Перайсьці да зьместу

Віленская публічная бібліятэка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віленская публічная бібліятэка
Папярэднік Віленскі музэй старажытнасьцяў
Дата ўтварэньня 1865
Дата спыненьня існаваньня 30 лістапада 1883
Тып бібліятэка
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Вільня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Загаднік П.Ю. Бяссонаў
Кіроўны орган Камісія

Ві́ленская публі́чная бібліятэ́ка — бібліятэка Вільні, заснаваная ў 1865 годзе ў выніку пераўтварэньня Віленскага музэю старажытнасьцяў братоў Тышкевічаў. Мела істотнае значэньне ў справе захаваньня царкоўнай кніжнасьці, бо ў яе звозіліся архівы скасаваных кляштараў. Цягам першага году працы ў бібліятэку перадалі рукапісы і кнігі з 26 рымска-каталіцкіх манастыроў, віленскага епархіяльнага капітула, 7 праваслаўных манастыроў, 22 сярэдніх навучальных установаў, 26 павятовых і парафіяльных вучэльняў, 2 дырэкцыяў, 12 прыватных і грамадзкіх канфіскаваных бібліятэк. Навуковым супрацоўнікам бібліятэкі быў А. І. Мілавідаў. Урад Расейскай імпэрыі стварыў адмысловыя камісіі для вывучэньня архіўных фондаў і вылучыў грошы для набыцьця кніг у антыкварных крамах і ў прыватных асобаў. Рукапісы і старадрукі сабралі І. П. Карнілаў і П. Н. Бацюшкаў. Паводле багацьця сваіх фондаў бібліятэка лічылася 3-й у Расейскай імпэрыі пасьля Імпэратарскай у Санкт-Пецярбургу і Румянцаўскай у Маскве[1]. Загаднік бібліятэкі П. Ю. Бяссонаў набыў Віленскі трэбнік 1618 г. і Віленскі псалтыр 1623 г. у маскоўскіх букіністаў, а П. Бацюшкаў набыў Апостал 1525 г. друку Францішка Скарыны[2].

Рукапіснае аддзяленьне Віленскай публічнай бібліятэкі (130 000 адзінак захоўваньня) падзялялася на 8 частак:

  1. Царкоўнаславянскія рукапісы;
  2. Пэргамэнныя рукапісы на замежных мовах;
  3. Рускія рукапісы;
  4. Замежныя граматы на розных мовах;
  5. Архівы розных ведамстваў і ўстановаў;
  6. Рукапісныя зборнікі з дакумэнтаў мяшанага зьместу (збрашураваныя для зручнасьці захоўваньня);
  7. Лісты і аўтографы[3]. Найстаражытнейшыя рукапісныя пэргамэны былі на царкоўнаславянскай мове. Граматы належалі каралеўскім і прыватным асобам XVI—XVIII стагодзьдзяў[4]. Налічвалася 15 пэргамэнаў царкоўнаславянскіх рукапісаў, сярод іх урыўкі 7 Эвангельляў, Тлумачэньні Фэафілакта Баўгарскага і 5 зборнікаў рознага характару. Папяровыя царкоўнаславянскія рукапісы ўключалі таксама Эвангельлі, сынодыку, уніяцкія служэбнікі і крукавыя нотныя ірмалогіі. Сярод замежных пэргамэнаў рукапісаў былі 2 Бібліі 18-га стагодзьдзя гатычным шрыфтам, 2 малітоўнікі зь мініяцюрамі і лацінскія антыфанарыі.

Аддзяленьне старадрукаваных кніг Віленскай публічнай бібліятэкі зьмяшчала 232 асобнікі кірылічных кніг і 900 кніг лацінскім шрыфтам. Сярод старадрукаў замежнага аддзяленьня бібліятэкі прысутнічаў асобнік Радзівілаўскай Бібліі 1563 г., надрукаванай у Берасьці, і 2 кнігі на летувіскай мове: пропаведзі езуіта К. Шырвіда і Катэхізіс 1595 году[5].

11 лістапада 1872 г. міністар народнай асьветы Расейскай імпэрыі зацьвердзіў правілы працы бібліятэкі. Выдача кніг на дом ажыцьцяўлялася да 30 лістапада 1883 году. Сярод абанэнтаў бібліятэкі пераважалі бедныя мяшчане Вільні, якія часта затрымлівалі, не вярталі і пашкоджвалі кнігі. Спагнаньне за пашкоджаньне і заклад за невяртаньне часам не пакрывалі страты кнігі. Расейскія чыноўнікі і вайскоўцы мелі права на бясплатную бронь кніг без закладу пад заруку свайго начальства. Бібліятэка несла страты ад невяртаньня кніг у выніку пераводу чыноўнікаў у іншую губэрню і сьмерці безмаёмных чытачоў.

Рускае аддзяленьне бібліятэкі мела 6 тамоў сыстэматычнага і альфабэтнага каталёгаў і рухомы (картачны) каталёг кніг, якія яшчэ не ўвайшлі ў друкаваны каталёг. Такі самы рухомы каталёг падаваўся для даведак аддзелам замежных кніг. Каталёг складаўся з дробавымі падразьдзяленьнямі паводле прадметаў і родам і адпавядаў правілам бібліяграфічнай навукі. Сябры бібліятэчнай камісіі рабілі ўказаньні да бібліяграфіі пры навуковай працы і самаадукацыі. У нядзелі наведнікі карысталіся друкаваным «Даведнікам».

Набыцьцё кніг ажыцьцяўлялася пераважна шляхам атрыманьня ахвяраваньняў ад дзяржаўных установаў і прыватных асобаў. Ад пачатку зь бібліятэк навучальных установаў перадаваліся непатрэбныя польскія кнігі і старыя часопісы. Працягвалі паступаць кнігі з павятовых вучэльняў, гімназіяў, хрысьціянскіх манастыроў і прыватных канфіскаваных бібліятэк. У выніку атрыманьня амаль усіх пэрыядычных і асобных выданьняў Заходняга краю (Беларусь, Украіна) Віленская публічная бібліятэка сталася галоўным кнігасховішчам Паўночна-Заходняга краю (Беларусі). Штогадовымі буйнымі ахвярадаўцамі выступалі Імпэратарская акадэмія навук у Пецярбургу і асьветныя ўстановы замежжа. Закуп кніг ажыцьцяўляўся ў выніку адбору празь бібліяграфічныя выданьні на кніжным рынку Расейскай імпэрыі. Таксама практыкаваўся кніжны абмен дублетамі з грамадзкімі бібліятэкамі і навучальнымі ўстановамі. На пачатку налічвалася 2567 рускіх дублетаў (у назвах) і 12 530 дублетаў (назваў) на замежных мовах.

  1. ^ Миловидов, А. И. Краткий исторический очерк Виленской публичной библиотки (по поводу 35-летия её существования) / А. И. Миловидов. — Вильна : Типография А. Г. Сыркина, 1903. — 24 с. — С. 12, 18.
  2. ^ Миловидов, А. И. Описание Славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800) / А. И. Миловидов. — Вильна : Типография А. Г. Сыркина, 1908. — С. 4-5
  3. ^ Миловидов, А. И. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки, его история, состав и научное значение/ А. И. Миловидов// Отчёт Виленской библиотеки и музея за 1909 г.- Вильна: Русский почин, 1910. — С. 37—51
  4. ^ Путеводитель по Виленской публичной библиотеке. — Вильна : Типография А. Г. Сыркина, 1904. — 28 с.
  5. ^ Миловидов, А. И. Краткий исторический очерк Виленской публичной библиотки (по поводу 35-летия её существования) / А. И. Миловидов. — Вильна : Типография А. Г. Сыркина, 1903. — С. 20—21