Дзяржаўная закупка
Дзяржаўная закупка — набыцьцё тавара або паслугі за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.
Згодна з 17-м артыкулам Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)» 2012 году вылучалі 6 відаў ажыцьцяўленьня дзяржаўнай закупкі: 1) адкрыты конкурс, 2) закрыты конкурс, 3) электронны аўкцыён, 4) запыт цэнавых прапановаў, 5) закупка з адной крыніцы, 6) біржавы гандаль[1].
У 2017 годзе рынак дзяржаўных закупак у 28 дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу склаў каля 15 % сукупнага ўнутранага прадукту (звыш 2,2 трлн эўра). На 2018 год 47 са 162 дзяржаваў-удзельніцаў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі былі бакамі Пагадненьня аб дзяржаўных закупках[2].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Адкрыты конкурс. Галосны і спаборны выбар пастаўніка, у рамках якога ўсялякі зацікаўлены падраднік можа прадставіць сваю прапанову. Конкурсныя дакумэнты разьмяшчаюцца ў адкрытым доступе (на афіцыйным сайце).
- Закрыты конкурс. Спаборны выбар пастаўніка сярод падраднікаў, запрошаных заказчыкам шляхам паведамленьня. Выкарыстоўваецца ў выпадку, калі зьвесткі пра закупку ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу.
- Электронны аўкцыён. Галосны і спаборны выбар пастаўніка на электроннай гандлёвай пляцоўцы.
- Запыт цэнавых прапановаў. Спаборны выбар пастаўніка, пераможцам якога прызнаецца падраднік, які прапанаваў найменшую цану. Прымяняецца, калі парогавая вартасьць тавару вызначаецца ўрадам, у тым ліку ў выпадку зьмяшчэньня ў запыце дзяржаўнай таямніцы.
- Закупка з адной крыніцы. Выбар пастаўніка, пры якім заказчык прапануе заключыць дамову толькі аднаму падрадніку на падставе вывучэньня рынку і папярэдніх перамоваў зь вядомымі яму падраднікамі.
- Біржавы гандаль. Ажыцьцяўляецца на таварнай біржы (Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа)[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 лістапада 1993 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў Закон «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэбаў». 13 чэрвеня 2012 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)», які складаўся з 63 артыкулаў. Паводле 7-га артыкула Закону, прэзыдэнт Беларусі «вызначае ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках». Згодна з 8-м артыкулам Савет міністраў Рэспублікі Беларусь:
- «заключае міжурадавыя дамовы Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўных закупках, прымае захады рэалізацыі міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўных закупках;
- зацьвярджае палажэньне аб камісіі;
- мае права вызначаць пералік тавараў, дзяржаўныя закупкі якіх ажыцьцяўляюцца з прымяненьнем біржавога гандлю, і ўсталёўваць парогавае значэньне іх арыентавальнай вартасьці для прымяненьня біржавога гандлю;
- усталёўвае парогавае значэньне арыентавальнай вартасьці тавараў (працаў, паслугаў), дзяржаўныя закупкі якіх ажыцьцяўляюцца з прымяненьнем працэдуры запыту цэнавых прапановаў;
- мае права вызначаць дадатковыя патрабаваньні да арганізацыі і правядзеньня працэдуры закупкі з адной крыніцы пры ажыцьцяўленні дзяржаўных закупак згодна з дадаткам да гэтага Закону;
- мае права ўсталёўваць прэфэрэнцыйную папраўку для тавараў (працаў, паслугаў) уласнай вытворчасьці арганізацыяў, у якіх колькасьць інвалідаў складае ня менш за 50 % ад сьпісачнай колькасьці работнікаў, вызначаць памер такой прэфэрэнцыйнай папраўкі і ўмовы яе прымяненьня;
- вызначае асобаў, якія ажыцьцяўляюць аплату паслугаў арганізатара, апэратара электроннай гандлёвай пляцоўкі, і парадак вызначэньня памеру такой аплаты»[1].
Паводле 15-га артыкула Закону, кожны ўдзельнік спаборніцтва за дзяржаўную закупку мае падаць запытаныя заказчыкам зьвесткі, якія сьведчаць пра: 1) «яго права ажыцьцяўляць адпаведны від дзейнасьці па пастаўцы або рэалізацыі іншым спосабам тавараў (выкананьні працаў, аказаньні паслугаў), а таксама наяўнасьць кваліфікаванага пэрсаналу і досьведу працы ў адпаведнай галіне дзейнасьці, тэхнічную аснашчанасьць, фінансавыя і іншыя магчымасьці, патрэбныя для выкананьня дамовы на працягу ўсяго пэрыяду яе дзеяньня; 2) адсутнасьць запазычанасьці па выплаце падаткаў, збораў (мытаў), пратэрмінаванай запазычанасьці па бюджэтных пазыках, запазычанасьці па плацяжах у бюджэт у сувязі зь невыкананнем або неналежным выкананьнем раней заключаных дамоваў у адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, рэзыдэнтам якой ён зьяўляецца, на 1-ы дзень месяца, які папярэднічае дню падачы прапановы». Паводле 18-га артыкула, «Інфармацыя аб дзяржаўных закупках ... і акты заканадаўства аб дзяржаўных закупках разьмяшчаюцца на беларускай і (або) расейскай мовах у адкрытым доступе на афіцыйным сайце». Гэтая інфармацыя мае ўлучаць: «гадавыя пляны дзяржаўных закупак, запрашэньні да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак, дакумэнты, якія прадстаўляюцца ўдзельніку для падрыхтоўкі прапановы на ўдзел у адкрытым конкурсе, электронным аўкцыёне, паведамленьні аб выніках працэдураў дзяржаўных закупак, зьвесткі аб дамовах..., сьпіс пастаўнікоў, якія часова не дапускаюцца ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак,... пратаколы паседжаньняў камісіяў па пытаньнях адкрыцьця прапановаў, адхіленьні прапаноў і падвядзеньня вынікаў». Пагатоў «заказчык штогод зацьвярджае гадавы плян дзяржаўных закупак і да 8 сакавіка бягучага году разьмяшчае яго на афіцыйным сайце. ... дапаўненні ў гадавы плян дзяржаўных закупак на працягу 15 каляндарных дзён зь дня іх прыняцьця падлягаюць разьмяшчэньню на афіцыйным сайце»[1].
Згодна з Законам (артыкул 20) «Аб'ём аднародных тавараў, якія складаюць прадмет дзяржаўнай закупкі, ня можа складаць менш за квартальную патрэбу ў іх, прадугледжаную гадавым плянам». Паводле 22-га артыкула, «Тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць у выпадку правядзеньня: 1) адкрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце; 2) закрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня накіраваньня індывідуальнага запрашэньня патэнцыйным пастаўнікам; 3) электроннага аўкцыёну — ня менш за 20 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце або ня менш за 10 працоўных дзён, калі арыентавальная вартасьць дзяржаўнай закупкі не перавышае 3000 базавых велічыняў; 4) працэдуры запыту цэнавых прапаноў — ня менш за 10 працоўных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце». Пагатоў, калі адбываецца «разьмяшчэньне запрашэньня ў замежных сродках масавай інфармацыі, тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць на 10 каляндарных дзён больш». Аднак «Пры правядзеньні паўторных працэдураў дзяржаўных закупак тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў можа быць скарочаны заказчыкам, але ня больш чым удвая ад мінімальнага тэрміну»[1].
За 2017 год на дзяржаўныя закупкі ў Беларусі пайшло каля 3 млрд даляраў ЗША, якія склалі 6 % сукупнага ўнутранага прадукту[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2012 году «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)» № 419-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2013 г. Праверана 25 верасьня 2018 г.
- ^ а б Сьвятлана Лук’янюк, тэлеканал «Беларусь 1». У Менску абмяркоўвалі сусьветныя практыкі і падыходы па вядзеньні дзяржзакупак у рамках пагадненьня СГА // Белтэлерадыёкампанія, 3 верасьня 2018 г. Праверана 25 верасьня 2018 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |