Перайсьці да зьместу

П’ер Рышар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
П’ер Рышар
Дата нараджэньня 16 жніўня 1934(1934-08-16)[1][2][3][…] (89 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак тэлеактор, кінаактор, комік, кінарэжысэр, сцэнарыст, мэмуарыст
Навуковая сфэра вінаградарства і выканаўчае мастацтва[d]
Псэўданімы Pierre Richard
Узнагароды
Нацыянальны ордэн Заслугаў афіцэр Ордэну Ганаровага Легіёну
IMDb ID nm0007069
Сайт pierre-richard.fr (фр.)

П’ер Рыша́р (сапраўднае імя П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд Дэфэ, па-француску: Pierre Richard Maurice Charles Léopold Defays; 16 жніўня 1934 году, Валянсьен, дэпартамэнт Нор) — францускі кінаактор-комік і рэжысэр, найбольш вядомы дзякуючы ролям нязграбнага летуценьніка ў камэдыйных фільмах.

Замак Ружвіль, які быў ва ўласнасьці сям’і Дэфэ. Тут ганаваўся малы Рышар.

Нарадзіўся 16 жніўня 1934 году ў сям’і тэкстыльнага прамыслоўца. Сваё імя актор атрымаў у гонар сцэнічнага псэўданіма іншага актора П’ера Рышара-Вільма, які быў улюбёнцам ягонай маці[5].

Ягоны бацька сышоў зь сям’і яшчэ да нараджэньня П’ера, таму ён гадаваўся маці і двума дзядулямі. Але выхоўваўся пераважна ў сям’і свайго дзеда, нашчадка старадаўняга арыстакратычнага роду, які жыў на поўначы Францыі. Калі хлопчыку было 7 гадоў, ён упершыню выпадкова сустрэў свайго бацьку ў Парыжы, на іпадроме Ланшам, а пазьней, таксама выпадкова, пабачыў яго ў сямейным замку. Аднак, бацька не цікавіўся хлопцам[6]. Каб суцешіць сябе і кампэнсаваць адсутнасьць бацькі, П’ер прыдумаў свой вобраз бацькі, які атаясамляў з сваім дзедам па матчынай лініі Аржыміра Паолясыні. Ён быў італьянскім імігрантам зь невялікай вёскі недалёка Анконы. Аржыміра пасяліўся ў Валянсьене прыкладна ў веку 20 гадоў. Менавіта ён падтрымліваў малога П’ера ў ягоным захапленьнем акторствам.

Першыя крокі ў акторстве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па дасягненьні паўналецьця П’ер Рышар зьехаў у Парыж паступаць на драматычныя курсы, супраць чаго выступаў ягоны дзед. Гэта паслужыла падставай для разрыву будучага актора зь сям’ёй. У Парыжы актор браў урокі драмы ў школе Шарля Дзюлена. Рышар не імкнуўся да фінансавай падтрымкі сям’і, але ягоная настойлівая бабуля, таемна прыдбала яму кватэру ў 16-й акрузе і нават дасылала харчы[5]. У 1958 годзе актор зьявіўся ў камэдыйным сэрыяле «Цудоўная каманда»[5]. У тытрах яго падпісалі як П’ер Рышар Дэфэй[5], але пасьля ўпікаў з боку сям’і ён узяў сабе сцэнічную мянушку П’ер Рышар[5]. Ягоны дэбют быў далёка не бліскучымі, бо актор жадаў граць у драмах, што было не ў ягоным характары.

Каб задаволіць сямейнікаў і супакоіць бабулю, яму давялося засвоіць іншую прафэсію, дзеля чаго вывучаў кінэзіятэрапію, але не адмовіўся ад выканаўчага мастацтва[5][7]. Рышар мусіў ужо забясьпечваць патрэбы сваёй новай маленькай сям’і, бо актор пабраўся шлюбам, у якім у 1960 годзе нарадзілася першае дзіця. У 1961 годзе поруч зь фізыятэрапэўтычнымі заняткамі, ён пачаў граць у тэатры з Антуанам Бурсэе, выступаючы ў парыскіх кабарэ. Там ён выконваў свае першыя скетчы, напісаныя разам зь Вікторам Ляну[8]. Цягам пяці гадоў два сябры стваралі скетчы і прэзэнтавалі іх у кабарэ пераважна на левым беразе гораду. Аднак, за гэты час стасункі між сябрамі сапсаваліся да такой ступені, што яны больш не размаўлялі адзін з адным па-за сцэнай[5]. Дуэт спыніў сваё існаваньне, калі Ляну ўладкаваўся ў Нацыянальны народны тэатар, і ягоны графік стаў несумяшчальным з выступамі ў кабарэ[5]. Нявызначанасьць некаторы час турбавала П’ера Рышара, пагатоў у ягонай сям’і нарадзілася другое дзіця[5]. Цягам дзесяцігодзьдзя ён часам зьяўляўся ў эстрадных шоў, прадусаваных Жанам-Крыстофам Авэрці, П’ерам Каральнікам і Жакам Разье[8].

Пачатак здымак у кіно і трыюмф

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
П’ер Рышар (справа) у 1975 годзе.

У 1966 годзе пасьля сумеснай працы над п’есай «У адкрытым моры» рэжысэр Іў Рабэр, ацаніўшы выкананьне Рышарам сваёй ролі, напісаў для яго невялікую ролю ў фільме «Дужа шчасьлівы Аляксандар» (1968)[9]. Гэта была ягоная першая сур’ёзная, але другарадная роля ў кіно, бо да гэтага актор зьяўляўся там толькі эпізадычна. Рышар скарыстаўся такой магчымасьцю, і дадаў у свайго героя камэдыйныя элемэнты, якія пільна адпрацаваў у сваіх бурлескных нумарах. Рабэр быў уражаны такой імправізацыяй і прапанаваў дапамогу ў стварэньні свайго кіно. Актор знайшоў у творы «Характары і звычаі нашага веку» Жана дэ Лябруера свайго пэрсанажа, які адпавядае яму, то бок зь дзяцінства хваравіта няўважлівага і нязграбнага[9][10]. Рабэр узяўся за прадусаваньне фільму ды падштурхнуў актора напісаць сцэнар, які быў зроблены ў супрацы з Андрэ Руэлянам. Гэтак быў створаны кінатвор «Няўважлівы» (1970)[9]. Кінастужка назьбірала паўтара мільёнаў праглядаў[5], а Рышар стаў узыходзячай зоркай як выканаўца галоўнай ролі. Актор пацьвердзіў гэты поспех дзьвюма наступнымі фільмамі, як то «Няшчасьці Альфрэда» (1972) і «Я анічога ня ведаю, але ўсё распавяду» (1973).

З ініцыятывы Франсіса Вэбэра Іў Рабэр даў Рышару галоўную ролю ў сваёй шпіёнскай камэдыі «Высокі бляндын у чорным чаравіку» (1972). Улічваючы, што рэжысэраваў кінастужку непасрэдна сам Рабэр, многія асаблівасьцю характару героя Франсуа Пэрэна былі выкрэсьленыя падчас мантажу. Рышар быў расчараваны такімі дзеямі, але разумеў, што гэта быў фільм Рабэра, а не яго самога[11]. Незадоўга да выхаду ў пракат катастрафічныя прэс-сэсіі прымусілі актора засумнявацца ў якасьці фільму да такой ступені, што ён пачаў лічыць, што ягоная слава ўжо скончылася[5]. Аднак, «Высокі бляндын у чорным чаравіку» займеў камэрцыйны посьпех, бо яго паглядзелі 3,5 мільёны чалавек[11][12]. Фільм здабыў адмысловага Срэбранага мядзьведзя на кінафэстывале ў Бэрліне, а актор набыў міжнародную вядомасьць[12]. Гэты фільм заклаў падмурак пад тыповага пэрсанажу П’ера Рышара, які пазьней быў бліскуча выкарыстаны іншымі рэжысэрамі. З таго часу іншыя рэжысэры цікавіліся акторам, калі меліся стварыць камэдыю з адпаведным характарам галоўнага героя. Працяг фільму пра бляндына, вядомы як «Вяртаньне высокага бляндына», пацьвердзіў посьпех актору. Рышар пасьля пасьпеў зьняцца ў яшчэ некалькіх фільмах, дзе спрабаваў сябе ў крыху іншых амплюа, як то «Воблак у зубах» (1974), але такія кінастужкі былі амаль не заўважанымі.

