Перайсьці да зьместу

Камуністычная партыя Летувы і Заходняй Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «КПЛіЗБ»)

Камуністычная партыя Летувы і Заходняй Беларусі (КПЛіЗБ) — партыйная арганізацыя, якая дзейнічала на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Летувы і Заходняй Беларусі ў 1918—1919 рр. Была часткай РКП(б) і працавала пад ейным кіраўніцтвам.

Створаная ў кастрычніку 1918 року на I зьездзе, які прызнаў асноўнай задачай партыі выгнаньне нямецкіх акупантаў, зьвяржэньне панаваньня буржуазіі і ўстанаўленьне савецкай улады, прыняў Статут, выбраў ЦК (Пранас Эйдукявічус, Раман Піляр, С. Грыб, Канстанцін Кярновіч, А. Бразджыёніс, Аляксандрас Якшэвічус, у сьнежні 1918 кааптаваны Вінцас Міцкевіч-Капсукас і Зігмас Ангарэціс). I зьезд КПЛіЗБ назваў партыю Кампартыяй Летувы і Беларусі першай акупацыі (куды адносілася тэрыторыя, захопленая немцамі ў 1915 па лініі ДзьвінскНарачКрэваНаваградакБаранавічыПінск, г. зн. да наступленьня немцаў у лютым 1918). Ад I зьезду КПЛіЗБ бярэ пачатак Кампартыя Летувы. Пад кіраўніцтвам КПЛіЗБ праводзіліся стачкі і мітынгі працоўных у Вільні, Горадні, Коўне, Лідзе, Панявежы, Шаўлях і інш. У падпольлі створаны органы савецкай улады. На пасяджэньні ЦК КПЛіЗБ 8 сьнежня 1918 у Вільні ўтвораны Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Летувы, які 16 сьнежня 1918 выдаў Маніфэст пра абвяшчэньне савецкай улады ў Летуве і Заходняй Беларусі. 3 канца сьнежня 1918 ЦК КПЛіЗБ выдаваў газэту «Камуніст» на расейскай, летувіскай, польскай і гэбрайскай мовах. КПЛіЗБ правяла зьезд і 2 канфэрэнцыі. II канфэрэнцыя КПЛіЗБ выказалася за аб’яднаньне Летувіскай ССР і БССР у адну Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). КПЛіЗБ аб’ядналася з Кампартыяй Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.