Перайсьці да зьместу

Жаляхоўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Жэляхоўка»)
Прыклад тэксту жаляхоўкаю

Жаляхо́ўка (па-ўкраінску: желехі́вка, желіхі́вка[1]) ці сыстэ́ма Жаляхо́ўскага (укр. Система Желехівського) — украінскі фанэтычны правапіс у Заходняй Украіне ў апошняй чвэрці XIX — першай чвэрці XX стагодзьдзя, які на аснове грамадзянскага шрыфту й пашыранае на той час ва ўкраінскай мове фанэтычнай артаграфіі (зь некаторымі зьменамі) стварыў Яўген Жаляхоўскі для ўласнага «Маларуска-нямецкага слоўніку» (1882—1886), які цалкам[2] выйшаў друкам тым жа 1886 рокам.

Яўген Жаляхоўскі

Менавіта што для «Маларуска-нямецкага слоўніку» Я. Жаляхоўскі стварыў уласны фанэтычны правапіс, які пабудаваў на ґрунце кулішоўкі, пашыранай на ўсходзе Ўкраіны. Гэта была спроба аб’яднаць галіцкі говар і новую ўкраінскую літаратурную мову, распрацаваць агульныя правілы артаґрафіі. Напрыканцы ХІХ ст. нямала словаў галічане пісалі, абапіраючыся на ўласныя дыялектычныя асаблівасьці[2].

Навінкаю гэтага правапісу быў пасьлядоўны ўжытак ї ня толькі замест [jі], але й па зычных на месцы даўніх ѣ ды [е]. Жаляхоўка моцна запанавала сярод прыхільнікаў фанэтычнага правапісу як на Галічыне, так і на Букавіне. Уласна, яна не была нейкаю навіною, бо ў галоўных рысах яе знаходзіма ў пісаньнях, напрыклад, А. Аганоўскага[1].

Жаляхоўка замацаваная ў «Рускай ґраматыцы» С. Смаль-Стоцкага й Т. Ґартнэра, што выйшла ў сьвет у 1893 годзе ў Львове, за рок да гэтага сыстэма Жаляхоўскага абвешчаная афіцыйнаю для ўкраінскае мовы ў Аўстра-Вугоршчыне (замест максімовічаўкі), упершыню з загаду аўстрыйскага міністэрства асьветы «Руская ґраматыка» стала афіцыйнаю ў школах і урадавым справаводзтве Галічыны[3]. Выдадзеную «Рускую ґраматыку» па сыстэме Я. Жаляхоўскага Ірына Фарыён лічыць за канчатковую кропку ў перамозе нарадоўцаў[3]. Зь зьяўленьнем «Маларуска-нямецкага слоўніку», а такім чынам, і новага правапісу, язычча, як макаранічная літаратурная мова, паступова выйшла з ужытку[4].

Жаляхоўку, апрача кулішоўкі й драгаманаўкі, ґрунтоўнійша апрацавала моўная камісія пры Навуковым таварыстве імя Т. Шаўчэнка, якая ў 1904 годзе выдала «Рускую правапісь з слоўнічкам». З пэўнымі зьменамі жаляхоўку ўжыў Барыс Грынчэнка ў выдадзеным ім чатырохтомным «Слоўніку ўкраінскае мовы», большасць правапісных правілаў, ужытых і ім, дзеюць і да гэтага часу.

Дзеяў правапіс да 1922, а недзе — й да 1940-х рокаў, пакуль на зьмену яму не прыйшла новая артаґрафічная сыстэма Ўкраінскае акадэміі навук[2].

Асаблівасьці правапісу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівасьці гэтага правапісу былі абумоўленыя дыялектнымі рысамі галіцкіх гаворак: у сувязі з разьдзяленьнем у заходнеўкраінскіх гаворках цьвёрдых і мяккіх зубных перад гукам і дапаўнялася сыстэма ётаваных ва ўкраінскай мове:

  • Літара ї пісалая ня толькі для пазначэньня ётаванага і ў словах тыпу їхав, мої, але й гуку і з ѣ ды е па мяккіх зубных зычных д, т, з, ц, с, л, н (дїло, тїло, цїна, сїно, лїс, тїк, принїс і да т. п.).
  • Па цьвёрдых зубных ужывалася літара ітіл, сік).

