Зоран Міланавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зоран Міланавіч
16 obljetnica vojnoredarstvene operacije Oluja 04082011 Zoran Milanovic 38.jpg
прэм'ер-міністар Харватыі, дэпутат парлямэнту Харватыі і Прэзыдэнт Харватыі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 30 кастрычніка 1966(1966-10-30)[1] (53 гады)
Загрэб, Сацыялістычная рэспубліка Харватыі, СФРЮ[2]
Партыя: Сацыял-дэмакратычная партыя Харватыі
Адукацыя: юрыдычны факультэт Заграбскага ўнівэрсытэту і Загрэбскі ўнівэрсытэт

Зоран Міланавіч (па-харвацку: Zoran Milanović; 30 кастрычніка 1966, Сінь, Сацыялістычная Рэспубліка Харватыя, ФНРЮ) — харвацкі палітык левацэнтрысцкай арыентацыі, прэзыдэнт краіны з 2020 году[3], прэм’ер-міністар Харватыі (2011—2016 гг.). Лідэр кааліцыі Кукурыку і Сацыял-дэмакратычнай партыі Харватыі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў сярэдняй школе «Цэнтар кіраваньня і правасудзьдзя», пасьля з адзнакай скончыў юрыдычны факультэт у Загрэбскім унівэрсытэце.

Па сканчэньні вучобы працаваў у заграбскім судзе, а пасьля, у 1993 годзе, у Міністэрства замежных справаў. У МЗС, па іроніі лёсу, яго наймае яго будучы палітычны апанэнт і будучы прэм’ер-міністар Іва Санадэр[4]). Праз год Міланавіч зьяжджае працаваць па лініі АБСЭ ў Нагорны Карабах. У 1996 годзе прызначаны дарадцам харвацкай місіі пры Эўразьвязе і НАТА ў Брусэлі. Там жа ён скончыў асьпірантуру. У 1999 годзе вяртаецца ў МЗС.

У гэты ж час Міланавіч пачынае сваю палітычную кар’еру. Ён уступае ў шэрагі Сацыял-дэмакратычнай партыі, утворанай у 1990 годзе на базе Саюзу камуністаў Харватыі. Да гэтага ён ня быў сябрам ні ў адной партыі. Пасьля перамогі СДП на выбарах 2000 году Міланавіч пачынае курыраваць у МЗС адносіны з НАТА. Праз тры гады становіцца памочнікам міністра замежных справаў Таніна Піцулы. Пасьля перамогі на выбарах 2003 году партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасьць (ХДС) Міланавіч пакідае гэтую пасаду.

У 2004 годзе Міланавіча абіраюць у цэнтральны камітэт СДП, а праз два гады ён на кароткі час становіцца прэс-сакратаром партыі.

Пасьля сьмерці лідэра СДП Івіцы Рачана Міланавіч выстаўляе сваю кандыдатуру на пасаду старшыні партыі. Вылучэньне яго кандыдатуры сустракаюць авацыямі. Лічыцца, што Рачан, які незадоўга да сьмерці казаў пра неабходнасьць прыходу «новых сілаў», падтрымліваў менавіта Міланавіча. 2 чэрвеня 2007 году на дзясятым пазачарговым зьезьдзе СДП Міланавіча абіраюць старшынём партыі.

Рэйтынг СДП пачынае хутка расьці, і шмат хто ўжо прагназаваў яе перамогу на парлямэнцкіх выбарах 2007 году, аднак у Міланавіча было замала палітычнага досьведу і ХДС ізноў перамагла. СДП становіцца найбуйнейшай апазыцыйнай сілай у парлямэнце.

5 жніўня 2011 году Міланавіч стварае перадвыбарную кааліцыю Кукурыку, у якую апроч СДП вырашаюць увайсьці Харвацкая народная партыя (ХНП) на чале з Радзімірам Чачычам, Істрыйская дэмакратычная асамблея (ІДА) Івана Якаўчыча (Ivan Jakovčić) і Харвацкая партыя пэнсіянэраў (ХПП), якую ўзначальвае Сілвана Хрэля (Silvano Hrelja). Кааліцыя атрымлівае пераканаўчую перамогу на чарговых парлямэнцкіх выбарах 4 сьнежня 2011 году, атрымаўшы большасьць мандатаў.

У 2019 годзе Міланавіч удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Прайшоў у другі тур, набраўшы найбольшую колькасьць галасоў (29,5%) і абыйшоўшы дзеючую прэзыдэнтку Калінду Грабар-Кітаравіч (26,7%)[5]. Падчас другога туру, 5 студзеня 2020 году, Міланавіч набраў 53% галасоў, Калінда Грабар-Кітараві — 47%[6].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1994 году ў шлюбе з Саняй Мусіч-Міланавіч. Маюць дваіх сыноў — Антэ і Марка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зоран Міланавічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў