Перайсьці да зьместу

Горад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Места»)
Панарама гораду Сыднэя, Аўстралія
Панарама Манрэалю, Канада
Панарама места Находка, Расея

Го́рад, ме́станаселены пункт, што адрозьніваецца ад мястэчка альбо вёскі памерам, шчыльнасьцю насельніцтва, значэньнем ці юрыдычным статусам. Звычайна, гарады маюць даволі вялікія памеры і выразную ўласна гарадзкую частку, аднак часам да гарадоў адносяць мясьціны прадмесьцевага ці нават вясковага характару. Аднясеньне населенага пункта да катэгорыі гарадоў афармляецца ў заканадаўчым парадку; пры гэтым крытэр колькасьці насельніцтва гораду адрозьніваецца — ад 250 чалавек у Даніі, да 50 тысячаў чалавек у Японіі.

Места мае свой непаўторны характар, які зьмяняецца ад цэнтру да ўскраінаў. Места ёсьць арэнай грамадзкіх адносінаў, адлюстроўвае сацыяльную структуру грамадзтва. Горад мае разьвіты комплекс гаспадаркі і эканомікі, ён зьяўляецца скупнасьцю архітэктурных і інжынэрных збудаваньняў, якія забясьпечваюць жыцьцезабесьпячэньне насельніцтва. Гарады служылі цэнтрам разьвіцьця мастацтва і рамёстваў, тэхнічных дасягненьняў. Горад — ня проста сума дамоў, гэта самастойны шматаблічны, але суцэльны арганізм[1].

Слова «горад» паходзіць ад дзеяслова «гарадзіць», і ў часы Полацкага ды Тураўскага княстваў пазначала агароджанае паселішча зь сядзібай палітычнай і духоўнай адміністрацыі.[2] Цывілізацыйна старадаўнія гарады мала чым адрозьніваліся ад вёсак.

У часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія гарады праз распаўсюджваньне Майдэборскага права далучаюцца да эўрапейскай гарадзкой супольнасьці. Набыцьцё правоў і прывілеяў разам з узрастаньнем у жыцьці насельнікаў ролі гандлю, рамёстваў й промыслаў спрыялі цывілізацыйнай трансфармацыі гарадзкога паселішча. Гэтая перамена адлюстравалася і ў тэрміналёгіі: з ХІІІ стагодзьдзя[3] назва «горад» у літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках замацоўваецца за старажытнымі замкавымі ўмацаваньнямі, новая частка паселішча, сэрцам якой робіцца рынак, атрымлівае назву «места»[4]. У дадзеным значэньні слова «места» фіксуецца ня толькі ў літаратурнай старабеларускай мове, але і як архаізм[3] у беларускім народным фальклёры. З ХV стагодзьдзя[3] характар места-рынку быў пашыраны на ўсё паселішча, толькі прыметнік «гарадзкі» («гродзкі») працягвае ўжывацца як сынонім слова «замкавы» (напр. гродзкі суд).

Шырокае выкарыстаньне «места» фіксуецца ў час адраджэньня беларускай мовы (2-я палова ХІХ — пачатак ХХ стст). Напрыклад, Францішак Багушэвіч у сваім вершы «Немец» пісаў:

Ня люблю я места (па-расейску — горад).
Надто там цяснота і вялікі сморад.
А паноў як маку ды сярод гароду,
А проч таго пропасьць рознаго народу!

Францішак Багушэвіч «Немец», 1—4

У Маскоўска-беларускім слоўніку, выдадзеным братамі Г. і М. Гарэцкімі ў Вільні (1920), «места» даецца як першы беларускі пераклад да расейскага «город».[5]

Слова «места» афіцыйна ўжывалася і ў БССР: «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) эквівалентам расейскага «город» дае беларускія «места», «горад» (менавіта ў такой пасьлядоўнасьці[6]), прысутнічаюць тамака і вытворныя прыметнікі «мескі» й «прымескі» — адпаведныя расейскім «городской» і «пригородный». Аднак пасьля правапіснай рэформы 1933 году, якая паклала пачатак палітыкі русіфікацыі, гэты тэрмін штучна выкідваецца з парэформавых савецкіх слоўнікаў беларускай мовы.[7] Па-за межамі СССР «места» працягвае актыўна выкарыстоўвацца ў якасьці адзінай дапушчальнай назвы вялізнага населенага пункту.[3]

На 1 студзеня 1947 году ў Беларускай ССР налічвалася 66 местаў[8], зь іх:

  • 17 местаў абласнога падпарадкаваньня;
  • 48 местаў раённага падпарадкаваньня;
  • Менск — места рэспубліканскага падпарадкаваньня, сталіца Беларускай ССР, зьяўлялася таксама абласным і раённым цэнтрам.

На 1 студзеня 1999 году ў Беларусі налічвалася 109 местаў[9], на 1 студзеня 2003 году — 110 местаў[10], на 1 студзеня 2004 году — 109 местаў[11], на 1 кастрычніка 2004 году — 111 местаў[12].

На 1 студзеня 2010 году ў Беларусі налічвалася 112 местаў[13], зь іх:

  • 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
  • 99 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 85 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
  • Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.

27 сакавіка 2012 году гарадзкі пасёлак Астравец атрымаў статус места. У сувязі з гэтым, на 1 красавіка 2012 году ў Беларусі налічвалася 113 местаў, зь іх:

  • 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
  • 100 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 86 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
  • Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.
  1. ^ Гутнов 1990. С. 351.
  2. ^ Сяргей Шупа. Горад // Слоўнік Свабоды
  3. ^ а б в г Станкевіч Я. (пры ўчасьці Ант. Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с. ISBN 5-343-01322-8
  4. ^ Место // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. — Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
  5. ^ Маскоўска-беларускі слоўнік (2-е выданьне) / Укладальнікі: Г. Гарэцкі, М. Гарэцкі. — Вільня, 1920. С. 31
  6. ^ Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. С. 85
  7. ^ Дзмітрый Шыманскі «Хто знішчыў беларускую мову?» // Дзедзіч, № 5 (24) (лістапад, 2003 г.)
  8. ^ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление на 1 января 1947 года. — Мн.: Госиздат БССР, 1947. — 303 с. С. 5
  9. ^ Рэспубліка Беларусь. Аглядна-тапаграфічная карта. Маштаб 1:500 000. Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгеадэзія». — Мн., 2003.
  10. ^ Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны: Энцыкл. давед. / Аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн.: БелЭн, 2004. — 568 с.: іл. ISBN 985-11-0301-2
  11. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4 С. 724
  12. ^ Атлас па геаграфіі Беларусі [Карты]. — Мн.: Выд. цэнтр БДУ, 2005. — 40 с. ISBN 985-476-270-X
  13. ^ Административно-территориальное деление Республики Беларусь на 1 января 2010 года // Статистический ежегодник Республики Беларусь 2010 / Зинковский В.И. и др.. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2009. — С. 26. — ISBN 978-985-6858-58-4
  • А. Гутнов, В. Глазычев. Мир архитектуры. — М.: Молодая гвардия, 1990. — ISBN 5-235-00487-6

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]