Салямон Майман
Салямон Майман (1753 або 1754, Мір — 22 лістапада 1800, сапр. Хейман) — габрэйскі філёзаф-асьветнік, паходзіў зь Беларусі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў мястэчку Мір. Яго дзед і бацька былі арандатарамі ў адным з маёнткаў князя Радзівіла. Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам бацькі, потым скончыў габрэйскую школу ў Міры, працягваў навучаньне ў івянецкай тальмудычнай школе і да 9 гадоў спасьцігнуў усе «прамудрасьці тальмудычнай вучонасьці». Вельмі рана пачаў чытаць гістарычныя і астранамічныя кнігі, якія меліся ў багатай хатняй бібліятэцы і спадабаліся яму больш, чым Тальмуд. Салямону Майману не было яшчэ і 12 гадоў, калі яго ажанілі з дачкой гаспадыні заезнага двара ў Нясьвіжы; у 14 гадоў ён ужо быў бацькам і зарабляў на хлеб выкладаньнем Тальмуда.
Вывучыўшы, хоць і недасканала, нямецкую мову, ён адправіўся пешшу ў Слуцак да галоўнага рабіна, які атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, і ўзяў у яго навуковыя творы па фізыцы, оптыцы і мэдыцыне. «Калі я прачытаў гэтыя кнігі, — успамінаў пазьней Майман, — то мне адчыніўся новы сьвет. Я лічыў, што цяпер валодаю ўжо ключом да ўсіх тайнаў прыроды… Я ганарліва глядзеў на ўсіх тых, хто яшчэ ня ведаў гэтага, сьмяяўся зь іх забабонаў і выказаў гатоўнасьць асьведчыць іх паняцьці і розум».
Ва ўзросьце каля 25 гадоў Майман паехаў у Нямеччыну вывучаць мэдыцыну, філязофію, фізыку, матэматыку. Некаторы час жыў у Кёніґсбэрґу і Шчэціне, потым перабраўся ў Бэрлін. Адтуль яго выслалі незадаволеныя кіраўнікі жыдоўскай грамады, якія палічылі яго намеры герэтычнымі, і ён пасяліўся ў Познані. Тут Майман на працягу 2 гадоў быў настаўнікам у багатай жыдоўскай сям’і, але ў 1780 пад ціскам рэлігійных фанатыкаў Познані быў вымушаны пакінуць горад і вярнуцца зноў у Бэрлін. Тут пазнаёміўся зь вядомым філёзафам і пісьменнікам Мэндэльсонам, доступ да якога яму адчыніла напісаная на жыдоўскай мове філязофская манаграфія. Майман настойліва вывучаў філязофію і фізыку, выявіў здольнасьці ў матэматыцы і ў пэўнай ступені авалодаў францускай мовай. У жаданьні Маймана паглыбіцца ў вывучэньне навук і «разьвіць свой розум і веды» набожныя жыды ўбачылі штосьці небясьпечнае для рэлігіі і добрых нораваў, наракаючы за гэта на польскіх рабінаў, якія «шчасьлівым выпадкам вызваліліся ад рабства забабонаў, раптам убачылі сьвятло розуму і зьнялі ранейшыя кайданы».
Пазбаўлены сродкаў існаваньня, Майман у 1782 выправіўся ў Галяндыю, але расчараваны вярнуўся ў Гамбурґ. Тут, каб атрымаць матэрыяльную падтрымку, ён наважыўся перайсьці ў хрысьціянства, хоць лічыў юдаізм ў дагматычным пляне больш чыстай рэлігіяй, і таму больш сумяшчальнай зь яго сьветапоглядам. Аднак адзін эвангельскі сьвятар адгаварыў яго ад гэтага кроку. Жывучы ў Гамбурґу ў беднасьці, Майман моцна хварэў, але ў 30-гадовым узросьце паступіў у гімназію ў Альтане, вывучаў філязофію, матэматыку, лаціну, ангельскую мову. З Гамбурґа Майман пераехаў у Бэрлін, а адтуль у Брэсляў. Тут ён пераклаў «Ранішнія часы» Мэндэльсона, напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў» Ньютана.
