Перайсьці да зьместу

Грош

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Літоўскі грош 1536 году

Грош (нямецкая < лацінская: grossus):

1) срэбраная манэта вартасьцю некалькі ці некалькі дзясяткаў дынараў, бітая з 1172 году ў Італіі, з 1266 году ў Францыі (туронскі грош), з 1300 году — у Чэхіі (праскі грош, які ўжываўся і на землях ВКЛ, з пачатковай вагай 3,7 г.) і ў іншых краях Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.

У Польшчы грош (3,2 г.) пачаў біць Казімер III Вялікі ў 1367 годзе (кракаўскі грош). Аляксандар Ягелончык быў заснавальнікам Віленскай мынцы, дзе напачатку біліся літоўскія паўграшовікі і дынары, а пасьля і грошы: на авэрсе замест кароны — Пагоня.

1 грош = 3 шэлягі = 12 дэнараў.

У 1501 годзе абвяшчалася роўнасьць й аднолькавасьць кароннага і літоўскага гроша. Аднак вартасьць кароннага складала 4/5 літоўскага. Таму «Ўстава» 1508 году патрабавала для каронных манэтаў роўных правоў зь літоўскімі. Але гэта не адбылося.

Віленская мынца была спынена ў 1506 годзе, пад час наведваньня яе асабіста Жыгімонтам з-за таго, што манэтаў было выбіта больш за патрэбы краіны. Але ўжо ў 1508 годзе яна ізноў распачала працу, б’ючы паўграшовікі ажно да 1529 году.

За часамі Жыгімонта I грош важыў 1,8 г.

З 1526 году біўся выключна паўгрош, пасьля цэлыя і большай вартасьці (паўтарак, дваяк, траяк, чварак, шастак).

Літоўскі грош 1626 году Жыгімонта Вазы

Загад, падпісаны Жыгімонтам I у 1535 годзе, загадваў: «У ВКЛ новую манэту ў мынцы біці, грошы, плоскія, каторыя бы былі браны па два палугрошкі». Аднак выпуск грошаў скончыўся на наступны 1536 год. На гэтых манэтах маецца адметная для сусьветнай нумізматыкі зьява — выбіваліся літары (пачатковыя лацінскіх назваў месяцаў), якія азначалі час біцьця: S — верасень, N — лістапад ў 1535 годзе, ды F — люты, M — сакавік ці травень, J — студзень, чэрвень, ці ліпень, A — жнівень у 1536 годзе.

Біцьцё грошай адбывалася па літоўскай (1545—1546) і па польскай стапе (1546—1548). Вага польскага гроша 2,059 грама 375 пробы срэбра, літоўскі грош быў на 1/4 лепшы па срэбры.

У Польшчы грошы біліся ў 1526—1529, 1545—1548 гадах.

З 1752 году грошы ў Рэчы Паспалітай білі ў медзі.

Ад XVI стагодзьдзя да 1918 году грош = 1/30 польскага злотага, ці ½ расейскай капейкі.

2) З часоў Рэчы Паспалітай ІІ (з 1924 году — дасюль): 100 грошай = 1 злоты.

3) Грашовая адзінка Аўстрыі з 1924 году: 100 грошай = 1 шылінг.