Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Адэльск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Тройцы
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Адэльск |
Каардынаты | 53°24′16.56″ пн. ш. 23°45′40.36″ у. д. / 53.4046° пн. ш. 23.7612111° у. д.Каардынаты: 53°24′16.56″ пн. ш. 23°45′40.36″ у. д. / 53.4046° пн. ш. 23.7612111° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі — помнік архітэктуры канца XVII стагодзьдзя ў Адэльску. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Дзее. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы драўляны касьцёл у Адэльску фундаваў у 1490 годзе вялікі князь Казімер. У 1601 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы збудавалі новы драўляны касьцёл. У 1700 годзе паставілі касьцёл, які захаваўся да гэтага часу.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Адэльск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1808 годзе пры ім збудавалі новую драўляную плябанію. У 1877 годзе каля касьцёла паставілі мураваную званіцу. У 1887 і 1898 гадох праводзіўся рамонт будынка касьцёла. У канцы XIX ст. касьцельны пляц атачылі бутавай агароджай з брамай.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. У 1992 годзе будынак касьцёла грунтоўна адрамантавалі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі стылю барока. Гэта 3-нэфавая базыліка з трансэптам, 5-граннай апсыдай з дзьвюма бакавымі закрысьціямі. У кампазыцыі дамінуе аб’ём цэнтральнага нэфу, перакрыты высокім вальмавым дахам, вільчык якога з боку галоўнага фасада завяршаецца ярусным фігурным купалам на 8-гранным барабане. Вэртыкальна ашаляваныя фасады падзяляюцца падвойнымі аркавымі вокнамі з брусамі-сьцяжкамі з бакощ і апярэзваюцца шырокім карнізам.
Ва ўнутранай прасторы дамінуе высокі цэнтральны нэф, адмежаваны ад бакавых высокімі аркадамі на пяці парах слупоў і расчынены ў апсыду і крылы трансэпту шырокімі аркавымі прасьветамі. Над вузкім нартэксам на двух слупах месьціцца галерэя хораў з арганм. Нэфы і тарцы трансэпта завяршаюцца высокамастацкімі драўлянымі алтарамі, выкананымі ў XVІІІ ст. ў стылі ракако: пілястры і калянады нясуць моцна падзеленыя антаблемэнты, на якіх узвышаюцца фігурныя шчыты з бакавымі валютамі, фігуркамі пуцьці і дэкаратыўнымі вазамі. Галоўны алтар прысьвячаецца Адэльскай Божай Маці. Іншыя алтары (зь левага боку): Сэрца Езуса, Перамяненьня Пана, Сьвятога Антонія Падуанскага і Шкаплернай Божай Маці. У алтарах творы малярства XVІІІ ст.
Касьцельны пляц атачаецца бутавай агароджай з брамай у выглядзе гатычнай 3-пралётнай стральчатай аркады. Каля яе стаіць мураваная званіца суровых крапасных формаў: глухія сьцены 4-граннай вежы пад нізкім шатровым дахам толькі ў верхнім ярусе праразаюцца лучковымі праёмамі[1].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
Бакавы фасад
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 10.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000147 |