Міхась Сенька
Міхась Сенька | |
Дата нараджэньня | 2 студзеня 1922 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 28 сакавіка 2016 (94 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | грамадзкі дзяяч |
Сябра ў | Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі, Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі і Беларуская цэнтральная рада |
Міхась Сенька (2 студзеня 1922, Новы Сьвержань - 28 сакавіка 2016, Саўт-Рывэр, ЗША) — дзеяч беларускай эміграцыі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў мэдыцынскай школе ў Баранавічах на фармацэўта, некаторы час быў загадчыкам аптэкі ў Стоўбцах.
Па вайне жыў у беларускім лягеры ў Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія), скончыў беларускую гімназію імя Максіма Багдановіча, браў актыўны ўдзел у скаўтынгу.
У 1949 году выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі). Вельмі шмат зрабіў для запросінаў беларускіх уцекачоў у Саўт-Рывэр ды далейшай разбудовы ў ім беларускага жыьцьця.
Сенька, Лянгіна Брылеўская, Барыс Кіт, іншыя актывісты афармлялі страхоўкі і запрашэньні беларусам, перацягваючы іх у ЗША. У доме Сенькі па Хэрман-стрыт, 24 нашы суайчыньнікі на некалькі дзён знаходзілі свой часовы прытулак.
У Нью-Джэрзі Міхась Сенька працаваў на заводзе «Форд», а ўвесь вольны час займаўся грамадзкай працай: быў старшынёй Аб’яднаньня беларуска-амэрыканскай моладзі, сакратаром Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі, уваходзіў у царкоўную раду парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай, радным БЦР. Увогуле ягоная кватэра была «штабам» для многіх беларускіх арганізацый у Нью-Джэрзі[1].
За ўсёй такой працай не было часу на асабістае жыцьцё. Ажаніўся Міхась Сенька досыць позна — у 73 гады — з Валянцінай Палюховіч. Іх гасьцінны дом на Уотз-стрыт заўсёды прымаў гасьцей, а самі Сенькі заўсёды трымаліся беларускага жыцьця і былі актывістамі беларускага праваслаўнага прыходу.
Яго брат Уладзімер Сенька - беларускі ваенна-палітычны дзеяч і публіцыст, калабарацыяніст, дзеяч эміграцыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У ЗША памёр грамадскі актывіст Міхась Сенька, Наша Ніва, 29-03-2016