Салінскі дагавор
Тэкст Салінскага (Залінвэрдэрскага) дагавору паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам узгоднены 23 красавіка 1398 году ў Горадні, абмен дагаворнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Ордэна Конрадам фон Юнгінгенам адбыўся 12 кастрычніка 1398 году на востраве Салін (на Нёмане, насупраць вусьця ракі Нявежа).
Паводле Салінскага дагавору прадугледжвалася літоўская дапамога Ордэну для заваяваньня Пскова і ордэнская падтрымка ВКЛ для авалоданьня Вялікім Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. Вітаўт абяцаў саступіць Ордэну Жмудзь да ракі Нявежа і палову Судувы; у сваю чаргу, Ордэн абавязваўся не падтрымліваць прэтэнзіяў Сьвідрыгайлы на трон ВКЛ.
Неафіцыйна Вітаўт заручыўся згодай Ордэна са сваімі плянамі дабівацца поўнай незалежнасьці ад Польшчы; на сьвяткаваньнях у гонар падпісаньня Салінскага дагавору Вітаўт быў адзінадушна абвешчаны фэадаламі ВКЛ «каралём Літвы і Русі». Гэта выклікала насьцярожанае стаўленьне да дагавора польскага караля Ягайлы, а пляны захопу Ноўгараду і Пскова прывялі да пагаршэньня адносінаў ВКЛ з гэтымі рэспублікамі, а таксама Маскоўскім і Цьвярскім вялікімі княствамі. Рэальнай падтрымкі ў рэалізацыі сваіх экспансіянісцкіх плянаў Вітаўт не атрымаў, што, у прыватнасьці, абумовіла паражэньне войскаў ВКЛ у бітве на Ворскле 1399 году.
Умовы Салінскага дагавору былі ўдакладнены Рацёнскім дагаворам 1404 году, да якога далучылася і Польшча.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Алесь Белы // . — Менск: .
- Liv-, Est- und Kurlaendisches Urkundenbuch nebst Regesten. Hersg. v. Fr. G. von Bunge. Abt. 1. Bd. 4. 1394—1413. Dorpat, 1859; Scriptores Rerum Prussicarum. Bd. 3.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|