Перайсьці да зьместу

Замкавая гара (Амсьціслаў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік археалёгіі
Замкавая гара
Замкавая гара
Замкавая гара
Краіна Беларусь
Места Амсьціслаў
Каардынаты 54°01′31″ пн. ш. 31°43′40″ у. д. / 54.02528° пн. ш. 31.72778° у. д. / 54.02528; 31.72778Каардынаты: 54°01′31″ пн. ш. 31°43′40″ у. д. / 54.02528° пн. ш. 31.72778° у. д. / 54.02528; 31.72778
Дата заснаваньня XII ст.
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Замкавая гара на мапе Беларусі
Замкавая гара
Замкавая гара
Замкавая гара
Замкавая гара на Вікісховішчы

Замкавая гара — узгорак і помнік археалёгіі ў Амсьціславе, першапачатковы цэнтар старажытнага места (дзядзінец). Знаходзіцца на высокім правым беразе ракі Віхры, узвышаецца на 20 м над узроўнем вады. Пляцоўка плошчай каля 2 га пэрымэтрам умацоўвалася кальцавым валам, ад якога захавалася паўднёва-ўсходняя частка. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Зьнішчэньне дзядзінца ў час Трубяцкой разьні

Першы пісьмовы ўпамін пра гарадзішча ў Амсьціславе датуюцца 1135 годам[1]. Найбольш раньняя драўляная пабудова датуецца 1204 годам. У 1230—1240-я гады тут праклалі драўляную маставую. На 1260-я гады прыпадае найбольш інтэнсіўнае будаваньне ў Амсьціславе. У пачатку XIV ст. пажар зьнішчыў большасць пабудоваў. Па аднаўленьне места зьмяніўся яго плян, на месцы былога гарадзішча збудавалі драўляны замак. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1654 годзе дзядзінец зьнішчылі маскоўскія захопнікі ў час Трубяцкой разьні.

У 1893 годзе гарадзішча дасьледаваў Еўдакім Раманаў, у 1925 годзе — Аляксандар Ляўданскі, у 1928 годзе — Сяргей Дубінскі, у 1978 годзе — Міхась Ткачоў. У 1956—1985 гадох тут праводзіў раскопкі Леанід Аляксееў (ускрыта больш за 1200 м²), у 2014 годзе — Ігар Марзалюк.

Культурны пласт (3,3 м) з 3 гарызонтаў. Ніжні (0,8—0,9 м над мацерыком) склаўся з часоў існаваньня першапачатковага паселішча да ўзьнікненьня вулічных драўляных маставых. Сярод знаходак падвескі ў выглядзе абраза, сегнерава кола з выявай крыжа і інш., рэшткі драўляных пабудоваў. У паўночнай частцы дзяцінца ў мацерыку выявілі могільнік першых жыхароў Амсьціслава, а таксама рэшткі зьнішчаных пажарам пабудоваў. У сярэднім пласьце драўлянымі насціламі вуліц вылучаюцца адначасныя напластаваньні помніка. Выявілі рэшткі 2 вымашчаных бярвёнамі перакрыжаваных вуліцаў. У верхнім пласьце з прычынаў ўмоваў заляганьня драўляныя рэшткі не захаваліся. Заходні бок вуліцы, якая ішла ў кірунку поўнач—поўдзень, меў шчыльную забудову клецямі, сярод якіх вылучаўся дом з падлогай і глінабітнай печчу. На ўсходнім баку вуліцы стаяла чатырохкутная ў пляне капліца з алтаром і пахаваньнямі ўсярэдзіне. Прасочваюцца межы двароў, абнесеных вастраколам. Выяўленыя рэшткі абарончай вежы-данжона, у якой, відаць, разьмяшчалася царква.

Сярод знаходак — бронзавы крыж-энкалпіён (канец XII ст.) з надпісам «Богородица помогай», фрагмент берасьцяной граматы, пісалы з надрапанымі літарамі НТА, Ж, РВ, шахматныя фігуры з дрэва і косьці (латнік і лазьдзя), аскелкі шклянога келіха з арабскім надпісам, рэшткі разьбітых званоў, сагнуты наканечнік вялікай рагаціны XII—XIII стагодзьдзяў

Паводле пісьмовых крыніцаў, на дзяцінцы існавалі 2 царквы — Багародзіцы і Сьвятога Мікалая. Ад першай захаваліся фрагмэнты плінфы мяжы XII—XIII стагодзьдзяў, часткай другой, відаць, была выяўленая абарончая вежа-данжон. Канструкцыя апошняй дае падставу меркаваць, што цэрквы абарончага тыпу існавалі ў Беларусі раней за XV—XVI стагодзьдзі (у той час іх узводзілі з дрэва)[2].

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ткачоў М., Трусаў А. Гарадзішча «Замкавая гара», вакольны горад // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Менск, 1986. С. 303.
  2. ^ Аляксееў Л., Мяцельскі А., Трусаў А. Мсціслаў // Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 2: К — Я. — Мн.: БелЭн, С. 103.
  • Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 2: К — Я. — Мн.: БелЭн,  
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986. — 408 с.: іл.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  512В001057