Езуіты зь Беларусі ў ЗША

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пасьля скасаваньня папам Клімэнтам XIV 21 ліпеня 1773 ордэну езуітаў яны засталіся адно ў беларускіх землях, далучаных пасьля Першага падзелу Рэчы Паспалітай да Расеі. Наступнік Клімэнта XIV, Піюс VI, зацьвердзіў ордэн, захаваны на Беларусі, і дазволіў прымаць кандыдатаў у навіцыят. У сувязі з гэтым езуіты распачалі сваю дзейнасьць і ў іншых землях Расейскае імпэрыі: у 1801 адкрылі гімназію ў Санкт-Пецярбургу й атрымалі касьцёл сьв. Кацярыны, заклалі пляцоўкі ў Саратаве (1803), Адэсе (1804), Астрахані (1805), на Каўказе ў Маздоку (1805), у Іркуцку (1811) і Томску (1811), адкуль атулялі душпастырскай апекай ня толькі Томскую губэрню, але штогод аб’яжджалі таксама Табольскую, Енісейскую губэрні і кіргіскія стэпы. 7 жніўня 1814 Піюс VII аднавіў Таварыства ва ўсім сьвеце.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым зь беларускіх езуітаў у ЗША патрапіў кс. Норбэрт Корсак, прафэсар філязофіі й матэматыкі з Полацка. Спачатку яго накіравалі на місію ў Кітай. Паколькі патрапіць туды было праблематычна, у 1805 яго адправілі ў штат Мэрылэнд, ЗША, каб ён разгарнуў духоўную апеку над польскімі працоўнымі, якія ў пошуках хлеба выехалі на эміграцыю.

Хутка пасьля выезду кс. Корсака генэралам ордэна стаў Тадэвуш Бжазоўскі. Ён распачаў плянавую акцыю папаўненьня Паўночнае Амэрыкі сьвятарамі зь Беларусі. Для гэтага ён выкарыстаў інтэлектуапьна падрыхтаваныя сілы, якія прыбылі з Заходняе Эўропы. Усяго ў 18051820 у ЗША прыбыло 13 сьвятароў Таварыства, якія належалі або паходзілі зь беларускае правінцыі: 4 французы (П’ер Эпінэт, Фідэль Грывэль, Жан Анры, Жан Мэнэ); 4 беларусы (Францішак Дзеружынскі (нар. у Воршы), Вільгельм Файнэр (нар. у Полацку), Норбэрт Корсак (нар. у Віцебску), Баніфацы КрукоўскіДынабургу); 2 немцы (Антон Кольман, Максіміян Ранцаў), 2 бэльгійцы (Франсуа Малевэ, П’ер Малю) і адзін італьянец (Джавані Грасі). Дзевяць зь іх былі прафэсарамі Полацкае Акадэміі (Дзеружынскі, Эпінэт, Файнэр, Грасі, Грывэль, Корсак, Крукоўскі, Мэнэ, Сацкі), тры вучылі ў школах, залежных ад Полацкае Акадэміі (Малю: Магілёў, Ворша, Віцебск; Малевэ: Астрахань; Ранцаў:Санкт-Пецярбург).

Першымі для працы ў ЗША былі прызначаны Анры й Малевэ. Яны прыехалі ў Злучаныя Штаты ў канцы ліпеня 1806. Працавалі сярод індэйцаў у Ілінойсе і Кентукі. Ксёндз Анры, француз. які адбыў навіцыят у Дынабургу, пасьля курса ангельскае мовы ў Джорджтаўне стаў вандроўным місіянэрам сярод каталіцкага насельніцтва, расьцярушанага па невялікіх хутарох.

Ксёндз Малевэ, бэльгіец, які таксама паступіў у Дынабургу, у Джорджтаўне навучаў ангельскай мове і праводзіў рэкалекцыі ў навакольлі. 3 1808 працаваў у Ньютане й адпраўляўся зь місіямі ў бліжэйшыя сялібы. У 1809 адкрыў школу ў Фрэдэрык. Таксама вёў місіі ў штатах Мэрылэнд і Вірджынія.

Эльзасец Кольман у Джорджтаўне стаў прафэсарам філязофіі і кіраўніком студыяў. Наведваў каталікоў, расьцярушаных па штатах Мэрылэнд, Вірджынія й Пэнсыльванія. Увосень 1808 ён быў накіраваны ў Нью-Ёрк, дзе прысьвяціў сябе парафіяльнай працы пры касьцёле Сьвятога Пятра, кіраваў парафіяльнай школкай для 400 бедакоў. Карыстаўся вялікай пашанай сярод пратэстантаў. Стаўшы адміністратарам нова-ўзьніклае Нью-Ёрцкае дыяцэзіі, у 1809, адчуваючы неабходнасьць адкрыцьця школы, купіў пляц пад будаўніцтва калегіі, а пры катэдры сьв. Патрыка заклаў «New York Lіtterary Іnstіtutіon». Таксама адкрыў інтэрнат для моладзі, як каталіцкай, так і пратэстанцкай. У 1820 перавёўся ў Вашынгтон. Дзякуючы яму там узьнік «Gonzaga Соllеgе», які стаў вядучай навучальнай установай сталіцы. А Эпінэт у Джорджтаўне навучаў францускай мове і лаціне, а таксама выкладаў філязофію.

Пасьля старту першых полацкіх езуітаў, якія вызначаліся вялікай актыўнасьцю і здольнасьцю выконваць даручаную ім справу, амэрыканская місія чакала далейшае пэрсанальнае падтрымкі зь Беларусі. Аднак у 1807—1809 не прыехаў ніхто, бо дзяржаўныя ўлады не давалі патрэбнага дазволу. Толькі ў наступныя гады тры езуіты атрымалі дазвол на выезд: у 1810 выпусьцілі Грасі, а ў 1811 — Ранцава і Малю.

Італьянец Грасі спачатку навучаў італьянскай і францускай мове ў Джорджтаўне, а з 1813 — матэматыцы. Вучэльню ён узбагаціў фізычнымі і астранамічнымі прыборамі, якія прывёз з сабой. У 1812 ён стаў рэктарам найстарэйшае каталіцкае вучэльні ў ЗША ў Джорджтаўне. Рэарганізаваўшы студыі, ён убярог каледж ад заняпаду і лічыўся яго другім заснавальнікам. Пры ягоным кіраваньні школа атрымала такую славу, што туды пасылалі сваіх сыноў нават кангрэсмэны. У 1815 Кангрэс даў згоду на атрыманьне ў каледжах навуковых ступеняў. У 1819 Грасі апублікаваў у Мілане працу, дзе апісаў стан Касьцёлу ў ЗША ў першыя гады ХІХ стагодзьдзя.

Немец Ранцаў уступіў у ордэн 29 лістапада 1808 будучы сьвятаром. Ён стаў прафэсарам нямецкае мовы ў пецярбурскім канвікце. У 1811 выехаў у Штаты. Малю працаваў ў Нью-Ёрку й Джорджтаўне.

Ксёндз жа Францішак Дзеружынскі ў 1823 узначаліў ордэн езуітаў.

Загадам цара Аляксандра І ад 27 жніўня 1820 езуіты былі выгнаныя з Расейскае імпэрыі. Калі яны пакінулі Беларусь, выезд полацкіх езуітаў у ЗША спыніўся.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арлоў, У. Таямніцы полацкай гісторыі. — Мінск, 1994, 2000, 2002