Дыялектыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дыяле́ктыкафілязофскі мэтад, які базуецца на дыскурсе паміж двума або больш людзьмі, якія маюць розныя пункты гледжаньня аб прадмеце, але жадаюць усталяваць ісьціну праз аргумэнтаваныя довады. Сустрэча тэзіса і антытэзіса ў пазнавальных мэтах. Дыялектыка нагадвае дыскусію, аднак, яна пазбаўленая суб’ектыўных элэмэнтаў, як то эмацыйная прывабнасьць і прыніжальны сэнс рыторыкі[1]. Дыялектыка робіць акцэнт на лягічных, а не эмацыйных аргумэнтах, спрабуе знайсьці ісьціну, а не пераканаць апанэнта. Гэты мэтад можа быць супрацьпастаўлены дыдактычнаму мэтаду, дзе адзін бок размовы вучыць іншы.

У больш вузкім сэнсе — мэтад спазнаньня, мэтадалягічны прынцып, які зьдзяйсняецца па схеме «тэзіс-антытэзіс-сынтэз». У суадноснасьці з гэтым прынцыпам, суб’ект, які пазнае, спачатку вылучае нейкую зьяву ў рэчаіснасьці і для яе фармулюе тэзіс — панятак ці сьцьвярджэньне. Далей зьдзяйсьняецца фармаваньне антытэзісу, і толькі потым суб’ект мае магчымасьць перайсьці да разгляду і вывучэньня ўзаемасувязі тэзіса і антытэзіса, што дазваляе пабудаваць сынтэз. Далей сынтэз можа быць разгледжаны як тэзіс больш высокага ўзроўню. Такім шляхам зьдзяйсьняецца выкрыцьцё ісьціны.

У адрозьненьне ад мэтафызычнага прынцыпу дыялектыка прызнае дынамічнасьць нашых ведаў, паняткаў аб рэчаіснасьці, якая сама дынамічна. Таму гэты мэтад неабходна патрабуе выкарыстоўваць як дэдуктыўныя схемы разважаньняў, якія ўжываюцца ў клясычных фармальных лёгіках, так і схемы тэмпаральных (часовых) лёгік і іхных пашырэньняў.

Дыялектычны мэтад быз распрацаваны Георгам Гэгелем. Дыялектыка зьяўляецца мэтадалягічным прынцыпам дыялектычнага матэрыялізму, які ў асноўным быў распрацаваны Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам, якія па сутнасьці адаптавалі Гэгелеўскую дыялектыку ў традыцыйны матэрыялізм. Важным у дыялектыцы, у адрозьненьне ад рэлятывізму, зьяўляецца суадноснасьць абсалютнасьці і адноснасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Corbett, Edward P. J.; Robert J. Connors (1999). «Classical Rhetoric For the Modern Student» (4th ed.). New York: Oxford University Press. p. 1, 18. ISBN 9780195115420.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]