Перайсьці да зьместу

Рэфэрэндум у Харватыі 2013 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вынікі рэфэрэндуму па жупаніях

Рэфэрэндум у Харватыі 2013 году — канстытуцыйны рэфэрэндум, які прайшоў 1 сьнежня 2013 г. у Харватыі для ўхваленьня ўнясеньня папраўкі ў Канстытуцыю аб вызначэньні шлюбу ў якасьці саюзу між мужчынам і жанчынай. За папраўку прагаласавалі 66,3% (946 433) выбарцаў пры яўцы 37,9% (1 436 835 / 3 791 000)[1]. Такім чынам, Канстытуцыя Харватыі цяпер прадухіляе адвольнае ўвядзеньне аднаплоцевых шлюбаў урадам, які надалей мае лічыцца з волевыяўленьнем грамадзянаў[2].

Вылучэньне пытаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Стэнды руху «У імя сям’і» ў Заграбе

1 верасьня 2012 году ўрад Харватыі ўвёў у школах для дзяцей 9—18 гадоў урокі аб сэксуальнасьці[2]. У красавіку 2013 году Канстытуцыйны суд Харватыі пачаў разгляд адпаведнай скаргі ад 2 грамадзкіх аб’яднаньняў краіны і шматлікіх прыватных асобаў. 22 траўня Канстытуцыйны суд пастанавіў адмовіцца ад правядзеньня згаданых прапагандысцкіх заняткаў у сувязі з супярэчнасьцю канстытуцыі краіны[2].

Сацыял-дэмакратычны ўрад на чале з Зоранам Міланавічам наадварот яшчэ 2 жніўня абвясьціў аб распрацоўцы закону пра аднаплоцевыя шлюбы[3].

Да правядзеньня рэфэрэндуму Канстытуцыя Харватыі ніяк не азначала паняцьце шлюбу[4]. Але шлюб рэгуляваўся і раней заканадаўствам пра сям’ю[5]. 12—26 траўня 2013 г. некалькі тысячаў добраахвотнікаў некамэрцыйнай арганізацыі «У імя сям’і»(hr) сабралі 749 316 подпісаў пад прашэньнем да Харвацкага сабару аб правядзеньні рэфэрэндуму. 14 чэрвеня подпісы падалі ў парлямэнт. 8 лістапада Харвацкі сабар 104 (68,9%) галасамі дэпутатаў з 151 зацьвердзіў правядзеньне рэфэрэндуму 1 сьнежня. 13 дэпутатаў прагаласавалі супраць[6].

Плякат за папраўку
Плякат супраць папраўкі

19 лістапада 2013 году Камісія справядлівасьці і міру Харвацкай біскупскай нарады ўхваліла заяву аб патрэбе абараняць традыцыйны панятак сям’і: «Гэты рэфэрэндум можа прадухіліць адвольную зьмену інстытуту сужонства парлямэнцкай большасьцю, незалежна ад волевыяўленьня народу, як гэта было ў выпадку Францыі. … Посьпех рэфэрэндуму гарантуе, што інстытут сям’і, як саюз мужчыны і жанчыны, які нясе ў сабе законныя падставы для стварэньня сям’і, замацуе традыцыйную форму сужонства, якая зьяўляецца найлепшым асяродзьдзем для кожнага дзіцяці — адказны саюз любові маці і бацькі»[2]. Ініцыятыва правядзеньня рэфэрэндуму была падтрыманая іншымі кансэрватыўнымі палітычнымі партыямі, каталіцкай царквой і шэрагам рэлігійных суполак.

Напярэдадні рэфэрэндуму, 30 лістапада 2013 г. сотні людзей, якія падтрымлівалі правы геяў, правялі акцыю пратэсту ў Заграбе[7].

Амаль 90% з 4,4 мільёнаў жыхароў Харватыі — рыма-каталікі. Царква заклікала галасаваць харватаў станоўча на рэфэрэндуме[7].

Месяц апытаньня Чэрвень[8] Лістапад[9]
За папраўку 55,3% 54,3%
Супраць папраўкі 31,1% 33,6%
Вынікі рэфэрэндуму па грамадах

Пытаньне ў бюлетні гучала наступным чынам:

« Ці падтрымліваеце вы дапаўненьне Канстытуцыі Рэспублікі Харватыя пунктам, згодна якога шлюб - гэта саюз паміж жанчынай і мужчынам?
"Jeste li za to da se u Ustav Republike Hrvatske unese odredba po kojoj je brak životna zajednica žene i muškarca?"
»

1 сьнежня 2013 г. 66,3% удзельнікаў усенароднага галасаваньня падтрымалі папраўку ў Канстытуцыю аб пажыцьцёвым сужонстве мужчыны і жанчыны, што выключыла магчымасьць ажыцьцяўленьня абвешчанага ўрадам намеру зацьвердзіць закон аб аднаплоцевых шлюбах. 8196 (0,57%) бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі. Яўка склала 37,9% улічаных выбарцаў[1]. Харвацкі закон не патрабуе, каб яўка на рэфэрэндуме складала больш за 50% выбарцаў для прызнаньня вынікаў сапраўднымі[4]. Рэфэрэндум стаўся першым у гісторыі незалежнай Харватыі (пасьля выхаду са складу Югаславіі ў 1991 годзе), які ініцыявалі самі грамадзяне краіны. Адначасова гэта быў трэці рэфэрэндум у гісторыі Харватыі пасьля рэфэрэндуму пра незалежнасьць 1991 году і рэфэрэндуму пра ўступленьне ў Эўразьвяз 2012 году[5].

Наступствы рэфэрэндуму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня прэс-сакратар ураду паведаміў, што ў канстытуцыю будуць уведзеныя адпаведныя зьмены[3]. Тагачасны прэзыдэнт Харватыі Іва Ёсіпавіч заявіў, што ён абураны, але не зьдзіўлены вынікам рэфэрэндуму[7].

  1. ^ а б Харватыя прагаласавала супраць аднаплоцевых шлюбаў // Газэта «Зьвязда», 2 сьнежня 2013 г. Праверана 11 красавіка 2015 г.
  2. ^ а б в г Кастусь Бандарук. Харваты за традыцыйнае сужонства // ARCHE Пачатак, 3 сьнежня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  3. ^ а б У Харватыі прагаласавалі супраць аднаплоцевых шлюбаў // Белтэлерадыёкампанія, 2 сьнежня 2013 г. Праверана 23 сакавіка 2017 г.
  4. ^ а б Veselica, L. (2 сьнежня 2013) Croatia rejects gay marriage in referendum (анг.). Yahoo! News. Праверана 23 сакавіка 2017 г.
  5. ^ а б Horvat S. (4 сьнежня 2013) Croatia's vote forbidding gay marriage: a sign of the rotten heart of Europe (анг.). The Guardian. Праверана 23 сакавіка 2017 г.
  6. ^ Харватыя: рэфэрэндум па справе аднаплоцевых сужонстваў // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 8 лістапада 2013 г. Праверана 11 красавіка 2015 г.
  7. ^ а б в Croatians back same-sex marriage ban in referendum (анг.). BBC News (2 сьнежня 2013). Праверана 23 сакавіка 2017 г.
  8. ^ 55,3 адсоткаў харватаў за сужонства жанчыны і мужчыны ў Статуце (харв.) // «Вечаровая газэта»(en), 6 чэрвеня 2013 г. Праверана 11 красавіка 2015 г.
  9. ^ Большасьць за абвяшчэньне Вукавара месцам асаблівага шанаваньня (харв.) // Харвацкае радыётэлебачаньне(en), 2 лістапада 2013 г. Праверана 11 красавіка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]