Пасьля некалькіх гадоў вандраваньняў і распаду сям’і Майман зноў вярнуўся ў Бэрлін, дзе вывучаў Канта, Сьпінозу, Лёка і ў 1790 выдаў першую сваю філязоўскую працу «Спроба трансцэндэнтальнай філязофіі» на нямецкай мове. У гэты пэрыяд пашыраюцца яго сувязі зь вядомымі філёзафамі, вучонымі і пісьменьнікамі канца 18 ст. Творы Маймана чыталі і высока ацэньвалі Імануіл Кант, Ёган Вольфґанґ Ґётэ, Фрыдрых Шылер, Гумбальт; яго таленавітасьцю захапляўся Імануэль Герман Фіхтэ, які ў сваёй філязофіі разьвіў далей асобныя яго ідэі.
Свае апошнія гады з 1795 па 1800 Салямон Майман правёў у маёнтку графа Калькрайта (каля Познані), высланага з Бэрліна за вальнадумства. Пахаваны ў Глогаве. Ёсць зьвесткі, што ўсе рэчы і творы Маймана, якія знаходзіліся ў мясцовай жыдоўскай грамадзе, былі ёю спаленыя.
Філязофскія погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У навуковай літаратуры Маймана называюць нямецкім, жыдоўскім або польскім мысьліцелем, хоць вядома, што значную частку свайго жыцьця ён правёў у Беларусі, дзе фармаваўся яго сьветапогляд, дзе ён пачаў сваю выкладчыцкую і літаратурную дзейнасьць. Станаўленьне Маймана як філёсафа непасярэдна зьвязана з асноўнымі пэрыядамі яго жыцьця і дзейнасьці на Беларусі, у Польшчы і Нямеччыны. Зь дзіцячых гадоў ён быў сьведкам сацыяльнай несправядлівасьці, прыгнёту і бяспраўнага становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-жыдоў, самавольства і пагардлівых адносін да людзей з боку магнатаў і князёў. У сваёй «Аўтабіяграфіі» (1791) Майман усебакова адлюстраваў жыцьцё і побыт насельніцтва Беларусі, надзённыя праблемы сацыяльна-эканамічнага і духоўнага жыцьця грамадзтва. «Тагачасны лад нашай краіны наогул, — адзначаў ён, — і нашага народа, які, як асёл, стагнаў пад дзьвюма ношамі — сваім уласным невуцтвам і забабонамі пануючага насельніцтва, няшчасьці маёй сям’і — усё спалучылася разам, каб памяшаць майму разьвіцьцю і перашкодзіць праяўленьню маіх прыродных здольнасьцей». Майман падкрэсьліваў зьмешаны характар польскага і беларускага шляхты, сярод якога толькі нямногія маюць магчымасьць прасьвятліць сябе выхаваньнем, навучаньнем і мэтазгоднымі падарожжамі і судзейнічаюць такім чынам свайму агульнаму дабру і дабру сваіх падданых, а большасьць праводзіць сваё жыцьцё ў невуцтве і амаральнасьці, безразважна аддаецца самым гнюсным захапленьням, якія губяць тысячы іх падначаленых. «Яны, — пісаў Салямон Майман, — адзначаюцца тытуламі і ордэнамі, якія зьнеслаўляюць сваімі дзеямі, валодаюць велізарнымі маёнткамі, якімі не ўмеюць кіраваць, пастаянна вядуць паміж сабой сваркі, у выніку чаго дзяржава непазьбежна становіцца здабычай суседзяў, што зайздросьцяць яе вялікасьці». У пацьверджаньне сваіх высноваў Майман прыводзіў шэраг канкрэтных прыкладаў жорсткасьці і нядобразычлівых адносін да людзей з боку прадстаўнікоў улады, у тым ліку гетмана польнага і ваяводы літоўскага Радзівіла.
У сьветапогляднай эвалюцыі Маймана паказальным ёсьць яго стаўленьне да жыдоўскага рэлігійна-містычнага вучэньня Кабалы, якое прыцягнула ўвагу прагнага да ведаў юнака найперш сваім мэтадам, што дазваляў разьвіваць новыя палажэньні з законаў Сьвятога пісаньня. Пазнаёміўшыся з асноўнымі палажэньнямі гэтага вучэньня, ён пераканаўся, што яно «ёсьць не што іншае, як наданьне тайнам прыроды формы баек і алегорый». Падобнымі тлумачэньнямі Салямон Майман выклікаў незадаволенасьць з боку артадаксальных кабалістаў, якія сьцьвярджалі, што Кабала — гэта не чалавечая, а боская навука і тлумачыць яе тайны згодна з розумам і прыродай — значыць прыніжаць яе. Майман зрабіў крытычны аналіз палажэньняў і практыкі хасыдызму — рэлігійнага руху сельскага жыдоўскага насельніцтва Валыні і Падоліі, асноўная ідэя якога заключалася ў прынцыпе «літара мёртвая, дух жыватворны, мэта жыцьця — злучэньне з Богам пры дапамозе малітвы».
Выхаваны ў духу юдаізму, Майман стаў гарачым прыхільнікам філязофіі жыдоўскага тэоляга і лекара 12 ст. Майсея Майманіда, таму і зьмяніў сваё прозьвішча. Яшчэ ў Польшчы ён пазнаёміўся з найбольш вядомым творам Майманіда «Морэ Нэбухім» («Даведнік блукаючага») і напісаў да яго камэнтар, у якім падкрэсьліваў рацыяналізм свайго духоўнага настаўніка, яго імкненьне абмежаваць веру на карысьць ведаў, растлумачыць усё незразумелае і загадкавае натуральнымі законамі. Паводле ўласнага прызнаньня, авалоданне вучэннем Майманіда стала паваротным момантам у станаўленні Маймана як мысьліцеля, дало моцны штуршок разьвіцьцю яго здольнасьцей. Пры гэтым, як адзначаў сам філёзаф, пераважны ўплыў на яго мела не ўласна філязофская сыстэма Майманіда, а сьмелы палёт яго думак, яго любоў да ісьціны, цьвёрдасьць у прынцыпах, строгі мэтад дасьледаваньня, энэргічны пратэст супраць невуцтва і забабонаў. Праз Майманіда Майман-Хейман прыйшоў да арыстоталевай філязофіі, што дазволіла яму пазьней напісаць спэцыяльную працу «Катэгорыі Арыстоталя». Думкі Арыстоталя аб прымаце формы над матэрыяй, а таксама вучэньне Плятона аб ідэях сустракаюцца і ў майманавай «Трансцэндэнтальнай філязофіі». На станаўленьне яго сьветапогляду на першым этапе паўплывала і знаёмства з філязофскай сыстэмай Сьпінозы. «Глыбокія думкі гэтага філёзафа, — пісаў Салямон Майман у „Аўтабіяграфіі“, — і яго любоў да ісьціны мне моцна спадабаліся, і так як я ўжо ў Польшчы пры дапамозе кабалістычных кніг наткнуўся на яго сыстэму, то я зноў пачаў разважаць аб ёй і да таго пераканаўся ў ісьціннасьці яе, што ніякія стараньні Мэндэльсона не ў стане былі адцягнуць мяне ад яе». Уплыў Сьпінозы праявіўся і ў вучэньні Маймана аб бясконцым розуме, у яго спробах стварыць, падобна геаметрычнаму мэтаду Сьпінозы, сваю ідэальную, чыста аналітычную сыстэму.
Сталым творчым пошукам, нястомнай працай у авалоданьні асновамі навук, плённай асьветніцкай дзейнасьцю пазначаны другі пэрыяд жыцьця і творчасьці Маймана, які пачаўся з другога наведваньня Бэрліна (1780). Тут вырашальны ўплыў на яго зрабілі філязофскія погляды Імануіла Канта, глыбокае вывучэньне яго сыстэмы і абгрунтаваныя спробы ўдасканаліць яе. Спачатку беларускі жыдоўскі філёзаф склаў заўвагі да «Крытыкі чыстага розуму» Канта, потым на аснове гэтых матэрыялаў падрыхтаваў фундамэнтальную працу «Спроба трансцэндэнтальнай філязофіі», у якой найбольш поўна і грунтоўна выкладзены яго філязофскія погляды. Азнаёміўшыся з рукапісам Маймана, Кант адзначаў, што ніхто зь яго праціўнікаў ня толькі не зразумелі яго і галоўнага пытаньня так добра, як ён, але «вельмі нямногія асобы наогул валодаюць такой дасьціпнасьцю для падобнага роду дасьледаваньняў».
