Дашкольная ўстанова
Дашко́льная ўстано́ва — установа выхаваньня дзяцей раньняга (з 2 месяцаў) і дашкольнага ўзросту[1] (з 3-х да 6 гадоў).
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паводле ўзросту: ясьлі, дзіцячы сад, ясьлі-сад, школа-сад, асяродак разьвіцьця дзяцей.
- Паводле ўласнасьці: дзяржаўная, калектыўная, мяшаная і прыватная.
- Паводле прызначэньня: агульнага разьвіцьця дзіцяці, з паглыбленым кірункам у працы (эстэтычным, фізычнага выхаваньня), па доглядзе, назіраньні і аздараўленьні, кампэнсоўная (для выпраўленьня цялесных і душэўных хібаў разьвіцьця), камбінаваная[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1 студзеня 1997 году ў Беларусі налічвалася 4511 дашкольных установаў з 444,3 тыс. дзяцей (у сярэднім па 98 дзяцей), у тым ліку 3875 (85,9%) агульнага віду (ясьлі, дзіцячыя сады і ясьлі-сад), 27 санаторных, 28 кампэнсавальных для дзяцей з адхіленьнямі ў душэўна-цялесным разьвіцьці, 13 з паглыбленымі кірункамі ў працы, 3 цэнтры разьвіцьця дзіцяці. Дашкольныя ўстановы наймалі 54,1 тыс. пэдагагічных работнікаў (па 1 на 8 дзяцей): 42,1 тыс. выхавальнікаў (77,8%), каля 5 тыс. музычных кіраўнікоў, 993 кіраўнікі фізычнай культуры, 974 лягапэды і 87 настаўнікаў замежнай мовы[1]. Супрацоўнікаў дашкольных установаў рыхтавалі 5 унівэрсытэтаў (Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт, Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт), 5 каледжаў у Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку і Салігорску і 5 вучэльняў у Горадні, Лідзе, Менску, Пінску і Рагачове[2].
На чэрвень 2012 году звыш 79% дзяцей дашкольнага ўзросту наведвалі ўстановы дашкольнай адукацыі[3]. У 2013/2014 навучальным годзе ў дашкольных установах Беларусі выхавальніцы і выхавальнікі размаўлялі па-расейску з 362 000 дзяцей, якія складалі 89 % ад усіх выхаванцаў. Рэшту ў колькасьці больш за 45 000 дашкольнікаў выхоўвалі на беларускай мове[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б А.В. Маслава. Дашкольныя ўстановы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 72. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б С.І. Палякевіч. Дашкольнае выхаваньне і навучаньне // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 72. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ Сьвятлана Барысенка. Неўладкаваных дзяцей выяўляюць і ЖЭС, і МНС // Зьвязда : газэта. — 1 чэрвеня 2012. — № 103 (27218). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Коратка // Зьвязда. — 19 лютага 2014. — № 31 (27641). — С. 1.