Перайсьці да зьместу

Кастусь Кіслы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстанцін Кіслы»)
Кастусь Кіслы
Дата нараджэньня 21 траўня 1898(1898-05-21)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 студзеня 1980(1980-01-08) (81 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак кампазытар
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кіслы (неадназначнасьць).

Касту́сь (Канстанці́н) Кі́слы (21 траўня 1898, Лэнчыца, Каліская губэрня Царства Польскага[a] — 8 студзеня 1980, Беласток, Польская Народная Рэспубліка) — беларускі музыка, кампазытар, дырыгент.

Нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям’і. Бацька паходзіў з-пад Слоніму. Пачатковую адукацыю атрымаў у Калішы.

Падчас Першай сусьветнай вайны эвакуяваўся зь сям’ёй у Марыюпаль (цяпер ва Ўкраіне). У час вучобы на занятках прафэсара музыкі кампазытара Салаўёва выявіў музычныя здольнасьці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтва настаўніцкай сэмінарыі ў 1918 року прызначыла яго выкладчыкам сьпеваў і кіраўніком хору. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыгента выканаў і дзьве беларускія песьні («Чаму ж мне ня пець» і «Ці сьвет, ці сьвітае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям’ю ў Беларускім камітэце Марыюпалю, упершыню пазнаёміўся зь беларускім нацыянальна-адраджэнцкім рухам. У 1918 скончыў настаўніцкую сэмінарыю.

Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеяньні закінулі яго ў Турэччыну, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасьці Сан-Стэфана(d) недалёка ад Канстантынопалю. З 1921 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе арганізаваў царкоўны хор пры слонімскім Спаса-Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы сьвецкі хор. Тут пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Лізаветай.

З 1933 року жыў у Беластоку. Быў арганізатарам і дырыгентам школьнага хору пры саборы сьвятога Мікалая. Таксама вёў сьвецкі хор Таварыства беларускай школы. У другой палове 1930-х гадоў на іхняй аснове быў створаны супольны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных уладаў, ён шырока ўводзіў у рэпэртуар беларускія песьні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў.

З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі быў арыштаваны НКУС у 1939. Сядзеў у турме, вызвалены з пачаткам вайны ў 1941 року.

У ліпені 1941 року вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асьветную справу. Наладзіў супрацу зь Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песьні і танцу. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народу. З 1944 у эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне, а ў 1948 перабраўся ў Бэльгію, дзе працаваў у вуглездабывальнай шахце. У 1953 (па сьмерці Міколы Равенскага) быў запрошаны на пасаду дырыгента студэнцкага Ансамблю беларускай песьні і танцу ў Лёвэне. Шырока папулярызаваў беларускую песьню ў Заходняй Эўропе. З ансамблем выступаў у Боне, Брусэлі, Кёльне, Лёндане і Парыжы.

У траўні 1956 року пераехаў у ЗША. Жыў у Кліўлэндзе, дзе браў удзел у беларускім культурна-грамадзкім жыцьці. Быў кіраўніком беларускіх сьвецкіх і царкоўных хораў, музычных калектываў і драматычнага гуртку. Удзельнічаў у рэарганізацыі кліўлэндзкага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Кампанаваў царкоўную музыку, аўтар музычнага зборніку «Вялікдзень». Сябра БАЗА, уваходзіў у кіраўніцтва Кліўлэндзкага аддзелу арганізацыі. Настаўнік беларускай суботняй школы. Адкрыў у Кліўлэндзе ўласную інструмэнтальна-музычную студыю.

Увосень 1979 року выехаў да дачкі ў Польшчу. Жыў у Беластоку. Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Ўсіх Сьвятых у Выгодзе(d).

  1. ^ Паводле іншых зьвестак — на Беласточчыне альбо Слонімшчыне
  1. ^ Cmentarz w Białymstoku // парафія Ўсіх Сьвятых — 1982.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]