Крывадача
Крывадача (дача або донарства крыві; лац. donare — даваць) — добраахвотная здача крыві для пераліваньня хвораму і вырабу лекаў шляхам падзелу на складнікі. Ажыцьцяўляецца пасьля лекарскага агляду і аналізу крыві на ВІЧ (СНІД), вірусы гепатытаў В і С, пранцы. Мужчынам дазваляецца рабіць да 5 крывадачаў на год, жанчынам — да 4. Плязму крыві і трамбацыты дазваляецца здаваць да 24 разоў на год. Бясьпечны памер аднаразовай крывадачы складае 450 мілілітраў, дачы плязмы крыві — 500 мілілітраў. Устойлівае паўторнае ажыцьцяўленьне цягам звыш 5 год выклікае ў давальніка крыві паскарэньне аднаўленьня вузаў[1].
Супрацьпаказаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2011 г. лекары адмаўлялі ў здачы крыві пры наяўнасьці прынамсі адной з 29 хваробаў, сярод якіх былі бранхіяльная астма, заражэньне вірусам імунадэфіцыту (СНІД), гепатыт, гіпэртанія ІІ і ІІІ ступеняў, нарказалежнасьць, пранцы, рак, сухоты, глухата і немата, паражэньні скуры і сэрца. Таксама ў крывадачы адмаўлялі людзям з вагой менш за 55 кг[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2011 г. сярод давальнікаў крыві каля 70% складалі мужчыны[1]. За 2011 год Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгіяў (Менск, Даўгінаўскі тракт, д. 160) перапрацаваў і нарыхтаваў каля 190 000 літраў крыві, зь іх 90 000 літраў плязмы крыві. На чэрвень 2012 году ў Беларусі налічвалася 79 896 давальнікаў крыві (0,8% насельніцтва Беларусі), сярэдні ўзрост якіх складаў 41-50 гадоў. Яшчэ 10 957 жыхароў Беларусі былі давальнікамі плязмы крыві, сярэдні ўзрост якіх быў 31-40 гадоў. Выплата за крывадачу складала 334 000 рублёў ($39,9), за плязмадачу — 468 000 руб. ($55,92), за дачу трамбафэрэзу — 780 000 рублёў ($93,13) і прывязвалася да бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). Сярод давальнікаў крыві 54 500 (68%) былі ганаровымі, бо ажыцьцявілі прынамсі 40 крывадачаў або прынамсі 80 плязмадачаў[2].
У 2012 г. узровень крывадачаў (да 500 мілілітраў) у Беларусі склаў 39/1000 жыхароў. У 2013 г. у краіне налічвалася 76 тыс. давальнікаў крыві і 10 тыс. давальнікаў плязмы. Да іх выстаўляліся наступныя патрабаваньні: 1) грамадзянін Беларусі 18-60 гадоў з пашпартам і пастаянным улікам прынамсі 6 месяцаў у мясцовасьці абслугоўваньня ўстановай службы крыві, 2) вядзеньне здаровага ладу жыцьця, 3) прытрымліваньне правілаў асабістай гігіены, 4) паведамленьне лекару аб перанесеных хваробах і выпадковых плоцевых сувязях, 5) адмова ўжыцьця сьпіртовых напояў цягам трох дзён перад крывадачай, 6) адсутнасьць прыкметаў дрэннага самаадчуваньня (боль у горле, галаўны боль, кашаль і насмарк) у дзень крывадачы, 7) адмова прыёму тлустай ежы і паленьня ў дзень мэдычнага абсьледаваньня і крывадачы. Прыём і выпрабаваньне крыві на заразныя хваробы ажыцьцяўлялі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгіяў, 19 станцыяў і 39 аддзяленьняў пераліваньня крыві, 144 кабінэты трансфузіялягічнай дапамогі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Вольга Грыгор'ева, «Менск-Навіны». У Беларусі амаль 70% донараў — мужчыны // Краіна здароўя. — 28 чэрвеня 2011. — № 36 (272). — С. 5.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Кожны здаровы можа стаць героем // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2012. — № 112 (27298). — С. 10. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Гатовыя аддаць // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2013. — № 108 (27473). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крывадача — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў // Зьвязда : газэта. — 9 сьнежня 2010. — № 241 (26849). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналягіяў (рас.)
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |