Перайсьці да зьместу

Растсельмаш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

47°15′30″ пн. ш. 39°45′45″ у. д.HGЯO

«Растсельмаш»
рас. «Ростсельмаш»
Выява лягатыпу
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Лістынг на біржы
Дэвіз Агратэхніка прафэсіяналаў
Заснаваная 21 ліпеня 1929 (96 гадоў таму)
Краіна Расея
Разьмяшчэньне Паўднёвая фэдэральная акруга
Адрас Растоў-на-Доне, Першамайскі раён, вул. Мянжынскага, д. 2[1]
Ключавыя фігуры Канстанцін Бабкін, Валеры Мальцаў
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя апрысквальнік, камбайн, культыватар, касілка, сеялка, пагрузчык, трактар
Абарачэньне 58,745 млрд рас.руб (2020 год; 790,044 млн $)
Апэрацыйны прыбытак
Чысты прыбытак 11,107 млрд рас.руб[3] (2020 год; 149,374 млн $)[4]
Лік супрацоўнікаў 13 000 (2021 год)
Матчына кампанія «Новая Садружнасьць» (Масква)
Даччыныя кампаніі «Індустрыя Бухлера» (Канада)
Аўдытар «Аўдыт, улік, падаткі»

«Растсельмаш»[5] («РСМ») — камбайнавы завод Расеі, заснаваны ў Растове-на-Доне ў ліпені 1929 году ў якасьці «Растоўскага заводу сельскагаспадарчага машынабудаваньня».

На 2021 год меў 13 дачынных прадпрыемстваў і 13 000 супрацоўнікаў. Выпускаў звыш 150 мадэляў 24 відаў сельскагаспадарчай тэхнікі, якую пастаўлялі ў больш як 40 краінаў. Тэхніка прызначалася для апрацоўкі і ўгнаеньня глебы, пасеву і жніва, пакосу і падрыхтоўкі валкоў[6]. Па выніках 2020 году «Растсельмаш» быў найбольшым з 471 вытворцы камбайнаў у Расеі паводле абарачэньня[3].

На 2021 год «Растсельмаш» вырабляў:

  • збожжаўборачныя камбайны пад 5-ю таварнымі знакамі — «Акрос», «Вектар», «Нова», «РСМ» і «Торум»[7];
  • трактары сэрыяў 1000, 2000 і 3000 (цяжкія магутнасьцю да 583 конскіх сілаў)[8];
  • кормаўборачныя камбайны «РСМ Ф» і «Дон 680М»[9];
  • самаходныя касілкі «КСУ 1» і «КСУ 2»[10];
  • кормазагатоўчую тэхніку «Калібры» для валкаваньня, «Пэлікан» і «Тукан» для прэсаваньня, «Стрыж», «Сапсун», «Беркут», «Стэрх» і «Ківі» для касьбы[11];
  • бароны «Вікінг» і «ДВ», культыватары і сеялкі;
  • апрысквальнікі «РСМ» і збожжаапрацоўчую тэхніку[12];
  • дарожна-камунальную тэхніку «Чыж» і «Сьнягір», а таксама пагрузчыкі «Фенікс»[13].
Зборачны цэх (2014 год)

21 ліпеня 1929 году на пляцоўцы «Сельмашбуду» ў Растове-на-Доне (Расейская СФСР) запрацавалі першыя 5 цэхоў і выпусьцілі першыя вырабы — трактарныя плугі і сеялкі. 30 чэрвеня 1930 году сабралі і выправілі на выпрабаваньне 1-ы расейскі прычапны камбайн «Калгас». Улетку 1931 году выпусьцілі ўнівэрсальны камбайн «Сталінец-1»(ru) для ўборкі пшаніцы, кукурузы, проса і сланечніка. У студзені 1932 году адкрылі зборачны цэх камбайнаў, адкуль у траўні выпусьцілі першы эшэлён камбайнаў «Сталінец-1». У наступным іх сталі пастаўляць за мяжу. У 1937 годзе камбайн «Сталінец-1» паказалі на Сусьветнай прамысловай выставе ў Парыжы (Францыя), дзе яму прысудзілі Галоўную ўзнагароду і залаты мэдаль. У 1938 годзе ў Чкалаўскай вобласьці счэп 2-х камбайнаў «Сталінец-1» замяніў 1637 працаўнікоў, 373 кані, 25 жняярак, 25 малацілак, 25 веялак і 40 сартавалак або 3323 чалавекі ручной працы. 14 чэрвеня 1940 году на галоўным канвэеры сабралі 50-тысячны камбайн «Сталінец-1». Цягам 13—19 кастрычніка 1941 году абсталяваньне заводу пагрузілі на больш як 3500 вагонаў і накіравалі чыгункай у Ташкент (Узбэцкая ССР) разам зь кіраўнікам Максімам Цітарэнкам. Адно з 4-х падразьдзяленьняў разьмясьцілі ў Чырчыку (Ташкенцкая вобласьць). На 33-і дзень пасьля прыбыцьця абсталяваньня ў Ташкента пачалася вытворчасьць. На 35-ы дзень выплавілі першы чыгун. Праз 3 месяцы на плошчы 1,2 га запрацавалі цэхі. Наладзілі выпуск мінаў калібру 82 мілімэтраў, боегаловак да рэактыўных снарадаў для БМ-13 і фугасных авіябомбаў вагой 50, 100 і 250 кг. Пасьля Нямецкай-савецкай вайны ва Ўзбэцкай ССР засталіся завод «Ташкентстыльмаш» і «Чырыцкі мэталюргічны завод»[6].

Паштовая марка СССР 1956 году

23 лютага 1943 году, на 10-ы дзень вызваленьня Растова-на-Доне, ў горадзе запрацавалі першыя 33 станкі заводу. Наладзілі рамонт танкаў, трактароў і аўтамашынаў. Пасьля расчысткі 15 гектараў завалаў вытворчая пляцоўка склала 14,5 га. На ёй уклалі 21 млн цаглінаў, 37 000 кубамэтраў бэтону і 185 000 кубамэтраў дахоўкі, а таксама ўзьвялі 8000 тонаў мэталаканструкцыяў. 30 красавіка 1947 году цэх уборачных машынаў сабраў першыя камбайны «Сталінец-6»(ru), якія распрацавалі Аляксандар Красьнічэнка(ru), В.В. Прашунін і І.І. Папоў. За распрацоўку яны атрымалі Сталінскую прэмію. У лістападзе 1948 году завод аднавіў даваенную магутнасьць. За 1948 год выпусьцілі 7190 камбайнаў. У жніўні 1955 году з вытворчасьці зьнялі плугі і кукурузаўборачныя камбайны на карысьць выпуску збожжаўбоачным камбайнаў паводле Рашэньня ліпеньскага Пленуму Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. У сьнежні 1956 году пачалі выпуск камбайна «Растсельмаш 6»(ru) («РСМ 8») зь більным барабанам. Яго сэрыйная вытворчасьць за 1-ы год склала 50 000 асобнікаў. 15 сакавіка 1958 году выпуск камбайна «РСМ 8» спынілі ў сувязі з заданьнем перайсьці з вытворчасьці прычапных камбайнаў на вытворчасьць самаходных за 5 месяцаў. 24 студзеня 1961 году выпусьцілі 100-тысячны самаходным камбайн «СК-3»(ru). У лютым 1962 году пачалі вырабляць камбайн «СК-4»(ru), які меў на 25 % большую прадукцыйнасьць. У 1963 годзе гэты камбайн атрымаў дыплём 1-й ступені на міжнароднай выставе ў Ляйпцыгу (НДР). У жніўні 1969 году завод выпусьціў мільённы камбайн[6].

У 1973 годзе перайшлі на выпуск камбайна СК-5 «Ніва»(ru), на аснове якога стварылі крутасхільныя і рысаўборачныя мадэлі. Таксама стварылі таматаўборачныя камбайны і льномалацілкі. У 1984-м выпусьцілі 2-мільённы камбайн. У 1985 годзе распрацавалі кормаўборачны камбайн «Дон 680». У сьнежні 1992 году дзяржаўнае прадпрыемства «Растсельмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства ва ўласнасьці супрацоўнікаў. У 1999 годзе стварылі энэргасродак «Дон 808». У 2000 годзе «Новая Садружнасьць» выкупіла завод. Яе пайшчыкамі былі старшыня Канстанцін Бабкін, кіраўнік Зьміцер Удрас(ru) і Юры Разанцаў(ru). У 2003-м адчынілі прадстаўніцтва ў Казахстане, дзе таксама разгарнулі зборку. У чэрвені 2004 году з канвэера сышоў 1-ы збожжаўборачны камбайн «Вектар» з бункерам і рухавіком ззаду ад цэнтральнай кабіны. У 2005 годзе ротарная малацілка «Торум» зь вярчэльнай дзякой атрымала узнагароду на Міжнароднай выставе земляробчых машынаў у Парыжы (Францыя). Увесну 2007 году пачалі сэрыйную вытворчасьць камбайнаў сямейства «Акрос» з разумным пускам і аховай ад закліньваньня. Увосень 2007 году набылі канадзкі завод сельгастэхнікі «Індустрыя Бухлера» (Вініпэг, правінцыя Манітоба), ад імя якога сталі выпускаць трактары «Вэрсатайл». У 2008 годзе запусьцілі вытворчасьць прычапных і навясных корманарыхтоўвачных камбайнаў «РСМ 1401». У 2009-м у Канадзе набылі вытворчасьць апырсквальнікаў, а ў ЗША — вытворчасьць абсталяваньня для збожжаперапрацоўкі. Увосень 2010 году ў Казахстане запусьцілі сумесную вытворчасьць трактароў «Вектар»[6].

Трактары «РСМ» на «Аграсалёне-2018» у Маскве

У 2011 годзе набылі канадзкі завод сеялак і глебаапрацоўчай тэхнікі. У 2014-м выпусьцілі збожжаўборачны камбайн «РСМ 161». У 2016 годзе прадставілі кормаўборачныя машыны «РСМ Ф 2650», прычапныя апырсквальнікі «ТС Сатэліт» і барану «ДВ». У 2017-м сталі выпускаць захваты шырынёй 12 мэтраў. Улетку 2017 году прадставілі электронную прыладу нагляду «Агратронік». Увосень 2017-га ў новым корпусе запусьцілі вытворчасьць трактароў «РСМ 2375». У траўні 2018 году з канвэера сышоў першы сэрыйны збожжаўборачны камбайн «Нова». У сьнежні 2018-га падпісалі пагадненьне зь японскім заводам трансьмісіяў «Окубо» аб праве на вытворчасьць скрынак перадачаў для трактароў, якая пачалася ў жніўні 2020 году. У лютым 2019 году сабралі 1-ы цяжкі трактар магутнасьцю звыш 435 конскіх сілаў. У красавіку 2019 году сабралі кормаўборачны камбайн прадукцыйнасьцю звыш 200 тонаў за гадзіну, што перавысіла паказьнік папярэдняй мадэлі ў 1,5 разы. У лістападзе 2019 году прылада начнога бачаньня «РСМ» атрымала срэбраны мэдаль Гановэрскай выставы агратэхнікі (Нямеччына). У чэрвені 2020 году прадставілі бесьпілётную навігацыю для камбайнаў «Торум»[6].

Аляксандар Яжэўскі (2014 год)
  1. Кантакты (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  2. Бухгалтерская отчётность
  3. 1 2 Фінансавы стан ТАА «Камбайнавы завод «Растсельмаш» (рас.) // Фінансава-аналітычны партал «Тэст фірмы», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  4. Афіцыйныя курсы валютаў на зададзеную дату, усталёўваныя штодзённа (74,3566 рас.рублёў за даляр ЗША на 31 сьнежня 2020 году) (рас.) // Цэнтральны банк Расейскай Фэдэрацыі, 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  5. А.Лукашэнка пацьвярджае намер Беларусі набыць «Растсельмаш» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 кастрычніка 2012 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  6. 1 2 3 4 5 Пра кампанію (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  7. Збожжаўборачныя камбайны (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  8. Трактары (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  9. Кормаўборачныя камбайны (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  10. Самаходныя касілкі (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  11. Кормазагатовачная тэхніка (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  12. Тэхніка (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  13. Пагрузчыкі (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.
  14. Дырэктарскі корпус (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Дылеры (рас.) // «Растсельмаш», 2021 г. Праверана 14 траўня 2021 г.