі, нямецкі лінгвіст Пэтэр фон Брадке, меркаваў пра наяўнасьць у праіндаэўрапейскай мове двух шэрагаў зычных: *k, *kʰ, *g, *gʰ ды *ḱ, *ḱʰ, *ǵ, *ǵʰ. Так, *ḱ перайшло ў санскрыце ў ś [ɕ], у латыскай, авэстыйскай, расейскай і армянскай — у s, у летувіскай — у š [ʃ], у альбанскай, за некаторымі выняткамі, у th [θ]. Іншы нямецкі лінгвіст, Карл Бругман, дадаваў у канцэпцыю агублены шэраг *kʷ, *kʷʰ, *gʷ, *gʷʰ, але мяркуючы, што ў сатэмных мовах ён зьліўся зь першым шэрагам фон Брадке (гл. вышэй). Такім чынам, незалежна ад паходжаньня сатэмных гукаў ад таго ці іншага з трох шэрагаў зычных, усе словы з сучаснымі сатэмнымі гукамі на месцы ранейшых трох шэрагаў зычных адносяцца да сатэмных словаў.

Сатэмныя рысы паўставалі і ў іншых індаэўрапейскіх мовах (напрыклад, франц. cent, гішп. ciento), у выніку чаго ў некаторых выпадках становіцца цяжкім вызначэньне моваў зь першапачатковымі сатэмнымі рысамі або моваў, у якіх сатэмныя рысы ўзьніклі ў выніку запазычваньняў або ў выніку незалежных пераходаў. У той час як шырокая задакумэнтаванасьць лацінскай і старажытнашвэдзкай моваў паказваюць пра самастойны характар асыбіляцыі[b] ў францускай і швэдзкай мовах адпаведна, то ў выпадку з маленькай колькасьцю пісьмовых помнікаў дакійскай і тракійскай моваў невядома пра запазычаны або асабісты характар гэтых гукаў. Сярод іншых прыкладаў падобных ускладненьняў адзначаюцца запазычваньні з індаіранскіх моваў у армянскую, у выніку чаго абгрунтаваньне прыналежнасьці армянскай да сатэмных моваў грунтуецца на досыць невялікай колькасьці словаў.

Да кентумных моваў адносяць індаэўрапейскія мовы, у якіх у спадчыну ад праіндаэўрапейскіх лексычных адзінак засталіся вэлярныя й лябіявэлярныя зычныя, артыкуляцыя якіх адбываецца ў задняй частцы рота.

Як адзначана вышэй, назва «кентум» паходзіць ад лацінскага centum (вымаўл. як [kentum]) як аднаго з прыкладаў падобнага пераўтварэньня. Лацінскае centum паходзіць ад праіндаэўрапейскага *ḱm̥tóm, у некаторых мовах іншых кентумных галінаў пераўтварэньне гэтага слова мае наступны выгляд: анг. hund(red)-[c], грэц. (he)katon, тах. kante, вал. cant. Лябіявэлярныя зычныя (напрыклад, /kʷ/) у якасьці адзінай фанэмы маюць гістарычныя фіксацыі ў старажытнагрэцкай, італійскіх, германскіх і кельцкіх мовах. Тым ня менш, былі страчаныя палятавэлярныя зычныя, якія зьліліся са звычайнымі (*k, *g, *gʰ).

Кентумныя мовы захавалі праіндаэўрапейскія лябіявэлярныя (*kʷ, *gʷ, *gʷʰ) або іхнія гістарычныя рэфлексы адрознымі ад звычанйых вэлярных (напрыклад, PIE *k, але *kʷ > лац. c /k/, але qu /kʷ/; грэцк. κ /k/, але π /p/[d]); гоцк. /h/, але /hʷ/ і г.д. Пэўныя прыклады няскончанай сатэмізацыі вядомыя і ў індаіранскіх мовах (санскр. guru < *gʷer-, kulam < *kʷel-, kuru < *kʷer-). Падобныя прыклады, аднак, вядомыя толькі ў пісьмовых дакумэнтах пасьлярыгвэднага пэрыяду. Тым ня менш, усе падобныя прыклады кентумных моваў даюць падставу меркаваць, што лябіявэлярнасьць гэтага шэрагу магла быць таксама новай для моваў кентум, прычынна зьвязанай зь пераносам палятавэлярных гукаў наперад.

Галоўны доказ на карысьць гэткага падыходу прадастаўляюць анаталійскія мовы, хоць іхная фанэтыка ў дэталях невядомая. Геты й лювійцы выкарыстоўвалі для пазначэньня лябіявэлярных гукаў РІЕ ня сымбалі сэрыі q- (якія існавалі ў клінапісным пісьме гэтых народаў і перадавалі безгалосны ўвулярны гук у не-індаэўрапейскай акадзкай мове, зь якой клінапіс быў пазычаны), а сымбалі тыпу ku. Меркаваньні наконт гукавага значэньня гэтага спалучэньня разыходзяцца: паводле адных меркаваньняў яны маглі пазначаць адзіны гук, паводле іншых — два, /k/ ды /w/.

Падабенства трох сярэднеязычных шэрагаў аспрэчваецца таксама з тыпалягічных прычынаў. Тым ня менш, гэты аргумэнт не зьяўляецца важкім, паколькі існуюць мовы з падобнай трохшэраговай сыстэмай (напрыклад, язгулямская мова — адна з памірскіх, але сыстэма сярэднеязычных у гэтай мове не суадносіцца з фаналёгіяй РІЕ). Падобныя мовы звычайна рэдкія, і адзін з трох шэрагаў зычных звычайна не выкарыстоўваецца. Наогул, ніводная з індаэўрапейскіх моваў не захавала трохшэраговую сыстэму ў поўным складзе, нават калі яна існавала ў прамове[e].

Рэшткі лябіявэлярных элемэнтаў захаваліся ў тым ліку й у балта-славянскіх мовах, адных з моваў сатэм (напрыклад, лет. ungurys < *angʷi-, dygus < *dʰeigʷ-). Гэтыя фактары былі прынятыя як доказ пранікненьня раньняй сатэмічнай зьмены або як вынік запазычваньняў пры раньніх кантактах протабалтаў і протагерманцаў.

З апошнім часам зьяўляліся паведамленьні пра існаваньне ў мове бангані (Індыя) прыкметаў кентум, але яны былі непрызнаныя.

Гістарычныя інтэрпрэтацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ізаглёса кентум-сатэм у параўнаньні зь іншымі ізаглёсамі даччыных індаэўрапейскіх моваў.

     мовы кентум

     мовы сатэм

     мовы з наяўнасьцю аўгмэнту

     мовы зь пераходам праіндаэўрапейскага *-tt- у -ss-

     мовы зь пераходам праіндаэўрапейскага *-tt- у -st-

     мовы, у якіх канчаткі творнага, давальнага склонаў, а таксама аблятыву ў множным ліку маюць канчатак, які пачынаецца з зычнага -m-.

Пры першай публікацыі ўласных гіпотэзаў наконт гукавых зьменаў у індаэўрапейскіх мовах нямецкі лінгвіст П. фон Брадке высунуў меркаваньне, што падзел індаэўрапейскіх моваў на мовы кентум ды сатэм супадае з падзелам паміж «заходняй і ўсходняй культурнымі правінцыямі»[5]. Гэты варыянт падзелу, між тым, быў парушаны пры адкрыцьці гецкай і тахарскіх моваў, якія, нягледзячы на сваё ўсходняе геаграфічнае становішча, адносіліся да моваў кентум[6]. Гіпотэзы П. фон Брадке сталі яшчэ слабейшымі па працягу дасьледаваньняў іншых індаэўрапейскіх ізаглёсаў, многія зь якіх мелі падобную або нават большую значнасьць.

У ХІХ ст. часам лічылася, што ізаглёса кентум-сатэм служыла ў якасьці мяжы розных дыялектаў праіндаэўрапейскае мовы. Аднак ужо К. Бругман і часткова Ё. Шміт давялі пра тэрытарыяльны характар ізаглёсы.

На цяперашні час ізаглёса кентум-сатэм разглядаецца як адзін з храналягічных этапаў разьвіцьця індаэўрапейскіх моваў. Акрамя іншых рысаў моваў кентум і моваў сатэм існуюць рэшткавыя сьведчаньні адрозьненьня вэлярных і лябіявэлярных у мовах сатэм, што раней існавала таксама і ў мовах кентум. Гэтая акалічнасьць дае падставу некаторым лінгвістам лічыць працэс кентумізацыі ранейшым за сатэмізацыю, аднак зьвесткі, атрыманыя пры дасьледаваньнях анаталійскіх моваў не даюць падставу разглядаць кентумныя пераходы зычных як першапачатковы стан праіндаэўрапейскае мовы[3].

Наяўнасьць трох шэрагаў сярэднеязычных зычных у праіндаэўрапейскай мове зьяўляецца асноўнай гіпотэзай, прынятай у сучаснай індаэўрапэістыцы. Незважаючы на гэта, францускі лінгвіст Антуан Мэе меркаваў, што ў праіндаэўрапейскай мове існавалі толькі лябіявэлярныя й палятавэлярныя, у той час як звычайныя вэлярныя зьяўляліся аляфонамі палятавэлярных[7]. Таксама, на думку Мэе, канцэпцыі першапачатковых вэлярных або мажлівасьць запазычваньняў у працэсе сатэмізацыі зьяўляліся вынікам няправільнай этымалёгіі. Вугорскі індаэўрапэіст Освальд Сэмэрэньі выказваў здагадку, што індаэўрапейскія вэлярныя паляталізаваліся наступным галосным, страчаным пазьней[8]. Іншыя дасьледчыкі высоўвалі гіпотэзы пра існаваньне толькі двух шэрагаў сярэднеязычных, сярод якіх Е. Курыловіч, У. П. Леман, Ўудгаўз.

  1. ^ Адна з старажытных індаіранскіх моваў.
  2. ^ Пераўтварэньне ў сьвісьцячы або шыпячы гук.
  3. ^ Першапачаткова — праз *k, якое перайшло ў /h/.
  4. ^ Перайшло ў /t/ перад галоснымі пярэдняга шэрагу.
  5. ^ Пад тэрмінам «прамова» маецца на ўвазе мова-продак.
  1. ^ а б в J.P. Mallory, D.Q. Adams. The Encyclopedia of Indo-European Culture. — 1997. — С. 461.
  2. ^ Lyovin, Anatole. An introduction to the languages of the world. — New York: Oxford University Press, 1997.
  3. ^ а б в г Fortson, Benjamin W. Indo-European Language and Culture: An Introduction // Blackwell Textbooks in Linguistics, 2-е выд.. — Chichester: Malden, MA: Wiley-Blackwell, 2010.
  4. ^ Melchert, Craig. PIE velars in Luvian // Studies in Memory of Warren Cowgill. — 1987. — С. 182-204.
  5. ^ von Bradke, Peter. Über Methode und Ergebnisse der arischen (indogermanischen) Alterthumswissenshaft. — Giessen: J. Ricker'che Buchhandlung, 1890.
  6. ^ K Shields. A New Look at the Centum/Satem Isogloss. — Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung. — 1981.
  7. ^ Lehmann, Winfred Philipp. Theoretical Bases of Indo-European Linguistics. — Taylor & Francis Group, 1993.
  8. ^ Szemerényi, Oswald J. L. Introduction to Indo-European Linguistics. — Oxford [u.a.]: Oxford University Press, 1990.
  • Solta, G. R. Palatalisierung und Labialisierung. — IF 70. — 1965. — С. 276-315.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]