Кухціцкі кальвінскі збор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кальвінскі збор — помнік архітэктуры Рэнэсансу XVI стагодзьдзя ў пасёлку Первамайск (былая сядзіба Кухцічы). Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэспубліканскага значэньня.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што кальвінскі збор у Кухцічах узьведзены ў 1560—1570-я гг. па фундацыі вядомага кальвініста і паплечніка С. Буднага, тагачаснага ўладальніка маёнтка Мацея Кавячынскага[1].

У XVIII стагодзьдзі храм быў рэканструяваны і набыў барочныя і клясыцыстычныя рысы. Гэтак была дабудавана алтарная частка, амаль роўная з уваходнай у плане, але ніжэйшая.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бакавы фасад
План

Архітэктура храма нагадвае іншы рэфармацкі храм у Смаргоні. Асноўны аб’ём гэтага кампактнага мураванага збудаваньня, накрытага конусападобным шатровым дахам, мае складаную пры рэалізацыі ў будаўніцтве пры тагачасных метадах дванаццацігранную форму ў пляне. Гэтая геамэтрычная форма кафалікона сымбалізуе гармонію Сусьвету, што зьяўляецца адной з галоўных тэм рэфармацкіх храмаў. Да асноўнага аб’ёма прымыкаюць купалападобныя ўваходная і алтарная частка. Вуглавыя сучляненьні асноўнага аб’ёму прарэзаны прамавугольнымі з паўцыркульнымі зьвяршэньнямі ваконнымі праёмамі, сьцены апсіды — круглымі люкарнамі. Уваходная частка вылучаецца пілястравым порцікам зь ляпнымі геральдычнымі выявамі над уваходам і трохвугольным франтонам, па баках флянкіравана дзьвюма круглымі вежачкамі, якія некалі вялі на вежу-званіцу. Вежачкі ня маюць перавязкі з прытворам — гэта дазваляе сьцьвяржаць, што яны былі прыбудаваны ў хуткім часе пасьля ўзьвядзеньня храма. Усе часткі храма аб’яднаны агульнай цягай карніза.

Падмуркі выкананы ў тэхніцы зьмяшанай муроўкі з цэглы і валуноў. Сьцены ўзьведзены ў тэхніцы раўнаслойнай муроўкі з цэглы (27—27,5х13—13,5х6,5—7 см) на вапнава-пясчанай рошчыне, аналягічная цэгла выкарыстана пры будаўніцтве Троіцкага касцёла ў Клецку (сяр. XVI ст.) і Петрапаўлаўскага касьцёла ў Новым Сьвержні (2-я пал. XVI ст.). Вежы ўзьведзены ў тэхніцы тычковай муроўкі з цэглы (?х13,5—15х6,5—7 см). Рошчына па складу блізкая да ўжытай у сьценах храма.

Інтэр’ер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алтарная частка
Інтэр’ер. Падшытая столь

Унутраная прастора асноўнага аб’ёма ўяўляе круглую залу, перакрытую самкнутым купалам, які да нашага часу не захаваўся. Сцены раскрапаваны канеліраванымі пілястрамі і завершанымі прафіляванымі карнізамі з сандрыкамі. Уваходны аб’ём перакрыты крыжовым скляпеньнем, а алтарная частка — цыліндрычным з распалубкамі. Апошняя раскрыта ў асноўны аб’ём лучковай аркай, як і хоры, разьмешчаныя на другім паверсе прытвора.

Пад алтаром разьмяшчаецца пахавальня ўладальнікаў маёнтка.

Падлога першапачаткова была выкладзена ў шахматным парадку тэракотавымі і зялёнымі паліванымі пліткамі (18×18×3 см).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ткачоў М., Калядзінскі Л. Помнікі гісторыі // Чырвоная зорка. — 1978. — № . — 13 сакавіка. — С.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кушнярэвіч А. К. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст.: Гістарычнае і архітэктурна-археалагічнае даследаванне. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 150 с — С. 115—117. — ISBN 5-343-01403-8.
  • Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Менск: «Беларусь», 2007. — 167 с.: іл. ISBN 978-985-01-0714-5.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000628

Шаблён:Кальвінскія зборы на Беларусі