Ізабэла I
Ізабэла I | |
кароль Кастыліі[d], каралева-кансорт Арагону[d], валадар Маліны[d], валадар Біскаю[d], валадар Куэльяру[d], Rey de las Españas[d], кароль Леону[d], кароль Галісіі[d], кароль Гранады[d], кароль Кордавы[d], кароль Сэвільі[d], кароль Хаэну[d] і кароль Гібральтару[d] | |
---|---|
Асабістыя зьвесткі | |
Імя пры нараджэньні | па-гішпанску: Isabel de Castilla |
Нарадзілася | 22 красавіка 1451[1][2], |
Памерла | 26 лістапада 1504[2] (53 гады), |
Пахаваная | |
Нашчадкі | Хуана I Вар’ятка[6], Ізабэла Астурыйская[d][6], Хуан Арагонскі[d], Марыя Арагонская[d][6] і Кацярына Арагонская[d][6] |
Дынастыя | Трастамара[d] |
Сужэнец | Фэрдынанд II[6] |
Бацька | Хуан II Кастыльскі[d][6] |
Маці | Ізабэла Партугальская[d][6] |
Узнагароды | |
Подпіс |
Ізабэ́ла І (22 красавіка 1451 — 26 лістапада 1504) — была каралевай Кастыліі ды Ляона з дынастыі Трастамара. Яна і яе муж, Фэрдынанд ІІ Арагонскі, заклалі падмуркі палітычнага аб’яднаньня Гішпаніі, якое завяршылася ў часы караляваньня іхняга ўнука, Карла V, імпэратара Сьвятое Рымскае Імпэрыі.
Папа Аляксандар VІ надаў Фэрдынанду ды Ізабэле тытул Каталіцкіх Манархаў (па-гішпанску: Los Reyes Católicos). Па-гішпанску каралева таксама вядомая пад найменьнем Isabel la Católica.
Акрамя іншага караляваньне Ізабэлы й Фэрдынанда стала вядома выгнаньнем габрэяў з Гішпаніі, і пераўтварэньнем інквізыцыі ў магутную ўстанову, ахвярамі якой па-большасьці сталі каталікі з габрэйскім альбо маўрскім радаводам.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ізабэла нарадзілася ў Мадрыгаль дэ ляс Альтас Торэс, Гішпанія, 22 кастрычніка 1451 году. Яе брат, Альфонса, нарадзіўся тры гады пазьней за яе. Па сьмерці бацькі Ізабэлы, Яна ІІ, у 1454 годзе, яе найшмат больш старэйшы зводны брат Генрых ІV стаў каралём. Як толькі ён уступіў на трон, ён ізаляваў сваіх зводных брата і сястру ў Сэговіі, а мачаху ў Арэвала. Генрых ІV, які ня меў шлюбных стасункаў са сваёй першай жонкай, Бланкай Наварскай, з-за чаго гэты шлюб быў ануляваны, ізноў ажаніўся, гэтым часам на Жаане Партугальскай, каб мець уласных дзяцей. Яго жонка нарадзіла дзіця, Хуану, прынцэсу Кастыльскую. Калі Ізабэле споўнілася 10 гадоў, яна і яе брат былі выкліканы да каралеўскага двара для больш пільнага кантролю. Падчас Бургасскай Пратэстацыі кастыльскія нобілі выдвінулі ўмовы каралю — Альфонсо, брат Ізабэлы, павінен стаць спадкаемцам каралеўства. Генрых пагадзіўся пры ўмове, што Альфонсо возьме шлюб зь яго дачкой Хуанай, але неўзабаве перадумаў.
Нобілі, маючы кантроль над Альфонсо і сьцьвярджаючы, што ён ёсьць адзіным законным спадкаемцам кароны, сутыкнуліся з войскам Генрыха ІV ў бітве пры Альмэда ў 1467 годзе. Бітва скончылася ў нічыю. Праз год, Альфонсо памёр у веку 14 год, і Ізабэла стала надзеяй бунтаўнічых нобіляў. Нягледзячы на шматлікія спробы Ізабэла адмовілася ўзначаліць шляхту і прызнала Генрыха ІV каралём, які, у сваю чаргу, прызнаў Ізабэлу законнай спадкаемцай, замест Хуаны, бацькоўства над якой было пад сумневам. У 1475 годзе Хуана выйшла замуж за свайго дзядзьку, караля Партугаліі, але іх шлюб быў ануляваны Папам Рымскім з прычыны блізкага радзтва. Генрых спрабаваў выдаць замуж Ізабэлу па сваім выбары, але яна адхіліла ўсе яго прапановы. Замест яна абрала Фэрдынанда, спадкаемцу арагонскае кароны. Яны ажаніліся 19 кастрычніка 1469 году ў Вальядалідзе.
