Пётар з Гонядзі
Пётар з Гонядзі | |
Piotr z Goniądza | |
Імя пры нараджэньні | Пётар Гезэк |
---|---|
Род дзейнасьці | пратэстанцкі мысьляр |
Дата нараджэньня | 1525—1530 |
Месца нараджэньня | Гонядзь |
Дата сьмерці | 15 кастрычніка 1573 |
Месца сьмерці | Венграў |
Месца вучобы | |
Занятак | тэоляг, пісьменьнік, каталіцкі сьвятар |
Пётар з Гонядзі (псэўданімы Гезэк, Гішка, Ганэзыюс, Ганэдзыюс, Ганэцыюс, Гонядзь, Пэтрус Ганэзыюс, Пэтрус дэ Гоняч, Пётар Гезка з Гонядзі, Пётар з Ганязі; 1525—30, Гонядзь, цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы — 15 кастрычніка або 13 верасьня[1] 1573, Венграў) — пратэстанцкі пастар, пісьменьнік і тэоляг. Ідэоляг Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, заснавальнік суполкі польскіх братоў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і[2][3]. Скончыў каталіцкую сэмінарыю і атрымаў капланскае пасьвечаньне. Па сканчэньні Кракаўскай акадэміі (1551) як адораны вучань быў накіраваны дзеля ўдасканаленьня ведаў у Падуанскі ўнівэрсытэт. У 1554 стаў прафэсарам сафістыкі і, верагодна, выкладаў у Падуі сафістыку Арыстотэля.
Неўзабаве пад уплывам лістоў Мігеля Сэрвэта і поглядаў прафэсара Матэа Грыбальдзі прыняў антытрынітарыянскую веру. Быў адным з заснавальнікаў анабаптысцкага руху ў Рэчы Паспалітай. Улетку 1555 року, вяртаючыся на радзіму, навязаў кантакты з мараўскімі братамі і запрасіў іх у Польшчу.
Пасьля таго, як у 1556 року ў Кракаве Пётар выдаў уласны трактат «De filio Dei homine Christo Iesu» (бел. «Пра сына Божага, чалавека Хрыста»), ён на наступаваным Піньчаўскім сынодзе быў адлучаны ад царквы і прыгавораны да выгнаньня з Малапольскага ваяводзтва. Тым ня меней ён карыстаўся падтрымкай дробнай шляхты ў Літве і на Падляшшы. У 1558 року пры падтрымцы літоўскага магната Яна Кішкі замешкаў у Венграве, дзе быў міністрам (сьвятаром) мясцовай пратэстанцкай грамады да свайго скону. У тым самым року на сынодзе ў Берасьці ўпершыню выступіў супраць хросту немаўлятаў.
Памёр у 1573 року падчас эпідэміі. Ягоныя пасьлядоўнікі: Павал зь Візны, Якуб з Калінаўкі, Марцін Чаховіц[4].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьлядоўнік рэлігійна-філязофскага вучэньня гішпанскага навукоўца Мігеля Сэрвэта і сацыяльна-палітычных ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сынодах, палемізаваў з С. Будным.
10 чэрвеня 1565 року Пётар і ягоныя прыхільнікі зладзілі ўласны, асобны ад іншых кальвіністаў, сынод у Бжэзінах. Гэтая падзея лічыцца пачаткам існаваньня новай царквы з афіцыйнай назвай Ecclesia Minor (бел. Малая рэфармацкая царква), але болей вядомай як суполка польскіх братоў, сябраў якой звычайна называлі арыянамі ці сацыніянамі.
Адмаўляў царкоўна-тэалягічную і філязофскую схалястычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасьці, сацыяльнай няроўнасьці, войнаў, фэўдальнага права, сьвецкай улады, пакараньня сьмерцю[5].
Выдаў на лацінскай мове творы «Супраць боскасьці Ісуса Хрыста» (1557), «Пра першахрысьціянскую царкву» (1563?; не зьберагліся), на польскай мове «Пра Трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысьціянскае хрышчэньне» (усе каля 1570).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Bibliografia Literatury Polskiej — Nowy Korbut. — Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1964. — Т. 2. Piśmiennictwo Staropolskie. — С. 204.
- ^ Jan Skoczyński, Jan Woleński. Historia filozofii polskiej. — Warszawa: Wydawnictwo WAM, 2010. — С. 109.
- ^ Циприан Сайна. Историческая хронология христианского унитарианства в Речи Посполитой. Часть 1. XVII век // Pistis. — 2011. — № 3.
- ^ Пётр з Ганязі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 430
- ^ Дорошевич Э. К., Абушенко В. Л. Петр из Гонендза // Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред. А. А. Грицанов, Г. В. Синило. — Мн.: Книжный Дом, 2007. — 960 с. — (Мир энциклопедий).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Падокшын С., Сокал С. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.
- Падокшын С. Пётр з Ганёндза // БЭ ў 18 т. Т. 12. Мн., 2001.
- Jasnowski J. Piotr z Goniądza. Zycie, działalność i pisma. Studium z dziejów ruchu religijnego w Polsce // Przegląd Historyczny. — 1935. — ISSN 0033-2186. (пол.)
- Myśl ariańska w Polsce XVII wieku; antologia tekstów / red. Ogonowski Z. — Wrocław-Lwów: Ossolineum, 1991. — P. 649. — ISBN 830403588X. (пол.)
- Kot S. Socinianism in Poland. The Social and Political Ideas of the Polish Antitrinitarians. — Boston, 1957. (анг.)
- Socinianism and its role in the culture of XVI-th to XVIII-th centuries / ed. Szczucki L., Ogonowski Z., Tazbir J. — Warsaw-Łódź: PWN, 1983. — P. 239. — ISBN 8301030518. (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жыцьцяпіс (пол.) на бачыне польскіх братоў