Падкарпацкая Русь
Падкарпацкая Русь | |
чэск. славац. Podkarpatská Rus | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Чэхаславаччына |
Статус | адміністрацыйная адзінка[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Ужгарад |
Найбуйнейшыя гарады | Хуст, Мукачава |
Дата ўтварэньня | 1919 |
Дата скасаваньня | 1945 |
Афіцыйныя мовы | чэхаславацкая[1], русінская |
Насельніцтва (1919) | 572 028 |
Нацыянальны склад | русіны — 62%[1], вугорцы — 17,2%[1], габрэі — 13,4%[1], славакі й чэхі — 3,3 %[1], немцы — 1,8 % [1]. |
Плошча | 12 097 км² |
Месцазнаходжаньне Падкарпацкае Русі | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Падкарпа́цкая Русь (па-чэску: Podkarpatská Rus, Země Podkarpatoruská; таксама Падкарпа́цкая Ўкраі́на[2], зь верасьня 1938 року — па-чэску: Země Zakarpatskoukrajinská) — назва адное зь пяці (пазьней чатырох) земляў, што ўваходзілі ў склад першае чэхаславацкае дзяржавы ў 1920—1946 роках[3][4] (з 22 лістапада 1938 року Падкарпацкая Русь[5][6]) — «аўтаномная зямля» ў складзе «другое» Чэхаславацкае рэспублікі, на тэрыторыі якое 15 траўня 1939 року была абвешчаная незалежная дзяржава Карпацкая Ўкраіна [7], што праіснавала ўсяго некалькі дзён. Тэрытарыяльна Падкарпацкая Русь улучала ў сябе ў асноўным сучасную тэрыторыю Закарпацкае вобласьці Ўкраіны (апроч ваколіцаў места Чоп, але ўлучая сяло Лекараўцэ, якое цяпер ўваходзіць у склад Славаччыны).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля распаду Аўстра-Вугорскае імпэрыі 8 лістапада 1918 року першая рада русінаў у Старай Любаўне (пазьней у Прэшаве) прыняла пастанову аб аддзяленьні ад Вугоршчыны, але пытаньне аб далучэньні да нейкае дзяржавы не было вырашанае. 9 лістапада рада ва Ўжгарадзе выказалася за далучэньне да Вугоршчыны ў якасьці аўтаномнае тэрыторыі.
12 лістапада рада русінскіх эміґрантаў на чале з Рыгорам Жатковічам, што прайшла ў Скрэнтане (ЗША), папярэдне прагаласавала за далучэньне да Чэхаславаччыны й прыняла рашэньне правесьці плебісцыт усіх амэрыканскіх русінаў. Апытаньне прайшло ў сьнежні, і галасы на ім падзяліліся наступным чынам: 67% прагаласавала за ўваход краю ў Чэхаславаччыну, 28 % — за далучэньне да Ўкраіны, 2 % — за поўную незалежнасьць, па 1 % — за далучэньне да Галічыны, Вугоршчыны або Расеі. Тым часам у Карпацкай Русі праходзілі іншыя народныя сходы, што прымалі розныя рашэньні. Рада ў Хусьце патрабавала далучэньня да Ўкраіны, а «Рада галіцкіх ды вугорскіх русінаў» на чале з Антоніем Бэскідам у Прэшаве падтрымала рашэньне далучыцца да Чэхаславаччыны.
З свайго боку, Вугорская рэспубліка 26 сьнежня 1918 року прадставіла Закарпацьцю аўтаномію ў сваім складзе пад назваю «Руськая Краіна». У той жа самы час дэлеґацыя славацкіх русінаў вяла перамовы ў Будапэшце зь Міланам Годжам аб далучэньні да Чэхаславаччыны.
З абвяшчэньнем Вугорскае Савецкае Рэспублікі ў «Руськай Краіне» таксама была абвешчаная савецкая ўлада. Аднак да пачатку траўня 1919 року чэхаславацкія й румынскія войскі выціснулі вугорскіх чырвонаармейцаў ды занялі тэрыторыю Закарпацьця.