З пункту гледжаньня Маймана, існуе толькі сьвядомасць зь яе ўяўленьнямі, якая з самой сябе па сваіх уласных законах упершыню стварае свой уласны прадмет і тым самым надае яму аб’ектыўнасьць і рэальнасьць, гэта значыць усеагульны і неабходны характар. Паводле Маймана, усякае пазнаньне магчыма толькі як пазнаньне працэсу ўзьнікненьня прадмета: яно спасьцігае толькі тое, што само стварае ў выглядзе сваіх аб’ектаў, надаючы ім характар неабходнасьці. Законы ж прыроды вызначаюцца дзейнасьцю розуму, а катэгорыі лёгікі зьяўляюцца ўмовамі існаваньня ўсіх прадметаў магчымага вопыту. У сваей крытыцы філязофскай канцэпцыі Канта ён зыходзіць з палажэньня аб тым, што па-за межамі нашай сьвядомасці нічога ня можа існаваць, і таму з пункту гледжаньня тэарэтычнага розуму ўяўленьне незалежнай ад сьвядомасьці, без канкрэтных прыкмет «рэчы ў сабе» зьяўляецца неймаверным і немагчымым. «Усякая прыкмета, — пісаў Майман у сваей працы „Аб прагрэсе філязофіі“, — пры дапамозе якой мы ўяўляем які-небудзь прадмет, знаходзіцца ў сьвядомасьці, рэч у сабе павінна быць па-за сьвядомасьцю і незалежнай ад яе: значыць, яна ёсьць рэч без прыкметы, неўяўляемая, неймаверная рэч, бяссэньсіца. У паняцьці рэчы ў сабе заключаецца цэнтр цяжару дагматычнай мэтафізыкі, зь ім яна стаіць і падае». Такім чынам, Майман пераадольвае дуалізм Канта, суб’ектыўна-ідэалістычна лічыць, што існуе толькі адзін сьвет — сьвет сьвядомасьці і як дадзенае не можа быць растлумачаны. Філёзаф Вітэ адзначаў, што Салямон Майман стаў «пачынальнікам таго філязофскага кірунку, у якім зыходзяцца Фіхтэ, Гегель і Шэлінг, ён зьявіўся пачынальнікам маністычнага ідэалізму, які ў 1-й палове нашага стагодзьдзя адыгрываў вялікую ролю не толькі ў філязофіі, але ва ўсей навуцы і вынікі чаго ўсе яшчэ відавочныя».
Пэўны ўнёсак зрабіў Майман у распрацоўку трансцэндэнтальнай дыялектыкі (вучэньне аб катэгорыях, аб антыноміях і паралягізмах і інш.), праблем лёгікі, этыкі і эстэтыкі. Як і іншыя вальнадумцы-асьветнікі, Майман сьцьвярджаў права людзей на жыцьцё, авеянае радасьцю пазнаньня, напоўненае сьвятлом розуму і ісьціны. У адрозьненьне ад Мэндэльсона, які патрабаваў ад жыдоўскай інтэлігенцыі «разумнай маралі» і «натуральнай рэлігіі», ён лічыў, што людзям найперш неабходна даць кнігі, у якіх галоўнае месца займалі б пытаньні прыродазнаўства, матэматыкі і філязофіі. З уласьцівай яму энэргіяй Салямон Майман узяўся за выданьне навуковай літаратуры для польскіх жыдоў, але адсутнасьць сродкаў і адмова сяброў Мэндэльсона фінансаваць такія выданьні сарвалі гэта пачынаньне. Адной з прычын такога становішча магло быць і тое, што, як пісаў Майман у сваёй «Аўтабіяграфіі», пры тагачасным рэлігійным і палітычным становішчы жыдоў частка адукаваных людзей не жадала вывучаць навуку па падручніках на жыдоўскай мове, «нязручнай для выкладаньня навуковых палажэньняў», а неадукаваная большасьць народа лічыла ўсякую навуку, хоць і на жыдоўскай мове, забароненым плодам і займалася толькі вывучэньнем Тальмуда і яго шматлікіх камэнтараў. Асьветніцтву Майман адводзіў асабліва вялікую ролю ў вырашэньні надзённых праблем дня, рэфармаванні існуючай сыстэмы ўлады і грамадзкіх адносін, маральным і духоўным узбагачэньні людзей.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.