Гольдвасэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гольдвасэр з часьціцамі золата

Гольдвасэр (па-нямецку: Danziger Goldwasser «залатая гарэлка», па-польску: gdańska wódka) — папулярны моцны (мінімум 38% алькаголю) лікёр, зроблены ў Гданьску паводле ідэі рэлігійнага бежанца (мэнаніту) з Ліру Амброзія Вермулена (ці Вермёлена)[1], які разам са сваім багацьцем прывёз у XVI стагодзьдзі ў Прусію зь Нідэрляндаў рэцэпты невядомых дагэтуль лікёраў.

Згодна з арыгінальным рэцэптам, яго аснову складала сумесь дваццаці траў і ўсходніх спэцыяў, у тым ліку размарын, ядловец, гвазьдзік, карыца, ляванда, аныж, кардамон, куркума, каляндра і чабор. Характэрнай асаблівасьцю гэтага напою зьяўляюцца дробныя кавалачкі 22-х або 23-хкаратного золата, якія расьсейваюцца ў гэтым алькаголі.

Напоем захапляліся, сярод іншых, расейскі цар Пётар I, францускі кароль Людовік XIV і расейская імпэратрыца Кацярына II[2]. Напой згадваецца ў эпасе Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», а Ежы Самп у «Bedeker Gdański» працытаваў легенду, паводле якой да стварэньня гарэлкі прычыніліся жыхары Гданьску, якія забілі залатымі манэтамі фантан Нэптуна. Назапашаны мэталь прыводзіў да ачышчэньня вады і ператварэньня яе ў гарэлку, а перапрацоўку манэт у залатыя шматкі ажыцьцяўляў Нэптун з фантана сваім трызубам.

Падчас баёў за Гданьск у 1945 годзе будынак, дзе вырабляўся Гольдвасэр, быў разбураны, а яго ўладальнікі вывезьлі рэцэпты ў Нямеччыну.

У часы Польскай Народнай Рэспубліцы лікёр вырабляўся фірмай Polmos у Старагардзе Гданьскім. Пасьля вытворчасьць была перанесеная ў Познань, дзе ў 2008 годзе быў зьменены традыцыйны дызайн этыкеткі і форма бутэлькі. У чэрвені 2009 году вытворчасьць лікёру ў Польшчы была спыненая, але правы на гандлёвую марку захаваліся. У цяперашні час лікёр вырабляецца толькі ў Нямеччыне, як Danziger Goldwasser, або па замове рэстарану «Goldwasser» у Гданьску. Уладальнікам арыгінальнага рэцэпту зьяўляецца Граф фон Хардэнбэрг, уладальнік лікёра-гарэлачнай фабрыкі ў Нямеччыне (Hardenberg Wilthen AG).

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]