Гук [і] з [о] у новазакрытых складах перадаваўся праз і (поділ). Літары ъ, ѣ, ы былі выключаныя з альфабэту. Ётаваны [е] і мяккасьць сьпераду зычнага перад [е] перадаваліся праз є, ётаваны [о] — літаразлучэньнем йо, а мяккасьць зычнага перад [о] — праз ьо.

Згодна з галіцкім вымаўленьнем, у назоўніках ніякага роду не адбывалася падаўжэньня зычных і пісаўся канчатак є адпаведна з наддняпроўскім я (зїлє, житє, знанє), прыметнікавыя суфіксы -ський, -цький не зьмякчаліся (україньский, нїмецкий), але пазначалася мяккасьць [с] перад наступным цьвёрдым губным зычным (сьміх, сьвято, сьвіт), частка -ся пісалася асобна ад дзеяслова (учить ся, являє ся), як і дапаможныя дзеясловы му, меш, ме ад інфінітываў у формах будучага часу незакончанага трываньня (робити ме, ходити меш).

Апостраф ставіўся пасьля прэфіксаў на зычны перад ётаваным і й о (з’явленє, з’їзд, під’їсти, з’орати), за выняткам губных (мясо, вязати, пє, бю).

Выбуховы [g] перадаваўся праз ґ.

Іншамоўныя словы й розныя формы асобных словаў перадаваліся згодна зь мясцовым вымаўленьнем з улікам вымаўленьня некаторых гукаў у тых мовах, зь якіх былі запазычаныя словы, у прыватнасьці, з пазначэньнем мяккасьці л (клюб, плян, блюза, кляса, льокальний, зоольоґія, Клявдия).

Правапіс Жаляхоўскага меў як істотныя перавагі перад папярэднікамі, так і пэўныя хібы. Супярэчлівым было, напрыклад, напісаньне літары ї замест і на месцы гістарычных ѣ ды е, што мела сэнс у заходніх дыялектах і гаворках Правабярэжжа, дзе зьберагалася падзяленьне цьвёрдых і мяккіх зубных зычных перад і, але стварала пэўныя нязручнасьці для часткі ўсходніх гаворак, дзе такі падзел зьнік.

Усходнеўкраінскія пісьменьнікі ды навукоўцы (Барыс Грынчэнка, Агатангел Крымскі ды іншыя) паставіліся да жаляхоўкі нэгатыўна, хоць заходнеўкраінская інтэлігенцыя і шырокая грамадзкасьць успрынялі яго досыць прыхільна. У 1893 року жаляхоўкаю была надрукаваная «Руская граматыка» Сьцяпана Смаль-Стоцкага і Тэадора Гартнэра. Жаляхоўка была зацьверджаная аўстрыйскім урадам для афіцыйнага ўжытку ў школьнымі навучаньні і безразьдзельна панавала ў Заходняй Украіне да 1922 року, а асобныя творы друкаваліся ёю й пазьней.

Хоць у Наддняпроўскай Украіне папулярызатарам жаляхоўкі быў Міхайла Грушэўскі (у выданьнях пасьля рэвалюцыі 1905 року, галоўным чынам у «Літаратурна-навуковаму весьніку»), аднак тут была прынятая «грынчэнкаўка» — правапіс, змадыфікаваны Барысам Грынчэнкам і ўжываны ў «Слоўніку ўкраінскай мовы» (1908)[5].

  1. ^ а б  Огієнко, Іван Рідна мова (укр.). — Київ: 2010. — С. 346. — ISBN 978-966-7821-42-5
  2. ^ а б в Як сто років тому мова об'єднала схід і захід (укр.)
  3. ^ а б Нотатки з приводу відвідин батьківщини видатного мовознавця та громадського діяча Євгена Желехівського (укр.)
  4. ^  Москаленко, Артем Нарис історії української лексикографії (нев.). — Кіеў: 1961. — С. 79.
  5. ^ Желехівка // Енциклопедія українознавства. У 10-х томах / Головний редактор Володимир Кубійович. — Париж; Нью-Йорк: Молоде життя, 1954—1989.