Паўль Флемінг
Паўль Флемінг | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 5 кастрычніка 1609[1][2][3][4][5][6][7][8][9][10][11] Гартэнштайн[d], Цьвікаў, Саксонія[1][3][11] |
Памёр | 2 красавіка 1640[1][2][3][4][5][6][7][8][9][11] (30 гадоў) Гамбург, Сьвятая Рымская імпэрыя[1][12][11] |
Пахаваны | Гамбург[3] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | лекар-пісьменьнік, паэт, пісьменьнік, дыплямат і лекар |
Мова | нямецкая[2] і лацінская мова |
Па́ўль Фле́мінг (па-нямецку: Paul Fleming; 5 кастрычніка 1609, Хартэнштайн — 2 красавіка 1640, Гамбург) — нямецкі паэт XVII ст. Адзін з найвыбітнейшых лірыкаў нямецкага барока.
Біяґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся ў Хартэнштайне ў Саксоніі, сын лютэранскага пастара. Да 14 гадоў атрымлівае хатнюю адукацыю, пасьля, залічаецца ў прэстыжную гімназію ў Томасшуле (ням. Thomasschule). У 1628 годзе паступае ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт, дзе вывучае мэдыцыну й пачынае пісаць свае першыя рыфмаванкі на латыні. Менавіта ў Ляйпцыгу Флемінг сустракае Марціна Опіца й становіцца яго адданым вучнем.
Некалькі гадоў працаваў у расейскай амбасадзе. Некаторы час жыў у Рэвелі (суч. Талін, Эстонія). У кастрычніку 1635 году далучыўся да амбасады ў Пэрсіі. Па вяртаньні ў Эўропу, у 1640 годзе атрымлівае ступень доктара мэдыцыны.
Флемінг плянаваў зноў адправіцца ў Рэвель, каб ажаніцца на купецкай дачцэ Ганьне Ніхузэн (зь якой заручыўся пад час сваёй першай вандроўкі), але па дароге памёр у Гамбургу ад ятрасьці лёгкіх.
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратурную спадчыну Флемінга складае найцудоўнейшая лірыка таго часу. Яго любоўныя вершы ўражваюць глыбінёй пачуцьцяў, прагай да жыцьця й адначасова барочным успрыманьнем яго хісткасьці. Яго рэлігіёзныя гімны прасякнуты ўласьцівымі для таго часу ідэямі філязофіі стаіцызму. Некаторыя з гімнаў Флемінга ўключаны ў сучасныя зборы рэлігійных сьпеваў. Яго паэзія прасякнута міталягічнымі алюзіямі, сэнтэнцыямі й складанымі барочнымі мэтафарамі.
Ідэі стаіцызму яскрава праяўленыя ў ягоным творы «Развагі пра час», дзе паэт даводзіць, што час — гэта нішто іншае, як мы самі, а таму й ўсю адказнасьць нясем толькі мы. Паэт заклікае да стаічнай мудрасьці, да вернасьці свайму «я».[13] Назва яго верша «Да самога сябе» адразу вызначае тэматыку твора, адсылаючы да вядомага трактату Марка Аўрэлія «Трактат да самога сябе», дзе той зьмяшчае «шчасьце і няшчасьце» ў самым чалавеку, якое робіцца вытворным ад яго сьвядомасьці.
Зь беларускіх выданьняў верш Паўля Флемінга «Я не зьмяню што ёсьць» быў надрукаваны ў літаратурным часопісе «Калосьсе» ў перакладзе Васіля Сёмухі.[14] Верш «Як ён хоча цалавацца» ў перакладзе Уладзімера Папковіча ўвайшоў у анталёгію сусьветнае паэзіі «Галасы з-за небакраю».[15]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в г Флеминг П. // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 7.
- ^ а б в Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ а б в г Kolde T. v. Fleming, Paul // Allgemeine Deutsche Biographie — L: 1878. — Т. 7. — S. 115–117.
- ^ а б Encyclopædia Britannica
- ^ а б SNAC — 2010.
- ^ а б International Music Score Library Project — 2006.
- ^ а б Discogs — 2000.
- ^ а б Энцыкляпэдыя Бракгаўза
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Proleksis enciklopedija — 2009.
- ^ а б в г Архіў гістарычных запісаў — 1808.
- ^ Флеминг Пауль // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Андрэй Хадановіч. Мастацкія сыстэмы ў заходнеэўрапейскай літаратуры XVII—XIX стст.
- ^ Прыгодніцкае «Калосьсе» // Наша Ніва, 8 лютага 2007
- ^ Архіпелаг паэзіі // Народная Воля, 9 лістапада 2008
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Літаратурнае радыё. Пауль Флемінг. Пераклады.
- Літаратурнае радыё. Пауль Флемінг. Да Германіі.
- Перакладчыкі з Вілейшчыны. Паўль Флемінг «Як ён хоча цалавацца»
- Творы Флемінга на сайце «Projekt Gutenberg» (ням.)
- Вершы Флемінга ў перакладзе Льва Гінзбурга (рас.)