Перайсьці да зьместу

Пэруджа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэруджа
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна
Геаграфія
Плошча
Вышыня НУМ 493 ± 1 м
Каардынаты 43°06′44″ пн. ш. 12°23′20″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова італьянская мова
Этнахаронімы perugini
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 075
Паштовы індэкс 06121–06135
Нумарны знак PG
Сайт comune.perugia.it (італ.)
Пэруджа на мапе Італіі
Пэруджа
Пэруджа
Пэруджа

Пэру́джа (па-італьянску: Perugia) — горад у італьянскім рэгіёне Умбрыі, цэнтрам якога горад і зьяўляецца. Пэруджа таксама зважаецца адміністрацыйным цэнтрам аднайменнай правінцыі. Стаіць на рацэ Тыбр. Горад разьмешчаны прыкладна за 164 км на поўнач ад Рыму і за 148 км на паўднёвы ўсход ад Флярэнцыі.

Пэруджа ўпершыню датуецца ў пісьмовых крыніцах як Пэрузія. Гэта быў адзін з 12 канфэдэратыўных гарадоў Этрурыі. Упершыню згадваецца ў апавяданьні Квінта Фабіюса Піктара, якое скарыстаў Тытус Лівіюс, аб экспэдыцыі, зьдзейсьненай супраць Этрускай лігі Квінтам Фабіюсам Максімам Руліянам[3] у 310 ці 309 годзе да н. э. У 216 і 205 гадах да н. э. горад дапамагаў Рыму ў Другой Пунічнай вайне, але пасьля гэтага ён ня згадваецца ажно да 41 ці 40 году да н. э., пакуль Люцыюс Антоніюс не знайшоў тут прытулак і ня быў разьбіты Актавіянам пасьля доўгай аблогі, а ягоныя сэнатары былі пакараныя сьмерцю.

Пэруджа ў 1454 годзе.

Места амаль ня згадваецца ў наступныя стагодзьдзі, за выключэньнем географаў. Горад быў адзіным ва Умбрыі, які супрацьстаяў Татылу, які захапіў яго і спустошыў у 547 годзе пасьля доўгай аблогі. Перамовы з абложнымі сіламі леглі на біскупа гораду Гэркуляна як прадстаўніка мяшчанаў[4]. Паводле паданьня Татыла загадаў здраць зь біскупа скуру і адсекчы галаву. Пазьней кананізаваны сьвяты Гэркулян стаў заступнікам гораду.

У лянгабардзкі час Пэруджа лічылася адным з галоўных гарадоў Тусцыі[5]. У IX стагодзьдзі на згоду Карла Вялікага і Людовіка Пабожнага места адыйшло пад уладу рымскага папы. Аднак, ужо ў XI стагодзьдзі набыла сілу мясцовая камуна, якая кіравала горадам цягам многіх стагодзьдзяў, змагаючыся з шмаьлікімі суседнімі землямі і гарадамі, як то Фаліньнё, Асызі, Спалета, Тодзі, Сіена, Арэцца ды іншымі. У 1186 годзе Генрых VI надаў месту дыпляматычнае прызнаньне, а пазьней папа Інакенцыюс III, галоўнай мэтай якога было надаць дзяржаўную годнасьць дамініёнам, якія складалі вотчыну сьвятога Пятра, прызнаў слушнасьць імпэратарскага наказу і надаў усталяваным грамадзянскім звычаям сілу закона. У агульнаітальянскай палітыцы горад, фармальна незалежны, звычайна трымаўся баку папства. У XIII стагодзьдзі папы шматкроць знаходзілі выратаваньне ў сьценах Пэруджы. Тут ладзілася пяць канкляваў, у тым ліку тут абіраліся папамі Ганорыюс III, Клімэнт IV, Цэлестын V і Клімэнт V. У 1347 годзе падчас няўдалай спробы Кола дзі Рыенцы адрадзіць Рымскую рэспубліку, Пэруджа накіравала да яго 10 паслоў, каб аказаць яму гонар. У той жа час папскія легаты спрабавалі спагнаць зь места кантрыбуцыі, у выніку чаго сустрэлі рашучы супраціў, што спрычыніла адкрытую вайну з папам Урбанам V у 1369 годзе. Ужо праз год шляхта дасягнула пагадненьня з папам, склаўшы зь ім Балёнскі дагавор. Пэруджа была вымушаная прыняць папскага легата, які быў выгнаны ў выніку народнага паўстаньня ў 1375 годзе.

Брачча Бальёні кіраваў горадам з 1438 па 1479 гады.

У эпоху Адраджэньня горад праславіўся мастакамі ўмбрыйскай школы, як то П’етрам Пэруджына і Рафаэлем Санці. У пачатку XV стагодзьдзя барацьбу за Пэруджу вялі мілянскія Вісконці і нэапалітанскія кіраўнікі. З 1416 па 1424 гады горадам валодаў кандат’ер Брачча да Мантонэ. У наступным у месьце панавала сям’я Бальёні, якая з часам пачала варагаваць з родам Одзі. У 1520 годзе Джанпаолё Бальёні быў запрошаны ў Рым, дзе быў абезгалоўлены на загад папы Лява X. У 1540 годзе Радольфа Бальёні, які забіў папскага легата, быў разьбіты П’ерлюіджы Фарнэзэ. У выніку папства дамаглося ўключэньня гораду ў склад сваёй Папскай дзяржавы. У 1797 годзе горад быў заваяваны францускімі войскамі. 4 лютага 1798 году была ўтвораная Тыбэрынская рэспубліка з сталіцай Пэруджы і францускім трыкалёрам у якасьці сьцяга. У 1799 годзе гэтая рэспубліка аб’ядналася з Рымскай рэспублікай. У 1832, 1838 і 1854 гадах Пэруджа пацярпела ад землятрусаў. Пасьля ліквідаваньня Рымскай рэспублікі ў 1848—1849 гадах, у траўні 1849 году Пэруджа была захопленая аўстрыйцамі. У чэрвені 1859 году жыхары паўсталі супраць сьвецкай улады папы і стварылі часовы ўрад, але паўстаньне было крывава задушанае войскамі Піюса IX[6].

За часам Другой сусьветнай вайны горад асабліва не пацярпеў, але быў вызвалены брытанскай 8-й арміяй 20 чэрвеня 1944 году[7].

  1. Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011ISTAT.
  2. https://demo.istat.it/?l=it
  3. How, Walter W.; Leigh, Henry Devenish (1898). «A History of Rome to the Death of Caesar» London: Longmans, Green. — С. 112.
  4. Amory, Patrick. «People and Identity in Ostrogothic Italy». — С. 185—186.
  5. Procopius of Caesarea. «Gothic Wars I», 16; «Gothic Wars III», 35.
  6. «The outrage of the American witnesses in Perugia». Chicago Tribune.
  7. «Advance to the Gothic Line». World War II Database.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]