Рыгоры Жатковіч ды Антоні Бэскід, сустрэўшыся ў Парыжы, узгаднілі мэмарандум для Парыскае мірнае канфэрэнцыі. 23 красавіка 1919 року было падрыхтаванае прашэньне аб уваходжаньні для прэзыдэнта ЧСР Томаша Масарыка, а 8 траўня ва Ўжгарадзе пасьля нарады Бэскіда, Валошына й Жатковіча было прынятае рашэньне аб далучэньні да Чэхаславаччыны. Пасьля гэтага Масарык накіраваў сваіх прадстаўнікоў у Карпацкую Русь, што па вяртаньні склалі даклад аб крайняй адсталасьці тэрыторыі, на падставе чаго было вырашана адмовіць Карпацкай Русі ва ўваходжаньні ў склад Чэхаславаччыны. Тым ня менш, хаўрусьнікі практычна прымусілі Чэхаславаччыну на перамовах у Сэн-Жэрмэне прыняць Карпацкую Русь у свой склад, баючыся, што інакш яна стане часткаю Вугоршчыны. Такім чынам, 10 верасьня 1919 року Карпацкая Русь увайшла ў склад Чэхаславаччыны на правах аўтаноміі. Канчаткова статус тэрыторыі быў пацьверджаны Трыянонскаю дамоваю 1920 року.
Канстытуцыя Чэхаславаччыны, прынятая 29 лютага 1920 р. увяла ва ўжытак назву «Падкарпацкая Русь» і, пачынаючы з гэтага часу, гэткая назва ўжывалася ва ўсіх афіцыйных адносінах і добра ўстаялася як палітычнае паняцьце ў міжнароднай практыцы. 29 лютага 1920 року быў зацьверджаны герб Падкарпацкае Русі — стаячы мядзьведзь. 26 красавіка была заснаваная пасада земскага ґубэрнатара. Ім стаў Рыгоры Жатковіч. З 1923 року Падкарпацкая Русь мела 9 дэпутатаў у чэхаславацкім парлямэнце.
У знак пратэсту супраць таго, што абяцаная аўтаномія так і не была прадстаўленая, Жатковіч у 1921 годзе сыйшоў з сваёй пасады і вярнуўся ў Амэрыку. Пасьля яго на чале тэрыторыі былі Пётар Эрэнфельд (1921—1923), Антоні Бэскід (1923—1933), Антонін Розсыпал (1933—1935), Канстанцін Грабар (1935—1938).
Спачатку тэрыторыя была падзеленая на тры жупы — ужгарадскую, мукачэўскую й мармараскую, а ў 1927 годзе на 12 раёнаў з раённымі цэнтрамі Берагава, Вялікі Бярозны, Волава, Іршава, Мукачава, Пярэчын, Рахаў, Свалява, Сэўлюш, Цячава, Ужгарад, Хуст.
Палітычная сытуацыя ў Карпацкай Русі была складнаю. Украінафілы на чале з Аўґустынам Валошыным жадалі аўтаноміі ў рамках ЧСР, русафілы, прадстаўленыя Аўтаномна-земляробчым зьвязам Андрэя Бродыя й Руськаю нацыянальна-аўтаномнаю партыяю ўніяцкага сьвятара Фэнцыка, якая арыентавалася на італьянскіх фашыстоўцаў, падтрымлівалі аўтаномію ў складзе ЧСР або Вугоршчыны, Аб’яднаная Вугорская партыя (ля 10 % галасоў) патрабавала ўваходу ў склад Вугоршчыны, камуністы (да 25 % галасоў) жадалі далучэньня да савецкае Ўкраіны. Так на выбарах 1935 року 63 % галасоў атрымалі прыхільнікі поўнае аўтаноміі, далучэньня да Вугоршчыны або Ўкраіны й толькі 25 % прыхільнікі Чэхаславаччыны. Супраць аўтаноміі выступалі ўсе чэскія партыі Карпацкае Русі. У верасьні 1938 року паводле патрабаваньня насельніцтва Закарпацьця была зьмененая афіцыйная назва зямлі ў складзе Чэхаславаччыны на па-чэску: Země Zakarpatskoukrajinská або Карпацкая Ўкраіна. 26 кастрычніка таго ж року прэм’ер-міністрам аўтаноміі стаў А. Валошын, які пачаў украінізацыю краю, вельмі жорстка душачы апазыцыю[8]. Новы прэм’ер распарадзіўся зачыніць некалькі апазыцыйных ґазэтаў ды часопіс «Тиса», для пакінутых СМІ была ўведзеная цэнзура, зачыненыя цэнтры русафільскае супольнасьці імя Духновіча[9]. 20 лістапада 1938 року паводле загаду Валошына пачаў дзеяць канцляґер Думэн ля Рахава[9]. Чэхаславацкія ўлады спрабавалі ўмяшацца й нават зьнялі з пасады мясцовага міністра ўнутраных справаў Е. Бачынскага, прызначыўшы замест яго Л. Прхалу. Аднак урад Валошына прымусіў Прагу пайсьці на саступкі й Л. Прхала стаў міністрам транспарта[9]. Душэньне апазыцыі працягвалася — 20 студзеня 1939 року ўрад Валошына забараніла ўсе палітычныя партыі апроч Украінскага нацыянальнага аб’яднаньня[9]. Аднак на такі крок мясцовае насельніцтва й Прага былі не падрыхтаваныя. 6 лютага 1939 року ўрад аўтаноміі ўдакладніў, што дазволеная дзейнасьць 4-х партыяў: аґрарнае, нацыянал-сацыялістычнае, сацыял-дэмакратычнае й хрысьціянска-народнае[9].
