Вітальд Івіцкі
Вітальд Івіцкі | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | каталіцкі тэоляг |
Нарадзіўся | 19 траўня 1884 |
Памёр | 22 студзеня 1943 (58 гадоў) |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ві́тальд Бранісла́вавіч Іві́цкі гербу «Папрыца» (па-польску: Witold Iwicki; 19 траўня 1884, Вільня — 22 студзеня 1943, Янаў-Палескі) — польскі каталіцкі сьвятар, генэральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, першы рэктар Пінскай сэмінарыі. Загінуў мучаніцкай сьмерцю.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле некаторых крыніц, нарадзіўся 10 мая[1]. Сын Тэафіля Браніслава Івіцкага (паўстанца 1863 року) і Цэліны Антаніны зь Белазораў гербу «Вянява».
Скончыўшы Віленскую гімназію, у 1902 року Вітальд паступіў у духоўную сэмінарыю ў Пецярбургу. Пасьля працягнуў навучаньне ў Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, якую скончыў са ступеньню магістра кананічнага права.
У 1907 рукапакладзены на сьвятара, выконваў абавязкі вікарыя ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Слуцку (1907—1909)[2], пасьля ў парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры (1909—1913)[2]. Ягоная дзейнасьць выклікала незадавальненьне ўладаў, і ў выніку ксяндзу Вітальду было забаронена выконваць сьвятарскія абавязкі ў дыяцэзіі на працягу трох гадоў[1].
Гэты час ксёндз Івіцкі правёў у Рыме, дзе ў 1915 року абараніў доктарскую дысяртацыю па кананічным праве ў «Грыгарыянуме». З чэрвеня 1918 служыў у мальтыйскай капліцы ў Петраградзе, ад 11 кастрычніка 1918 — пробашч парафіі ў петраградзкім касьцёле сьвятога Станіслава.
20 верасьня 1920 року арыштаваны па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці і шпіянажы на карысьць Польшчы. Увязьнены ў Маскве да сканчэньня Грамадзянскай вайны. У 1921 па стане здароўя вызвалены і па абмене вязьнямі выехаў у Польшчу, дзе стаў пастырам парафіі ў Нягневічах Наваградзкага дэканату (1922—1925)[2]. У 1924 прызначаны рэктарам Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Наваградку[1].
Пасьля стварэньня Пінскай дыяцэзіі сэмінарыя пераехала ў Пінск, Вітальд Івіцкі працягнуў выкананьне абавязкаў рэктара. З 1926 — пробашч катэдральнай парафіі і Пінскі дэкан. З 1933 року — інспэктар навучаньня Закону Божаму ў дыяцэзіі. Па сьмерці біскупа Зыгмунта Лазінскага прызначаны пробашчам парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці (1934—1936)[2]. Ад 1937 року — сябра Пінскай катэдральнай капітулы, ад 1939 — генэральны вікарый Пінскай дыяцэзіі.
У ваенны час застаўся ў Пінску, дапамагаў жыдам, вязьням і рэпрэсаваным.
18 студзеня 1943 року паўстанцы з «Вахляжу» вызвалілі вязьняў пінскай турмы і забілі двух вартаўнікоў. У адпомсту за гэта нацысты ўзялі закладнікаў, сярод якіх быў і Вітальд Івіцкі. У турме ён зладзіў для іншых закладнікаў споведзі, даваў настаўленьні, за што быў зьбіты вартаўнікамі. 22 студзеня ўсіх закладнікаў вывезьлі ў Янаў-Палескі за 40 км ад Пінску і расстралялі. У апошні момант высьветлілася, што закладнікаў на аднаго больш, чым у сьпісе на экзэкуцыю, таму афіцэр СС прапанаваў Івіцкаму выйсьці з шэрагу. Аднак сьвятар прапанаваў замест сябе вызваліць начальніка чыгуначнай станцыі, які меў жонку і дзяцей.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Юры Дрозд. Заснаваньне Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску і яе дзейнасьць у 1925—1939 гг. Гісторыя. Міждыяцэзіяльная Вышэйшая духоўная сэмінарыя імя сьв. Тамаша Аквінскага. Праверана 24 студзеня 2013 г.
- ^ а б в г Леанід Маракоў. Сьвятыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і сьвятары, якія ў іх служылі Даведнікі. Леанід Маракоў. Праверана 24 студзеня 2013 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Martyrologium Polskiego Duchowieństwa Rzymskokatolickiego (пол.). — Zeszyt IV. — Warszawa: ATK, 1978. — С. 268 і 275.
- Martyrologia Duchowieństwa Polskiego 1939—1956 (пол.). — Łódź: Archidiecezjalne Wydawnictwo Łódzkie, 1992.
- Ks. prof. Roman Dzwonkowski SAC, KUL, Lublin. Ksiądz Witold Iwicki (пол.) // Echa Polesia. — 2007. — № 4.
- Аддаць жыццё сваё за братоў: з нагоды 70-й гадавіны мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага. — Мінск: Про Хрысто, 2013. — 49 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-6825-81-4