Перайсьці да зьместу

Вітаўт Юры Стаповіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вітаўт Юры Стаповіч
Род дзейнасьці выкладнік, культурны дзеяч
Дата нараджэньня 12 сакавіка 1939 году
Месца нараджэньня Вільня, Віленскае ваяводзтва, Польшча
Дата сьмерці 28 кастрычніка 2019 (80 гадоў)
Месца сьмерці Сопат, Паморскае ваяводзтва, Польшча
Грамадзянства Польшча
Адукацыя Гданьскі тэхнічны ўнівэрсытэт
Прафэсія Выкладнік унівэрсытэту
Бацька Ян Стаповіч
Дзеці Марк Стаповіч

Вітаўт Юры Стаповіч (Стэповіч) (па-польску: Witold Jerzy Stapowicz; 12 сакавіка 1939, Вільня, Віленскае ваяводзтва — 28 кастрычніка 2019, Сопат, Паморскае ваяводзтва) — беларуска-польскі грамадзка-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага культурнага таварыства «Хатка» ў Гданьску. Пляменьнік Казімера Сваяка й Альбіна Стаповіча.

Вітаўт Юры нарадзіўся 12 сакавіка 1939 г. у Вільні ў каталіцкай сям’і Яна (нар. 10.08.1898 г. у Баранях) і Чаславы Стэповічаў (нар. 17.02.1909 г. пад Астралэнкай). Яго бацька, родны брат Казіміра Сваяка й Альбіна Стаповіча, працаваў сакратаром Акруговага суда ў Вільні, а маці была настаўніцай у прадшкольлі. Хрысьціў яго ксёндз Адам Станкевіч у касьцёле сьв. Якуба, а хросным бацькам быў доктар Баляслаў Грабіньскі. Яго падвойнае імя напамінала пра вялікага князя літоўскага Вітаўта й апекуна Вільні сьв. Юрыя. Пасьля вайны Вітаўт Юры з бацькамі пераехаў у Сопат, дзе бацька 10 ліпеня 1948 г. памёр ад сухоты. Дапамагаў яму хросны бацька, які апынуўся ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Захаваў яго лісты, у якіх у сумны пасьляваенны час прыходзілі даляры ЗША.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі Вітаўт Юры скончыў Гданьскую Палітэхніку, ён стаў яе навукова-дыдактычным супрацоўнікам. Яго навуковая кар’ера зьвязаная з Палітэхнікай і Марскім унівэрсытэтам ў Гдыні, дзе пачаў працаваць у 1999-2000 гадох. Быў аўтарам падручнікаў (скрыптаў) для студэнтаў: «Elementy półprzewodnikowe» й «układy scalone» (1993, 1999), «Materiały i elementy elektroniczne» (2011) ды шматлікіх навуковых артыкулаў.

Супольнымі сіламі Эдмунда і Вітаўта Юрыя Стэповічаў (прафінансавалі помнік на магіле Альбіна Стаповіча), гданьскіх і віленскіх беларусаў (Людвіка Кардзіс зь Вільні афармляла ўсё з адміністрацыяй Росаў) у сьнежні 1994 г. быў адкрыты помнік Альбіну Стаповічу на яго магіле. У касьцёле сьв. Мікалая, дзе некалі Альбін Стаповіч вёў беларускі хор, адбылася імша зя ягоную душу. Вітаўт Юры на адкрыцьцё помніка забраў свайго сына Марка, а Эдмунд — свайго ўнука Артура. Маладыя нашчадкі роду Стаповічаў адкрывалі помнік Альбіну.

У чэрвені 2004 году Вітаўт Юры з сынам і Ленай Глагоўскай паехаў у Барані, зараз у Астравецкім раёне ў Беларусі. Віктар Шалкевіч знайшоў ім кіроўцу з машынай з Горадні, які давёз іх да вёскі. Там іх чакала сям’я Стаповічаў. На другі дзень прадбачвалася адкрыцьцё памятнай дошкі на бацькоўскім доме братоў Стаповічаў, з імшой у касьцёле ў Клюшчанах, ды Купальлем над Бараньскім возерам. Усе гэтыя мерапрыемствы рыхтавала грамадзкая суполка «Вільняр» з Астраўца.

Апошнія месяцы жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошнім часам Вітаўт Юры займаўся хворай на сындром Паркінсона жонкай. За некалькі месяцаў да скону Вітаўт Юры быў вельмі хворы, страціў памяць і амаль перастаў гаварыць. Пражыўшы яшчэ тры месяцы ў сваёй кватэры пад добрай апекай, адышоў у лепшы сьвет. Хавалі Вітаўта Юрыя на каталіцкіх могілках у Сопаце 9 лістапада, побач з бацькам і маці.

Вітаўт Юры абураўся, калі прозьвішча яго дзядзькоў у Беларусі перайначвалі і пісалі «Стаповіч». Даказваў, будучы фізыкам і электронікам, этымалёгію свайго прозьвішча і зьдзіўляўся, як вядомыя дасьледнікі ў Беларусі могуць гэтага не разумець, калі ў даваенных выданьнях і на існуючых магілах на беларускай мове пісалася «Стэповіч». Праўда, калі ў 2010 г. у Менску у «Беларускім кнігазборы» выйшаў збор твораў Казіміра Сваяка, Вітаўт Юры вельмі цешыўся, што ўрэшце прозьвішча яго дзядзькі напісалі папраўна.

  • Elementy półprzewodnikowe (1993)
  • Układy scalone (1999)
  • Materiały i elementy elektroniczne (2011)

Артыкул пра асобу