15 сакавіка 1939 року ў месты Хуст на тэрыторыі Карпацкае Ўкраіны ў складзе «другое» Чэхаславацкае рэспублікі была абвешчаная незалежнасьць Карпацкае Ўкраіны. Дзяржава праіснавала роўна адзін дзень — да 16 сакавіка, калі Хуст захапілі вугорскія войскі (па іншых зьвестках — да 18 сакавіка, калі Вугоршчынаю была акупаваная ўся тэрыторыя Карпацкае Ўкраіны).
У 1944 годзе ў Закарпацьце былі ўведзеныя савецкія войскі.
29 чэрвеня 1945 року ў Маскве было падпісанае пагадненьне аб уваходзе колішняе Падкарпацкае Русі ў склад УССР (пагадненьне 186/1946 Sb. чэхаславацкага законьніка). Пагадненьне было канчаткова ратыфікаванае чэхаславацкім парлямэнтам 22 лістапада 1945 року. Апроч таго, Чэхаславаччына пагаднілася перадаць СССР каля 250 км² тэрыторыі ў аколіцах Чопа — Селменец (Батфа, Галач, Малыя Селменцы, Паладўь-Камароўцы, Палла, Ратаўцы, Саламонава, Сюртэ, Тысаашвань, Тыйглаш, Чоп), якія не былі часткаю Падкарпацкае Русі, а былі часткаю славацкага Зэмпліну (велькакапушанскага ды кралёўвахлмэцкага раёнаў).
Палітычнае разьвіцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У рэґіёне ў міжваенны пэрыяд былі моцныя Камуністычная й Аґрарная партыі, а таксама Аўтаномны земляробчы зьвяз. Менавіта яны стабільна паказвалі высокія вынікі на парлямэнцкіх выбарах. Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Падкарпацкай Русі па роках (% галасоў выбарнікаў):
- 1924 рок — Камуністычная партыя Чэхаславаччыны — 39,4 %, Аґрарная партыя — 6,4 %, Аўтаномны земляробчы зьвяз — 8,4 %
- 1925 рок — Камуністычная партыя Чэхаславаччыны — 30,8 %, Аґрарная партыя — 14,2 %, Аўтаномны земляробчы зьвяз — 11,6 %
- 1929 рок — Камуністычная партыя Чэхаславаччыны — 15,2 %, Аґрарная партыя — 29,1 %, Аўтаномны земляробчы зьвяз — до 18,2 %
- 1935 рок — Камуністычная партыя Чэхаславаччыны — 24,4 %, Аґрарная партыя — 19,0 %, Аўтаномны земляробчы зьвяз — 13,9 %[10]
У рэґіёне ў міжваенны пэрыяд таксама існавалі іншыя партыі й грамадзкія рухі — Расейская народная партыя, Вугорская хрысьціянска-сацыялістычная партыя, Сацыал-дэмакратычная партыя Падкарпацкае Русі, супольнасьць «Просвита», Расейская культурна-асьветніцкае таварыства імя А. Духновіча й іншыя[11].
Хаця сярод чыноўнікаў былі асобы розных нацыянальнасьцяў, але колькасна пераважалі чэхі. Гэта верагодна было зьвязана з больш высокім узроўнем асьветы ў чэхаў у Чэхаславаччыне. Напрыклад, у 1927 годзе сярод дзяржаўных служаючых у адміністрацыі Падкарпацкае Русі было 255 чэхаў, 17 славакаў, 142 русіна, 56 вугорцаў ды 22 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў[12]. У 1935 годзе сярод 12 кіраўнікоў акругаў 7 чалавек былі чэхамі, 1 — украінскім эміґрантам, 2 — расейскімі эміґрантамі й 2 — русінамі[12]. Сярод служаючых было 497 чэхаў, 20 украінскіх ды 12 расейскіх эміґрантаў, 85 русінаў і 54 вугорцы[12].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1921 годзе насельніцтва рэґіёну складала 604,6 тыс. чалавек, у тым ліку 62,0 % русінаў, 17,2 % вугорцаў, 13,4 % габрэяў, 3,3 % ‒ чэхаў ды славакаў, 1,8 % немцаў, 2,3 % ‒ іншых нацыянальнасьцяў[13].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падкарпацкая Русь была пераважна аґрарным рэґіёнам, дзе прамысловасьць была ў зародкавым стане. Напрыклад, у 1930 годзе ў прамысловасьці Закарпацьця было занята толькі 16 тыс. чалавек[14].
Асьвета
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асьветніцкая сыстэма Падкарпацкае Русі была прадстаўленая пачатковымі школамі, ґїмназіямі, прафэсійнымі й тэхнічнымі вучэльнямі, а таксама настаўніцкімі сэмінарыямі. У 1920 годзе ў рэґіёне было 475 пачатковых школ (у тым ліку 321 школа з тою ці іншаю ўсходнеславянскаю моваю навучаньня), 10 мескім (зь іх 7 з усходнеславянскаю моваю), 4 ґімназіі (3 з славянскаю моваю), 3 настаўніцкія сэмінарыі (усе з славянскаю моваю), 3 прафэсійных ды тэхнічных вучэльні (усе з славянскаю моваю)[15]. За міжваенны пэрыяд больш, чым удвойчы скараціўся лік непісьменных у рэґіёне — з 67 % да 27 %[8], а сетка асьветніцкіх установаў значна пашырылася. У 1938 годзе ў Падкарпацкай Русі налічвалася: пачатковых школ — 809 (469 з усходнеславянскаю моваю навучаньня), мескіх — 52 (23 з усходнеславянскаю моваю), ґімназіяў — 8 (5 з усходнеславянскаю моваю), настаўніцкіх сэмінарыяў— 5 (4 з усходнеславянскаю моваю), прафэсійных ды тэхнічных вучэльняў — 5 (усе з усходнеславянскаю моваю)[8].
СМІ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Падкарпацкай Русі выходзіла даволі шмат рознамоўнае пэрыядыкі, заразом большасьць ґазэтаў былі русінамоўнымі або ўкраінамоўнымі. Напрыклад, у 1932 годзе ў рэґіёне выдавалася 118 ґазэтаў: 70 — русінскаю й украінскаю мовамі, 31 вугорскаю, 10 чэскаю, 2 на іўрыце, а 5 ґазэтаў былі зьмешанымі[8].
Цяперашняе становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час існуе неафіцыйная арґанізацыя — урад Рэспублікі Падкарпацкая Русь, адноўленае ў 2008 годзе, на чале зь Пятром Гэцко.[16][17][18][19].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е [1] Історія державної служби в Україні. Том 2/Київ: Ніка-Центр — 2009
- ^ В. М. Чэхаславаччына // Малая савецкая энцыкляпэдыя. — М.: АО «Сов. энциклопедия», 1931. — Т. 9. — С. 794–807.
- ^ http://www.zakonyprolidi.cz/cs/1946-186
- ^ http://karpatorusyn.org/vopros-o-date-vstupleniya-v-silu-dogovora-o-zakarpatskoj-ukrainepodkarpatskoj-rusiot-29-iyunya-1945/
- ^ http://www.epravo.cz/vyhledavani-aspi/?Id=7386&Section=1&IdPara=1&ParaC=2
- ^ http://karpatorusyn.org/konstitucionnyj-zakon-ot-22-noyabrya-1938-328-sb-ob-avtonomii-podkarpatskoj-rusi/
- ^ https://web.archive.org/web/20181120124626/http://rusyns-library.org/gazeta-nova-svoboda-16-marta-1939-goda-xust/
- ^ а б в г Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 673, 675—676. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ а б в г д Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 676. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 371—372. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 372. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ а б в Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 378. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 368. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 581. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2
- ^ Барысёнак Е. Ю. Канцэпцыі «ўкраінізацыі» й іх рэалізацыя ў нацыянальнай палітыцы ў дзяржавах усходнеэўрапейскага рэґіёну (1918‒1941 рр.). Дысэртацыя на спашуканьне вучонае ступені доктара гістарычных навукаў. — М., 2015. — С. 377. Рэжым доступу: http://www.inslav.ru/sobytiya/zashhity-dissertaczij/2;
- ^ Русінскі ўрад: Украіна прызнала Рэспубліку Падкарпацкая Русь. ИА REGNUM
- ^ Русіны ўжо стварылі свой урад. Ґазэта «Сегодня»(недаступная спасылка)
- ^ Урад у выгнаньні — Падкарпацкая Русь
- ^ Часовы ўрад Падкарпацкае Русі прыступіў да працы UA-Reporter.com
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падкарпацкая Русь — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў