Перайсьці да зьместу

Баўгарская фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 42°41′44″ пн. ш. 23°19′0″ у. д. / 42.69556° пн. ш. 23.31667° у. д. / 42.69556; 23.31667

«Баўгарская фондавая біржа»
баўг. Българска фондова борса
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Сафія, Баўгарыя
Заснаваная 10 кастрычніка 1991 (33 гады таму)
Уладар Міністэрства фінансаў Баўгарыі
Ключавыя асобы Асэн Ягодзін, Маню Маравэнаў[1]
Валюта баўгарскі леў
Колькасьць лістынгаў 74 (2021 год)[2]
РынКап 8,784 млрд львоў (канец 2020 г.; 5,524 млрд $)
Аб'ём 269,919 млн львоў (2020 год; 157,314 млн $)[3]
Індэксы «Сафікс», «БГБХ40», «БГ ТР40», «БГ Рэйт»
Сайт bse-sofia.bg

«Баўга́рская фо́ндавая бі́ржа» («БФБ») — біржа ў Сафіі, заснаваная ў кастрычніку 1991 году пад назвай «Першая баўгарская фондавая біржа».

На 2021 год месьцілася пасярод Сафіі на вуліцы Трох вушэй, д. 6[4]. У падпарадкаваньні выканаўчага кіраўніка правацавалі аддзел ухваленага мэханізму абнародаваньня і 5 дырэкцыяў — 1) гандлю, эмітэнтаў і сяброўства, 2) інфармацыйных тэхналёгіяў, 3) карпаратыўнага разьвіцьця, 4) правамернасьці, 5) фінансава-адміністратыўная[5].

На 2021 год на Прэміюм-сэгмэнт «Баўгарскай фондавай біржы» дапускалі прадпрыемствы, якія: 1) разьмясьцілі свае акцыі на Асноўным рынку ў Стандартным сэгмэнце, 2) праіснавалі 5 гадоў, 3) мелі вартасьць паёў звыш 5 млн львоў або 25 % паёў ва ўласнасьці малых пайшчыкаў, 4) мелі штомесячнае абарачэньне на 300 000 львоў цягам папярэдніх 6 месяцаў, 5) мелі 150 зьдзелак у сярэднім штомесяц за папярэднія 6 месяцаў, 6) былі прыбытковымі папярэднія 2 гады. У Стандартным сэгмэнце паі мусілі мець цягам папярэдніх 6 месяцаў: сярэднемесячнае абарачэньне звыш 4000 львоў і звыш 5 зьдзелак штомесяц. Выпуск аблігацыяў мела складаць прынамсі 1 млн львоў і мець тэрмін пагашэньня ад аднаго году[6]. Плата за допуск да гандлю складала 0,01 % ад балянсавай вартасьці паёў, а таксама 1000 львоў за выпуск прыватных аблігацыяў і 200 львоў за выпуск дзяржаўных. Плата за падтрыманьне паёў на рынку складала 0,01 % ад іх рынкавай вартасьці на канец кожнага месяца за папярэдні год[7]. Гандаль паямі каштаваў 0,065 % іх цаны, аблігацыямі — 0,01 %, кампэнсацыямі і правамі — 0,03 %, а паямі падчас прыватызацыі — 0,2 %[8]. Прэміюм-рынак біржы ўлучаў 7 прадпрыемстваў: «Карада» (Стражыца), «Монбат», «Першы інвэстыцыйны банк», «Сафарма», холдынг «Сырма», «Хімімпарт» і «Цэнтральны каапэратыўны банк»[9]

На 2021 год «Баўгарская фондавая біржа» вылічала 4 індэксы: «Сафікс», «БГБХ40», «БГ ТР40» і «БГ Рэйт»[10].

  • «Сафікс» («Sofix»). Пачаў вылічацца 20 кастрычніка 2000 году ад 100 пунктаў. Складаўся зь 15 прадпрыемстваў, якія мелі прынамсі 750 пайшчыкаў і чыімі паямі гандлявалі на ўпарадкаваным рынку прынамсі 3 месяцы. Рынкавая капіталізацыя іх паёў у вольным абарачэньні мела перавышаць 10 млн львоў. Яго аснова зьмянялася кожныя 6 месяцаў на падставе найбольш гандляваных паёў, а ўлік паёў у вольным абарачэньні — кожны квартал. Найбольшая вага галіны складала 20 %, а аднаго прадпрыемства — 15 %. На 16 красавіка 2021 году вартасьць індэксу складала 514,3 пунктаў[11].
  • «БГБХ40» («BGBX40»). Стаў вылічацца з 2 студзеня 2014 году ад 100 пунктаў. Налічваў 40 прадпрыемстваў. Найбольшая вага галіны мела налічваць 25 % у складзе 4-х прадпрыемстваў, а вага аднаго прадпрыемства ў індэксе — 10 %. На 16 красавіка 2021 году яго вартасьць склала 116,57 пунктаў[12].
  • «БГ ТР30» («BG TR30»). Створаны 3 верасьня 2007 году вартасьцю ў 1000 пунктаў. Складаецца з 30 прадпрыемстваў паводле каэфіцыенту абарачэньня. Вага кожнай галіны — да 2 прадпрыемстваў. На 16 красавіка 2021 году налічваў 560,84 пунктаў[13].
  • «БГ Рэйт» («BG REIT»). Запушчаны 3 верасьня 2007 году з вартасьцю 100 пунктаў. Налічваў 7 прадпрыемстваў у галіне нерухомасьці з абмежаваньнем вагі кожнага 20 % памеру індэксу. На 16 красавіка 2021 году налічваў 144,43 пункты[14].

На 2021 год рынкаўтваральнікі «Баўгарскай фондавай біржы» абавязваліся прапаноўваць куплю і продаж паёў з разьбежкай 5 % ад рынкавай расцэнкі цягам паловы гандлёвага дня ў кожны 2-і дзень месяца. Разьбежка для аблігацыяў мела складаць 1 %, вартасьць расцэнкі — ад 2500 львоў для асноўнага рынка і ад 5000 эўра для міжнароднага. Новая расцэнка мела прапаноўвацца не пазьней як празь 5 хвілінаў пасьля выкананьня папярэдняй. Таксама расцэнка дзейнічала прынамсі 90 % часу ад першага да апошняга аўкцыёну. Агулам налічвалася 6 рынкаўтваральнікаў: «АБВ Інвэстыцыі», «Бэнчмарк Фінанс», «Элана Трэйдынг», «Карол», «Першы фінансавы брокерскі дом» і «Поўдзень Маркет»[15]. Штогод сябры біржы (інвэстбанкі) выплочвалі па 2000 львоў за сяброўства і па 300 львоў за кожны аддалены гандлёвы тэрмінал[16]. Разам на біржы налічвалася 46 брокераў[17].

15 красавіка 1914 году баўгарскі цар Фэрдынанд І падпісаў Указ № 7 аб дазволе на заснаваньне «Сафійскай фондавай біржы» («СФБ»), якая ў студзені 1918 году пачала гандаль паямі 21 прадпрыемства. У лістападзе 1925 году біржа прыпыніла гандаль, які аднавіла ў верасьні 1928 году. У 1933 годзе на «СФБ» гандлявалі паямі 30 прадпрыемстваў. У 1947 годзе біржа спыніла працу[18].

10 кастрычніка 1991 году некалькі прыватных банкаў заснавалі акцыянэрнае таварыства «Першая баўгарская фондавая біржа» («ПБФБ»). 16 траўня 1995 году ў Стамбуле (Турэччына) «ПБФБ» стала адной з 12 сузаснавальніцаў «Саюзу эўразійскіх фондавых біржаў» («СЭФБ»). У ліпені 1995 году ўхвалілі Закон «Аб каштоўных паперах, фондавых біржах і інвэстыцыйных таварыствах». На яго падставе ўтварылі Камісію каштоўных папераў і фондовых біржаў (ККПФБ). У сьнежні 1995 году «ПБФБ» пераўтварылася ў «Баўгарскую фондавую біржу» («БФБ») празь зьліцьцё з 4-ма абласнымі біржамі — «Плоўдзіўскай фондавай біржай», «Чарнаморскай фондавай біржай», «Таварнай біржай Дунаю» і «Фондавай біржай Поўначы». У жніўні 1996 году заснавалі АТ «Цэнтральны дэпазытарый» для безнаяўнага разьліку каштоўнымі паперамі. У кастрычніку 1996 году гандаль на біржы прыпынілі, бо ККПФБ запатрабавала ўхваленых ёю праспэктаў ад прадпрыемстваў на біржы. У ліпені 1997 году «БФБ» перайменавалі ў «Баўгарскую фондавую біржу Сафіі» («БФБ Сафіі») ў сувязі з далучэньнем «Сафійскай фондавай біржы». Адначасна зацьвердзілі Правілы працы біржы. 21 кастрычніка 1997 году «БФБ Сафіі» аднавіла гандаль пасьля дазволу ККПФБ. На адкрыцьці прысутнічаў старшыня ўраду Баўгарыі Іван Костаў. У выніку прыватызацыі на Вольным рынку гандлявалі паямі звыш 1000 прадпрыемстваў. У студзені 1998 году на біржы разьмясьцілі 60 % паёў АТ «Элкабэл» (Бургас), якое стала 1-м прадпрыемствам на Афіцыйным рынку. У жніўні 1999 годе стварылі Аблігацыйны сэгмэнт Афіцыйнага рынку, на якім разьмясьцілі першыя карпаратыўныя аблігацыі АТ «ПроСофт». У сьнежні 1999 году Парлямэнт Баўгарыі ўхваліў Закон «Аб публічнай прапанове каштоўных папераў». У кастрычніку 2000-га запусьцілі аўтаматызаваную РГС «Плаза», заснаваную на амэрыканскай сыстэме расцэнкі «Насдак». 20 кастрычніка 2000 году «БФБ Сафіі» пачала вылічаць індэкс «Сафікс»[18].

У кастрычніку 2001-га АТ «Баўгарска-амэрыканскі крэдытны банк» разьмясьціў на біржы 1-я іпатэчныя аблігацыі. У сьнежні 2001 году «БФБ Сафіі» пераўтварыла Вольны рынак у Неафіцыйны з дазволу ККПФБ. У лютым 2003 году запусьцілі Анлайн-сыстэму заказаў кліентаў. У сакавіку 2003 году Дзяржаўную камісію каштоўных папераў перайменавалі ў Камісію фінансавага нагляду, якая стала правяраць усе нябанкаўскія фінансавыя прадпрыемствы. У ліпені 2004 году АТ «Інвэстар.БГ» стала першым прадпрыемствам, якое прайшло першаснае разьмяшчэньне акцыяў на біржы. У студзені 2005 году АТ «Баўгарская тэлекамунікацыйная кампанія» разьмясьцілі на біржы 34,78 % паёў, што зрабіла прадпрыемства найбольшым паводле вартасьці ў Баўгарыі. У лютым 2005-га запусьцілі індэкс «БГ40» зь ліку прадпрыемстваў, чыімі паямі найбольш гандлявалі папярэднія 6 месяцаў. У чэрвені 2005 году «БФБ Сафіі» стала прадаваць дыяграмы ўнутрыдзённага гандлю. У кастрычніку 2006-га зацьвердзілі Кодэкс карпаратыўнага кіраваньня для прадпрыемстваў на біржы. У студзені 2007-га запусьцілі сыстэму раскрыцьця зьвестак «Экстры». У чэрвені 2007 году «БФБ Сафіі» стала паўнапраўным сябрам Саюзу эўрапейскіх фондавых біржаў (Бэльгія). У верасьні 2007-га запусьцілі 2 індэксы — «БГ Рэйт» для прадпрыемстваў нерухомасьці і «БГ ТР30» з роўнымі долямі 30 прадпрыемстваў. 30 кастрычніка 2007 году заключылі 5-гадовае пагадненьне з АТ «Нямецкая біржа» (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн) аб укараненьні электроннай сыстэмы гандлю «Ксэтра», якую запусьцілі ў чэрвені 2008 году. У студзені 2008-га для раскрыцьця зьвестак прадпрыемстваў на біржы запусьцілі вэб-бачыну x3news.com. У красавіку 2008 году пусьцілі аналітычны дастасунак «Х3Аналіз» распрацоўкі ТАА «Балканскія паслугі»[18].

У верасьні 2010 году «БФБ Сафіі» павялічыла свой капітал з 5,8 млн львоў да 6,5 млн львоў (5,4 млн $) за кошт продажу паёў Міністэрству фінансаў Баўгарыі, якое было асноўным акцыянэрам біржы. У студзені 2011 году «БФБ Сафіі» разьмясьціла свае паі на рэгуляваным рынку біржы. У ліпені 2011 году працягласьць гандлёвага дня падоўжылі да 17:30. У сьнежні 2011 году на біржы прыватызавалі па 33 % паёў дзяржаўных АТ «Электразабесьпячэньне Баўгарыі» і «Электраразьмеркаваньне Баўгарыі». У сакавіку 2012 году рынкі біржы падзялілі на асноўны і альтэрнатыўны. У кастрычніку 2012 году на біржы прыватызавалі па 33 % паёў дзяржаўных АТ «Энэрга-Про Продажы» і «Энэрга-Про сеткі». У лістападзе 2012 году прыватазывалі па 33 % паёў АТ «ЧЭЗ Электра Баўгарыі» і «ЧЭЗ Разьмеркаваньне Баўгарыі». У траўні 2014 году «БФБ Сафіі», «Заграбская біржа» і «Македонская біржа» заключылі з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (Ангельшчына) грантавае пагадненьне аб распрацоўцы 3-баковай электроннай сыстэмы гандлю каштоўнымі паперамі, якую запусьцілі ў красавіку 2016 году пад назвай «Повязь ЦУЭ». У верасьні 2016 году кіраўнічае АТ «Экспат» стварыла біржава-гандляваны фонд «Сафікс Юсіт». У кастрычніку 2017-га на біржы стварылі ўпарадкаваны другасны рынак дзяржаўнага ўнутранага доўгу, у якім сярод іншых удзельнічаў Баўгарскі народны банк. У лютым 2018 году «БФБ Сафіі» набыла «Баўгарскую незалежную энэргетычную біржу» («БНЭБ») ў «Баўгарскага энэргетычнага холдынгу». У чэрвені 2018-га «БФБ Сафіі» вярнула сабе назву «Баўгарская фондавая біржа» («БФБ»). У жніўні 2018-га вытворца кураціны «Градус» правёў першаснае разьмяшчэньне акцыяў на суму 81,4 млн львоў (49,1 млн $). У сьнежні 2018 году «БФБ» атрымала дазвол Камісіі фінансавага нагляду на адкрыцьцё Рынку росту пад назвай Баўгарскі рынак паскарэньня прадпрыемстваў, дзе малыя прадпрыемствы маглі зьбіраць да 1 млн капіталу без праспэкту. У чэрвені 2019 году ўкаранілі плятформу біржавога гандлю «Т7» распрацоўкі «Нямецкай біржы»[18].

У 2020 годзе выручка «Баўгарскай фондавай біржы» вырасла да 4,236 млн львоў (2,664 $), а чысты прыбытак больш як падвоіўся да 1,008 млн львоў (633 тыс. $)[19].

  1. ^ Кіраваньне (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  2. ^ Гандляваныя прылады (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  3. ^ Статыстыка (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  4. ^ Кантакт (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  5. ^ Арганізацыйная будова (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  6. ^ Умовы допуску (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  7. ^ Выплаты за допуск (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  8. ^ Выплаты за гандаль (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  9. ^ Прэміюм-рынак (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  10. ^ Індэксы (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  11. ^ Індэкс «Сафікс» (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  12. ^ Індэкс «БГБХ40» (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  13. ^ Індэкс «БГ ТР30» (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  14. ^ Індэкс «БГ Рэйт» (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  15. ^ Рынкаўтваральнікі (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  16. ^ Умовы сяброўства (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  17. ^ Сьпіс сябраў (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 16 красавіка 2021 г.
  18. ^ а б в г Гісторыя разьвіцьця (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 15 красавіка 2021 г.
  19. ^ Справаздачы (баўг.) // АТ «Баўгарская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 15 красавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]