Гісторыя Армэніі
Артыкул сэрыі |
гісторыя Армэніі |
---|
Дагістарычнасьць |
Старажытнасьць |
Сярэднявечча |
Раньні Новы час |
Сучаснасьць |
Этнагенэз · Этымалёгія |
Гісто́рыя Армэ́ніі датычыцца гісторыі Рэспублікі Армэніі, армянаў і армянскай мовы.
Армэнія разьмешчаная паміж Усходняй Анатоліяй і Армянскім нагор’ем, вакол біблійнай гары Арарату. Саманазва армянаў — ай ({{{1}}} {{{4}}} аер), даўняя назва краіны — Айк (арм. Հայք, пазьнейшая — Аястан (арм. Հայաստան). Армяне выводзяць назву сваёй краіны ад легендарнага прабацькі народу, Айка. Экзонімы Армэнія і армяне упершыню сустракаюцца ў Бэгістунскім надпісе Дарыюса Вялікага. Армянскі гісторык Маўсэс Харэнаці выводзіў назву Армэніі ад Араманяка, найстарэйшага сына Айка.
У бронзавым веку на Армянскім нагор’і існавалі некалькі дзяржаваў: Хецкая імпэрыя, Мітані і Хаяса-Азі. Пасьля іх паўсталі наірскі племянны зьвяз і Урарцкае каралеўства. Кожная з гэтых дзяржаваў і плямёнаў паўдзельнічалі ў этнагенэзе армянскага народу. У 782 року да Н. Хр. кароль Аргішці I заснаваў на заходнім узвышшы Арарацкай раўніны фартэцыю Эрэбуні — будучую сталіцу Ерэван.
У жалезным веку замест Урарту паўстала дынастыя Эрвандыдаў, якая кіравала Армэніяй перш як сатрапы пад пэрсыдзкім валадараньнем, а пазьней як самастойныя каралі. Пасьля пэрсыдзкага і македонскага панаваньня ў 190 року да Н. Хр. Арташэс I заснаваў Вялікую Армэнію. Свайго найвышэйшага разьвіцьця каралеўства дасягнула ў 1 стагодзьдзі да Н. Хр. за Тыгранам Вялікім, пасьля трапіла ў залежнасьць ад Рыму. У I стагодзьдзі новай эры на армянскі сталец узышла галіна кіроўнай дынастыі Аршакідаў Парцянскага царства.
У пачатку IV стагодзьдзя Армэнія стала першай дзяржавай, якая прыняла дзяржаўнай рэлігіяй хрысьціянства. Пазьней дзяржава трапляла ў залежнасьць ад Бізантыі, Сасанідаў і халіфатаў, здолеўшы аднавіць незалежнасьць у IX стагодзьдзі за Багратыдамі. Пасьля падзеньня царства ў 1045 року і заваёвы Армэніі сэльджукамі ў 1064 армяне заснавалі новае царства ў Кілікіі. Яно праіснавала да 1375 року.
У пачатку XVI стагодзьдзя большая частка тэрыторыі Армэніі знаходзілася пад сэфэвідзкім панаваньнем; аднак з часам Заходняя Армэнія трапіла ў залежнасьць ад Асманскай імпэрыі, а Ўсходняя Армэнія засталася пад пэрсамі. У XIX стагодзьдзі Ўсходнюю Армэнію захапіла Расейская імпэрыя.
У пачатку XX стагодзьдзя турэцкія ўлады зьнішчылі каля 1,5 мільёна армянаў; шматлікія былі вымушаныя пакінуць краіну праз Сырыю і Лібан. У 1918 з развалам Расейскай імпэрыі ўсходняя частка Вялікай Армэніі абвясьціла незалежнасьць. Аднак ужо ў 1920 року яе заваявала Савецкая Расея, і пасьля ўтварэньня Савецкага Саюзу Армэнія стала савецкай рэспублікай. У 1991 пасьля распаду СССР створаная сучасная Рэспубліка Армэніі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |