Перайсьці да зьместу

Новы замак (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Новы Замак (Горадня)»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Новы замак
Новы замак, аўтэнтычны выгляд
Новы замак, аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′35.59″ пн. ш. 23°49′26.88″ у. д. / 53.6765528° пн. ш. 23.8241333° у. д. / 53.6765528; 23.8241333Каардынаты: 53°40′35.59″ пн. ш. 23°49′26.88″ у. д. / 53.6765528° пн. ш. 23.8241333° у. д. / 53.6765528; 23.8241333
Архітэктурны стыль ракако і клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Караль Пёпэльман, Іаахім Даніэль Яўх[d], Іаган Фрыдрых Кнёбель[d] і Джузэпэ Сака
Заснавальнік Аўгуст Сас
Статус Ахоўная зона
Новы замак на мапе Беларусі
Новы замак
Новы замак
Новы замак
Новы замак на Вікісховішчы

Новы замак — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца насупраць Старога замка, на правым беразе ракі Нёману пад адрасам вуліца Замкавая, 20. Твор архітэктуры барока і клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гарадзенскі Новы замак — адзін з найбольшых помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, колішняя рэзыдэнцыя каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх, месца правядзеньня соймаў Рэчы Паспалітай. З 1991 году тут знаходзіцца Гарадзенскі гістарычна-археалягічны музэй.

Плян замка, 1780—1783 гг.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы каралеўскі палац у Горадні збудавалі ў 1737—1742 гадох за часамі Аўгуста Саса як летнюю каралеўскую рэзыдэнцыю паводле праекту Караля Пёпэльмана. Узводзілі палац мясцовыя муляры. У 1789 годзе рэканструкцыю палаца праводзiў Джузэпэ Сака.

У 1793 годзе тут адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, дзе ратыфікавалі другі падзел краіны.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады перарабілі палац пад вайсковы шпіталь.

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе палац атрымаў пашкоджаньні. У 1952 годзе яго рэканструявалі ў стылі савецкага нэаклясыцызму. Тут разьмясьціўся абласны камітэт КПСС.

У 1991 годзе палац улучылі ў музэйны комплекс. Тут разьмясьціўся Гарадзенскі гістарычна-археалягічны музэй. У 1994 годзе на ганку палаца замацавалі памятную шыльда ў гонар Андрэя Тадэвуша Касьцюшкі.

Плян Старога і Новага замкаў, 1811—1826 гг.

Помнік архітэктуры барока і клясыцызму. Буйнамаштабны 2-павярховы аб’ём палаца мае П-падобную ў пляне кампазыцыю. Тыповы для палацавых ансамбляў сярэдзіны XVІІ ст. парадны двор стваралі бакавыя флігелі і ажурная агароджа з цэнтральнай брамай. Да цэнтральнага корпуса далучалася палацавая капліца, вылучаная ў самастойны аб’ём (не захавалася). Зь левага боку разьмяшчаліся службовыя карпусы (канцылярыя, стайня ды іншыя).

Палац меў мансардавы дах зь фігурнымі слыхавымі вокнамі. Маляўнічасьць будынка ўзмацняла спалучэньне насычанага цагельнага колеру дахоўкі і бела-ружовых роўніцаў фасадаў. Рытм праёмаў фасада ўскладняўся міжпаверхавым пасам квадратных філёнгаў. Павышанай плястыкай і дэкаратыўнай насычанасьцю адзначаюцца толькі цэнтральны і бакавыя ўваходы. Тут вылучаюцца падзелы здвоенымі пілястрамі, тонка прарысаваная арнамэнтальная ляпніна з гірляндамі, фамільнымі гербамі. Цэнтральны рызаліт галоўнага фасада падзяляецца здвоенымі пілястрамі з капітэлямі, дэкараванымі ляпнымі арнамэнтальнымі гірляндамі ў стылі ракако.

Плян палаца мае характэрны падоўжна-восевы прасторавы разьвязак цэнтральнай параднай групы памяшканьняў, асноўныя зь якіх пасьлядоўна разьмяшчаюцца на падоўжнай восі: вялікі вэстыбюль, заля і палацавая капліца. Такім парадкам, ужо з вэстыбюля раскрываецца плянавальны абрыс залі, а потым працяглая пэрспэктыва капліцы. У бакі ад авальнай залі разыходзяцца анфіляды іншых памяшканьняў. Жылыя памяшканьні разьмяшчаліся на другім паверсе і ў мансардзе, службовыя памяшканьні — у сутарэньнях. Плян вылучаецца першай у гісторыі архітэктуры Беларусі авальнай заляй, якая з боку дваровага фасада выступае акруглым аб’ёмам — характэрнай формай архітэктуры ракако. Стрымана-строгае афармленьне экстэр’ера палаца супрацьпастаўлялася пышнаму і насычанаму дэкаратыўнай аздобай інтэр’еру. Асабліва вылучаліся Сэнатарская і Круглая залі, аздобленыя разьбой у стылі ракако. Акруглыя і зрэзаныя куты памяшканьняў прыстасоўваліся пад каміны і дэкаратыўную скульптуру.

Прастакутную ў пляне капліцу аб’ядноўваў з палацам невялікі пераход. Да тарца капліцы далучалася 2-ярусная вежа-званіца з гранёным шпілем. Выкарыстаньне ў дэкоры капліцы дэкаратыўных вазаў, ракавінаў, апораў у форме пальмы, гратэскнага арнамэнту, скульптурных кампазыцыяў таксама ёсьць асаблівасьцю архітэктуры ракако.

Палацавая брама мае выгляд праезду, з бакоў якога — манумэнтальныя пілёны, аздобленыя скульптурнымі групамі сьфінксаў і амураў, дэкаратыўнай вайсковай [1].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 174.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000015