Перайсьці да зьместу

Васіль Шлапуноў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Шлапуноў
Дата нараджэньня 30 ліпеня 1932
Месца нараджэньня Белая Дубрава, Касьцюковіцкі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 4 жніўня 2021
Месца вучобы Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (1960)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра расьлінаводзтва
Месца працы Навукова-практычны цэнтар земляробства НАНБ
Вядомы як стваральнік 16 раянаваных у Беларусі гібрыдаў кукурузы
Навуковая ступень доктар навук (1988)
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
прэмія Акадэміяў навук Беларусі, Малдовы і Ўкраіны (2006)

Васі́ль Мікала́евіч Шлапуно́ў (1932, Белая Дубрава, Касьцюковіцкі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь — 2021) — беларускі навуковец-расьлінавод.

Стварыў 16 раянаваных у Беларусі гібрыдаў кукурузы. Распрацаваў пад гэтыя гібрыды аптымізаваныя тэрміны вырошчваньня і гушчыню пасеву, прымяненьне ўгнаеньняў і апрацоўку глебы, а таксама ахову ад пустазельля і тэрміны ўборкі. Доктар сельскагаспадарчых навук (1988) і прафэсар (1989). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996) і замежны сябра Ўкраінскай аграрнай акадэміі навук (1999). Кавалер ордэна «Знак Пашаны» (1976) і ляўрэат прэміі Акадэміяў навук Беларусі, Малдовы і Ўкраіны (2006)[2].

У 1950 годзе скончыў Мар'інагорскі тэхнікум (Менская вобласьць)[3]. У 1950—1951 гадох працаваў участковым аграномам у Мастоўскай машынна-трактарнай станцыі (МТС; Гарадзенская вобласьць). У 1953—1955 гадох быў аграномам Касьцюковіцкай МТС (Магілёўская вобласьць). У 1955—1959 гадох працаваў памагатым загадніка і загаднікам Давыд-Гарадоцкага дзяржаўнага сортавыпрабавальнага ўчастка (Берасьцейская вобласьць)[4]. У 1960 годзе скончыў агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (Магілёўская вобласьць)[5]. У 1960—1961 гадох быў начальнікам Пінскай раённай сельскагаспадарчай інспэкцыі і галоўным дзяржаўным інспэктарам закупак сельгаспрадуктаў па Менскім раёне[4]. У 1962-м працаўлакаваўся ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут земляробства і сэлекцыі (БелНДІЗС)[6]. У 1964-м заняў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка БелНДІЗС[4]. У 1971 годзе заняў пасаду намесьніка кіраўніка па навуковай працы БелНДІЗС. Напісаў навуковыя працы пра вырошчваньне сіласных культураў, аднагадовых траваў і кармавых культураў у прамежкавых пасевах. Распрацаваў палявыя аграфітацэнозы для павелічэньня вытворчасьці кармавога бялку і насеньняводзтва кармавых культураў[6]. У 1976-м быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны»[4].

У 1979 годзе разам з Георгіем Шайгарэвічам і Раісай Гольдман манаграфію «Прамежкавыя культуры» ў выдавецтве «Ураджай». У 1982-м выпусьціў кнігу «Апрацоўка крыжакветных культураў у Беларусі». У 1988 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара сельскагаспадарчых навук. У 1989-м атрымаў навуковую годнасьць прафэсара. У 1991 годзе выдаў кнігу «Палявая кормавытворчасьць». У 1996-м быў абраны акадэмікам Аграрнай акадэміі навук Беларусі. У 1999 годзе яго абралі замежным сябрам Украінскай аграрнай акадэміі навук[6] і выдаў у суаўтарстве манаграфію «Кукуруза» ў выдавецтва «Беларуская навука». У 2001 годзе заняў пасаду загадніка аддзелу палявой кормавытворчасьці БелНДІЗС. У 2002-м выдаў у суаўтарстве кнігу «Вытворчасьць грубых кармоў». У 2005 годзе стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Навукова-практычнага цэнтру земляробства НАНБ. У 2006-м выдаў у суаўтарстве кнігу «Кормавытворчасьць»[4].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напісаў звыш 280 навуковых працаў, у тым ліку 7 манаграфіяў. Стварыў 16 раянаваных у Беларусі гібрыдаў кукурузы, 2 гатункі суданскай травы і гатунак масьлічнай рэдзькі Ніка. Распрацаваў аптымізаваныя тэрміны вырошчваньня і гушчыню пасеву кукурузы ў Беларусі, прымяненьне ўгнаеньняў і апрацоўку глебы пры яе вырошчваньні, а таксама ахову яе ад пустазельля і тэрміны яе ўборкі. Сярод іншага, распрацаваў вырошчваньне 2—3-укосныя аграфітацэнозы аднагадовых траваў. Прапанаваў занаваньне вырошчваньня прамежкавых пасеваў азімых, падсяўных і пажніўных. Удасканаліў вытворчасьць расьліннага бялку для жывёлагадоўлі. Вывучыў зьмяненьне пажыўных уласьцівасьцяў азімага і яравога рапсу, азімай сурэпіцы, белай гарчыцы і масьлічнай рэдзькі ў залежнасьці ад угнаеньняў, гушчыні травастою і апрацоўкі глебы[4].

  1. ^ https://bis.nlb.by/by/documents/140367
  2. ^ Шлапуноў Васіль Мікалаевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
  3. ^ Шлапуноў Васіль Мікалаевіч (рас.) // Мар'інагорскі аграрна-тэхнічны каледж, 2017 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
  4. ^ а б в г д е Шлапуноў Васіль Мікалаевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
  5. ^ Факультэты // Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, 2022 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
  6. ^ а б в Шлапуноў Васіль Мікалаевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 435. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2