Пасьля ўхвалы з сваімі фільмамі з камэдыйным гуртом «Шарлё» рэжысэры Клёд Зыдзі і Крыстыян Фэшнэр, апошні зь якіх быў прадусарам фільму «Я анічога ня ведаю, але ўсё распавяду», прыцягнулі Рышара да здымак кінустужкі «Гарчыца падступае да носу» (1974). Актор выявіў у Зыдзі добры густ да эксцэнтрычных сытуацыяў, характэрных для бурлеску[13]. У выніку атрымаўся камэдыйны блокбастэр, які першапачаткова прызначаўся для Жана-Поля Бэльмандо і Брыжыт Бардо, але выйшаў з парай Рышар і Джэйн Біркін. Гэты ж дуэт, але зь іншай гісторыяй, зьявіўся ў творы «Гонка за цыбуляй-шалёт» (1975)[8][14]. Фэшнэр і Зыдзі плянавалі стварыць праект Рышара зь Люі дэ Фюнэсам, як даніну зьмены пакаленьняў паміж комікамі[15], але працы пачалі адставаць ад графіку, пасьля чаго дэ Фюнэс займеў праблемы са здароўем, а Рышар канчаткова адмовіўся ад ролі, расчараваны канчатковай вэрсіяй сцэнару[15].

Супраца з Вэбэрам і Дэпард’ё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
П’ер Рышар у 2010 годзе.

Фрэнсіс Вэбэр напісаў для Рышара сцэнар да фільму «Цацка» (1976). Твор быў камэдыяй з жахлівым сюжэтам, дзе прыніжаны служачы, быў вымушаны стаць уласнасьцю сына свайго боса[16]. Рышар папрасіў Вэбэра, каб ён і паставіў фільм, бо той часта крытыкаваў рэжысэраў, якія рабілі фільмы паводле ягоных сцэнароў[9]. «Цацка» сталася першым фільмам, які прадусараваўся ўласна Рышаравай прадусарскай кампаніяй Fideline Films, заснаванай у 1974 годзе. Рэжысэр абмяжоўваў імправізацыю, а ад коміка П’ер Рышар, такім чынам, больш наблізіўся да драматычнага актора, удасканаліўшы сваё выкананьне[17]. Кінастужка трапіла ў кінатэатры на Каляды 1976 году, але расчаравала як крытыкаў, гэтак і публіку, а таксама не апраўдала чаканьняў прадусараў, не зважаючы на годны вынік у паўтара мільёны гледачоў[5][16][17]. Актору было цяжка даць сабе рады, асабаліва праз тое, што фільм паўтараў ягонае ўласнае дзяцінства. Рышар баяўся, што ня зможа адысьці ад сваёй звычайнай камэдыйнай ролі ў вачах публікі[16][17].

Пасьля часу здымак у іншых рэжысэраў, актор пастанавіў вярнуцца да рэжысуры. Паводле сцэнару, падрыхтаванага ў суаўтарстве з Жан-Жакам Ано і Аленам Гадарам, ён зьняў фільм «Я сарамлівы, але паклапачуся пра сябе» (1978), у якім галоўную ролю поруч з самім Рышарам выканаў італьянскі комік Альда Мачонэ. Рэжысэр Жэрар Уры прыцягнуў П’ера Рышара для стварэньня фільму «Ўцёкі» (1978). У гэтай камэдыі дзея адбываецца на тле пратэстаў траўня 1968 году. У фільме спачатку плянаваўся Патрык Дэвэр, але ён расчараваўся ў сцэнары і пакінуў праект[18][19]. У выніку ролю зламысьніка Ўры аддаў Віктору Ляну, ня ведаючы, што ў 1960-х гадах Рышар і Ляну мелі ўласны дуэт[19]. У выніку фільм займеў вялікі посьпех, але і меншы, чым той, які мела папярэдняя кінастужка Ўры зь Люі дэ Фюнэсам у галоўнай ролі. Затым П’ер Рышар зрэжысэраваў уласны фільм «Гэта ня я, гэта ён» (1980), дзе зноў сыграў з Альда Мачонэ. Не зважаючы на ўхвалу, актор яшчэ доўга не займаўся стварэньнем іншых фільмаў, бо рэжысура яго больш не забаўляла. У 1980 годзе Рышар чарговы раз здымаецца ў фільме Ўры, вядомым як «Укол парасонам»[20].

Франсіс Вэбэр пасьля правалу «Цацкі» чакаў чатыры гады, каб вярнуцца да рэжысуры. Да свайго фільму «Няўдахі» (1981) ён запрасіў Рышара, які мусіў сыграць ролю няўдачлівага наіўнага мужчыны. Гэтая роля спачатку плянавалася для Жака Вільрэ[21]. Першапачатковы партнэр Ліно Вэнтура адмовіўся ад удзелу ў фільму, і П’ер Рышар прапанаваў на ролю Жэрара Дэпард’ё, які да гэтага быў засяроджаны на аўтарскім кіно і быў прызнаны крытыкамі, але ў камэдыях зьяўляўся зрэдку[21]. Твор стаўся сапраўдным трыюмфам па сваім выхадзе. Кінастужка назьбірала ў кінатэатрах сем мільёнаў гледачоў[21]. З прыбытку як супрадусара твору Рышар прафінансаваў шэраг аўтарскіх фільмаў, у якіх ён сам не здымаўся[18]. Затым актор зьняўся ў фільме «Як Піліп з канапель» (1983) рэжысэра Бэрнара Гілю. Рышар спрадусараваў кінастужку на уласныя грошы, але яе чакала няўдача. Вяртаньне да Вэбэра і Дэпард’ё, зь якімі ён стварыў фільм «Татулі» (1983), пераўтварылася ў посьпех. Стужку паглядзелі амаль пяць мільёнаў гледачоў[22]. У наступным годзе актор папрацаваў зь Івам Рабэрам над фільмам «Блізьнюк» (1984), дзе актор быў адзіным галоўным героем. Аднак, камэрцыйны посьпех быў сьціплы.

  1. ^ Pierre Richard // filmportal.de — 2005.
  2. ^ Pierre Richard // GeneaStar
  3. ^ Pierre Richard // Babelio (фр.) — 2007.
  4. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118990551 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л «Pierre Richard, l’incompris». France 2.
  6. ^ Richard, Pierre; Imbert, Jérémie (2015). «Je sais rien mais je dirai tout». Flammarion. — С. 59.
  7. ^ Lafitte, Jacques; Taylor, Stephen (2003). «Who’s Who in France». J. Lafitte. — С. 1618.
  8. ^ а б в «Biographie de Pierre Richard». Pierre-Richard.fr.
  9. ^ а б в г «Pierre Richard: „Francis Veber est tout sauf un homme de gauche“». Le Nouvel Observateur.
  10. ^ «Le Distrait». Le Monde.
  11. ^ а б «Le Grand Blond avec une chaussure noire (1972)». DevilDead.com
  12. ^ а б «Le Grand Blond avec une chaussure noire». Box Office Story.
  13. ^ Chapeau 2019. С. 262—271.
  14. ^ Chapeau 2019. С. 276—282.
  15. ^ а б Chapeau 2019. С. 282—292.
  16. ^ а б в «Le jouet: la critique (1976)». Cinedweller.com.
  17. ^ а б в ««Le Jouet sur France 3: pourquoi ce film a-t-il été vécu comme un échec par Pierre Richard?». Allociné.
  18. ^ а б «Pierre Richard: „On ne peut pas juger Depardieu comme un type normal“». Le Nouvel Observateur.
  19. ^ а б «La Carapate (1978)». DevilDead.com
  20. ^ «Test Blu-ray: Le Coup du parapluie». Critique-Film.fr.
  21. ^ а б в «La Chèvre: les coulisses d’une comédie modèle». CineComedies.
  22. ^ «Les Compères sur France 4: pourquoi la collaboration Pierre Richard/Gérard Depardieu s’est-elle achevée au bout de 3 films?». Allociné.
  • Chapeau, Vincent Claude Zidi, en toute discrétion. — Hors collection, 2019. — 384 с. — ISBN 2258152526

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]