Перайсьці да зьместу

Вацлаў Мікалай Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вацлаў Мікалай Радзівіл

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1879(1879)
Памёр 30 лістапада 1914
Усходняя Прусія
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Вільгэльм Адам Радзівіл
Кацярына Радзівіл
Жонка Марыя Магдалена Радзівіл

Вацлаў Мікалай Радзівіл (1879 — 30 лістапада 1914) — шляхціч і вайсковец, капітан рэзэрва 52 драгунскага палку царскай арміі. Муж Марыі Магдалены Радзівіл.

Пачатковую адукацыю атрымаў у езуітаў, пасьля працягваў навуку ў Парыскім корпусе ў Санкт-Пецярбургу. У 18-гадовым узросьце пайшоў добраахвотнікам у войска Вялікабрытаніі, каб удзельнічаць у Другой англа-бурскай вайне (1899—1902). У часе расейска-японскай вайны апынуўся ў расейскім войску.

30 красавіка 1906 году ў Лёндане ажаніўся з Марыяй Магдаленай Завішай у Баварскай каралеўскай капліцы[1]. Марыя Магдалена была на дзевятнаццаць гадоў старэйшая за яго[2]. Такая ўзроставая розьніца ў шлюбе была непрыхільна сустрэта ў польскіх вышэйшых колах, што пазьней паўплывала на канчатковы разрыў Мікалая з польскаю грамадзкасьцю[2]. Пра Мікалая Радзівіла ўспамінае знаёмы журналіст М. Паўлікоўскі:

Был чрезвычайно красив: никогда ни ранее ни после не встречал …мужчины с такой доскональной мужской красотой: широкие плечи, узкие бедра, продолговатое лицо с ореховыми глазами, будто из миндаля, и ореховая, слегка волнистая бородка. Добавить ему жабо — и будто только что сошел с портрета шестнадцатого века[1].

Пабраўшыся шлюбам, разам з жонкаю жыў ў Кухцічах або ў Менску. Тут Мікалай Радзівіл зацікавіўся зьбіраньнем беларускага фальклёру. Зь ягонай прапановы будавалася чыгуначная лінія ад маёнткаў Магдалены Радзівіл да станцыі Вярэйцы Лібава-Роменскай чыгункі, што ішла праз усю Беларусь і злучала яе з Балтыйскім морам з аднаго боку і з Украінай з другога. Такая ініцыятыва станоўча адбілася на эканоміцы рэгіёну[3].

У 1912—1913 гг. на Балканах, дзе ў шэрагах баўгарскага войска змагаўся перш супраць туркаў, пасьля супраць сэрбаў і грэкаў. У пачатку Першай сусьветнай ванйы ў жніўні 1914 году ваяваў ў Нямеччыне. Праз Францыю й Італію дабраўся дамоў і адразу далучыўся да расейскай арміі. Загінуў ва Ўсходняй Прусіі 17 (30) лістапада 1914 году.

Цела князя было перавезена ў Кухчічы празь Менск, дзе на яго труне быў пакладзены вянок з надпісам: «Князю Мікалаю, сыну зямлі беларускай, беларусы». А на другой стужцы: «Лёгка зямелька табе, княжэ, ў роднай забытай старонцэ»[4]. Пра гэта напіша газэта «Biełarus»:

Князь М. Радзівіл, забіты на вайне, перавезены ў радавы магільнік у Нясьвіжы[a]. Нябошчык быў мужам вядомай у Меншчыне грамадзянскай працаўнічкі Я. А. Княгіні Магдалены Радзівіловай, каторая лічыць сябе беларускай, за што вельмі ня любяць яе польскія нарадовыя дэмакраты, каторым здаецца, што нават той беларус-каталік, каторы па-польску ніводнага слова сказаць ня ўмее, ёсьць тыкі не беларус, а паляк, а ў галаве іх ня можа памясьціцца, каб шляхціц, пан, а то яшчэ й князь ды мог быць беларусам. А тымчасам ведама нам, што і нябошчык бацька княгіні Магдалены быў усёй душой беларус і ня мала папрацаваў для беларускай справы, толькі ён быў адзін у полі, ды не такія былі варункі[4].

Пахаваньне адбылося 26 лістапада[5] (9 сьнежня) 1914 году ў Кухцічах. Службу адпраўляў беларускі каталіцкі сьвятар а. Аляксандар Астрамовіч. У надмагільнай прамове па-беларуску ён між іншым сказаў:

Князь любіў і простую беларускую мову і прычыніўся да яе пад’ёму і да адраджэньня беларускага народу… Сьмерць князя — гэта вялікая страта для ўдавы княгіні. Гэта страта для ўсіх людзей дваровых і ўсяго беларускага народу. У асобе нябошчыка князя беларусы трацяць шчырага абаронцу справы іх адраджэньня, трацяць яго ў тым часе, калі займаецца зара новага лепшага жыцьця, калі заглядае сонца і ў наша ваконца[6].

На труну князя беларуская пісьменьніца Алаіза Пашкевіч усклала вянок з хвойных ветак і беларускі пояс[7].

  1. ^ Як адзначае Аляксандар Надсан, тут дапушчана відавочная памылка: Мікалая Радзівіла пахавалі не ў Нясьвіжы, а ў Кухцічах
  1. ^ а б Забытые меценаты. Мария Магдалина Радзивилл. (рас.) Radziwill.by
  2. ^ а б Аляксандар Надсан. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. — 2-е выд.. — Менск: 2009. — С. 7—8. — 112 с.
  3. ^ Хурсік В. Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл, Менск, Пейто, 2001, с. 112
  4. ^ а б Biełarus, No. 49, Vilnia, 4.12.1914. s. 6.
  5. ^ Аляксандар Надсан Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. — 2-е выд.. — Менск: 2009. — С. 10. — 112 с.
  6. ^ Biełarus, No. 52, Vilnia, 24.12.1914. s. 1.
  7. ^ Уласаў А. «Дні Жыцця», падрыхтоўка тэксту С. Александровіча, Шляхам гадоў, Менск, Мастацкая літаратура, 1990, с. 175