Генрых IV памёр 10 сьнежня 1474 году. Ізабэла дзейнічала хутка і разам зь Фэрдынандам пачала рэарганізацыю каралеўскага двара. Тымчасам Альфонсо V, кароль Партугаліі, перайшоў мяжу і абвясьціў Хуану, прынцэсы Кастыльскую, на якой ён папярэдне ажаніўся, законнай каралевай Кастыліі. Пачалася Вайна за Кастыльскую Спадчыну. Фэрдынанд здолеў адбіць уварваньне ў бітве пры Тора ў 1476 годзе. На працягу наступных чатырох гадоў Ізабэла і Фэрдынанд прывялі да пакоры ўсе мяцежныя гарады, крэпасьці і цэнтры ўлады, якія ўзьніклі зь цягам часу. У 1479 годзе памёр Фэрдынандаў бацька, што зрабіла каралеўскую пару гаспадарамі Арагона. У 1480 годзе Фэрдынанд і Ізабэла склікалі Картэсы ў Таледа, дзе, пад іх кіраўніцтвам і кантролем, пяць каралеўскіх дарадцаў і 34 грамадзкіх прадстаўнікоў выпрацавалі кодэкс законаў і эдыктаў, якія сталі падмуркам юрыдычнае сыстэмы будучай Гішпаніі, утварыўшы цэнтралізаваныю ўладу і ўмовы для эканамічнай і юрыдычнай рэабілітацыі краіны. Часткай гэтых рэформаў стала стварэньне Інквізыцыі, якую Ізабэла і Фэрдынанд разглядалі як яшчэ адзін інструмэнт для аб’яднаньня краіны. У 1483 годзе Тамас дэ Таркемада стаў першым Гэнэральным Інквізытарам у Сэвільлі.
Напэўна, самым важным годам за ўвесь час караляваньня Ізабэлы стаў 1492, які знакаміты капітыляцыяй Гранады і завяршэньнем Рэканкісты, экспэдыцыяй Хрыстафора Калюмба і выгнаньнем габрэяў з Гішпаніі.
Ізабэла і яе муж Фэрдынанд прынялі ад папы Аляксандра VІ тытул Каталіцкіх Манархаў нягледзячы на тое, што сама Ізабэла зь вялікім незадавальненьнем ставілася да цывільнае палітыкі Папы Аляксандра. У гэты жа час Ізабэла і Фэрдынанд пачалі палітыку духоўнага аб’яднаньня Гішпаніі, намагаючыся прывесьці краіну да аднае рэлігіі — рымскаму каталіцызму. Як частка гэтага працэсу Інквізыцыя атрымала статус сацыяльнага і рэлігійнага інстытуту зь вялікім уплывам на ўсю гішпанскую гісторыю. Як вынік паўстаньня 1499 году Гранадзкая дамова была скасаваная ў 1502 годзе, і мусульмане краіны былі пастаўленыя перад выбарам — хрышчэньне альбо выгнаньне. Блізу 200,000 габрэяў пакінулі каталіцкую манархію і пасяліліся ў аттаманскіх уладаньнях, дзе стаўленьне да юдаізму было найшмат больш прыязным.
У апошнія гады Ізабэлы Сыснэрас, спавядальнік Ізабэлы, стаў арцыбіскупам Таледа і канцлерам каралеўства. Ён стаў ключавой фігурай у рэабілітацыі рэлігійных інстытутаў Гішпаніі, заклаўшы падмуркі будучай Контрарэфармацыі. У якасьці канцлера ён канцэнтраваў у сваіх руках усё больш і больш улады і паўнамоцтваў.
Ізабэла і яе муж стварылі імпэрыю і ў апошнія гады свайго караляваньня былі занятыя палітыкай і адміністрацыяй. Абодвы Каталіцкія Манархі былі занепакоеныя пытаньнем спадкаемства і прыклалі шмат намаганьняў, каб прывязаць гішпанскую карону да іншых гаспадарскіх дынастыяў Эўропы. У палітычным сэнсе ўсе іхнія перамовы, што да шлюбаў іхных дзяцей, былі скіраваныя на ізаляцыю асноўнага канкурэнта Гішпаніі — Францыі, і аб’яднаньня Іберыскае паўвыспы. Да пачатку 1497 году ўсе часткі мазаікі, здавалася б, былі на сваім месцы: Дон Хуан, Кронпрынц, ажаніўся на Маргарыце Аўстрыйскай, такім чынам устанавіўшы сувязі з Габсбургамі. Старэйшая дачка Ізабэлы, інфанта Ізабэла, выйшла замуж за караля Партугаліі Мауэла І, а інфанта Хуана выйшла замуж за яшчэ аднаго Габсбурскага прынца, Філіпа Бургундзкага. Аднак пляны Ізабэла наконт сваіх дзяцей ня спраўдзіліся — прынц Хуан памёр неўзабаве пасьля свайго вясельля. Ізабэла, каралева Партугаліі, памёрла пры родах, а яе сын, Мігель, двума гадамі пазьней. Тытулы і ўладаньні Ізабэлы па яе сьмерці перайшлі да яе другой дачкі, Хуаны Вар’яткі. Ізабэла памёрла ў Медына дэль Кампа ў 1504 годзе і была пахавана ў Гранадзе ў каралеўскім склепе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в J.R.L. Highfield Isabella I // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г д е Diccionario biográfico español (гішп.) — Real Academia de la Historia, 2011.
- ^ а б в https://www.madrigaldelasaltastorres.es/turismo/que-ver-en-madrigal/monumentos/palacio-de-juan-ii/
- ^ а б в https://www.palaciorealtestamentario.es/sobre-el-palacio/
- ^ а б в https://capillarealgranada.com/los-reyes-fundadores/
- ^ а б в г д е ё Kindred Britain
Папярэднік Генрых ІV |
Каралева Кастыліі ды Ляона 10 красавіка 1474 — 26 лістапада 1504 |
Наступнік Хуана I Вар’ятка |
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ізабэла I — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў