Павал Марозаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Марозаў.

Павал Ягоравіч Марозаў (нарадзіўся 11 кастрычніка 1978 году ў Менску) — беларускі грамадзкі дзеяч і дысыдэнт, беларускі лібэрал.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «банкаўская справа» (2000), асьпірантуру БДЭУ па спэцыяльнасьці «фінансы і крэдыт» (2004), магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «паліталёгія» (2004).

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1998 году актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю ў рамках беларускага аддзяленьня Міжнароднай Дабраахвотніцкай Службы (МДС — SCI), з 2000 па 2003 год быў чальцом Камітэту фінансавых дараднікаў дадзенай арганізацыі. Пасьля заканчэньня вучобы працаваў у «Прыёрбанку», пасьля займаўся ІТ-бізнэсам і рэалізацыяй праекту «Ўзмацненьне магчымасьцяў беларускага экалягічнага руху».

У 2004 годзе заснаваў супольнасьць «Трэці шлях». Аўтар канцэпцыі «Пакаленьне Адраджэньня». Стварэньне сатырычнай анімацыі «Мультклюб» аб беларускай рэчаіснасьці, дзе фігуравалі пэрсанажы, падобныя да Аляксандра Лукашэнкі і яго набліжаных, паслужыла падставай да палітычна матываваных перасьледаў уладамі. У 2005 годзе быў абвінавачаны па артыкуле №367 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Паклёп у дачыненьні да Прэзідэнта Беларусі». Артыкул прадугледжвае турэмнае зьняволеньне ад 2 да 4 гадоў. Дзякуючы ўмяшаньню міжнароднай грамадзкасьці і прэсы пазьбегнуў арышту. У 2006 годзе ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах у складзе каманды Аляксандра Казуліна. З 2006 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі ў Эстоніі пасьля няўдалай спробы беларускіх уладаў арыштаваць яго ў Менску.

У 2006 годзе заснаваў і ўзначаліў грамадзкую арганізацыю «Новы Шлях для Беларусі», якая займаецца праектамі з удзелам новага пакаленьня беларускай дыяспары Эўропы і ЗША, а таксама актывістаў зь Беларусі і падтрымкай беларускай культуры. У 2008 выступіў ініцыятарам стварэньня Кангрэса новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША. Чалец Рады БНР (Урада БНР у выгнаньні) з 2008 г. Займаецца культурнымі, інфармацыйнымі і моладзевымі праектамі, аб’яднаньнем новага пакаленьня беларусаў дыяспары і актыўных грамадзянскіх актывістаў у Беларусі. Разам з калегамі стварыў канцэпцыю шырокага Беларускага міжнароднага руху. У 2009 на Жэнеўскім Саміце разам з калегамі-дысыдэнтамі з Ірана, Бірмы, Вэнэсуэлы, Кубы, Зымбабвэ, Эгіпта заснаваў сетку ўзаемадзеяньня і каапэрацыі паміж дысыдэнтамі ў гэтых краінах.

Аўтар канцэпцый і рэалізатар больш за 50 розных праектаў у галіне грамадзкага актывізму, інфармацыі і культуры.

Выступае зь лекцыямі на тэму сытуацыі ў Беларусі. (Дактаральны каледж Эўропы, Страсбург, Эўракаледж Тартускага ўнівэрсытэту, Тарту, Нямецкі фонд Маршала, Вашынгтон, фонд Херытадж, Вашынгтон, Карнэгі цэнтар, Масква, Жэнэўскі кангрэс цэнтар, Жэнэва і інш.). Выпускнік праграмы «Інстытут Лідэрства» ПАКТ (ЗША), Флэтчэр Скул (ЗША), праграмы нямецкага ўрада па падрыхтоўцы кансультантаў для некамэрцыйнага сэктара Беларусі, Амстэрдамска-Маастрыскага летняга ўнівэрсытэту.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]