Васіль Шаўчэнка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шаўчэнка.
Васіль Шаўчэнка | |
невядома — 25 сьнежня 1925 | |
Мянушка | Бацька |
---|---|
Месца сьмерці |
|
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя Беларуская Народная Рэспубліка (1919—1925) |
Род войскаў | пяхота |
Званьне | атаман |
Камандаваў | антыбальшавіцкі атрад (да 100 чалавек) |
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Расеі Беларускі антысавецкі супраціў (1918—1933) |
Васі́ль Шаўчэ́нка (памёр 25 сьнежня 1925, Васількі, Бялыніцкі раён, Магілёўская акруга) — беларускі атаман, былы царскі афіцэр, які кіраваў антыбальшавіцкім атрадам на Магілёўшчыне (збольшага ж атрад знаходзіўся ў Бялыніцкім раёне), меў мянушку Бацька. Змагаўся з савецкай уладай цягам 1919—1925 гадоў за Вольную Беларусь.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам з братам у 1919 годзе Васіль пачаў свой паўстанцкі шлях. У 1921 яны, абодва афіцэры царскага войска, былі арыштаваныя і асуджаныя да сьмяротнага пакараньня. Але прысуд застаўся на паперы, браты з турмы ўцяклі, каб за тры гады стаць «гаспадарамі» Магілёўскай акругі.
Васіль Шаўчэнка не пакідаў без увагі выпадкі рабаўніцтва сялянаў як з боку савецкіх функцыянэраў, так і з боку іншых атаманаў. Ён забясьпечваў вольніцу ў лесе: сяляне беспакарана гналі самагонку, нарыхтоўвалі дровы. На бюро прызнавалі, што людзі атамана падтрымліваюць. «Ён забараніў рабаваць сялян, карыстаецца іх сымпатыяй і аўтарытэтам», — гучала ў выступах.
Паляваньне Скатнічэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1924 году каля вёскі Княжыцаў (10 вёрстаў ад Магілёва) восем добра ўзброеных баевікоў Шаўчэнкі напалі на атрад міліцыянтаў пад камандаваньнем начальніка раённага аддзелу Скатнічэнкі. Падчас перастрэлкі і рукапашнага бою загінуў агент крымінальнага вышуку і быў паранены яшче адзін супрацоўнік аддзяленьня.
У сьнежні Скатнічэнка з шасьцю міліцыянтамі паспрабаваў зноў абкласьці Шаўчэнку ў вёсцы Навасёлкі, на поўдзень ад Магілёва. Але атаман за некалькі гадзінаў да зьяўленьня карнікаў пакінуў Навасёлкі.
Агентура, купленая ўладаю за соль і мануфактуру, паведаміла, што баевікі накіраваліся ў вёску Пушча. Скатнічэнка і яго людзі абкружылі пасёлак, прачасалі хутары паблізу. Насустрач трапіўся мясцовы жыхар, які ахвотна паведаміў, што «банда» пры падыходзе міліцыі схавалася ў лесе. Міліцыянты вырашылі даць сабе кароткі адпачынак, зайшлі ў хату зычлівага Дуброўскага (так сябе назваў жыхар) напіцца вады. І былі сустрэтыя стрэламі. Шаўчэнка са сваімі партызанамі хаваўся ў другім пакоі. У хаце застаўся цяжка паранены міліцыянт Ялыніч, астатнія выбеглі на двор і пачалі страляць у вокны. Міліцыянты Арлоў і Тарасенка паспрабавалі падпаліць хутар. Арлоў быў застрэлены. Людзі Шаўчэнкі кінулі з вокнаў хаты некалькі бомбаў і, карыстаючыся разгубленасьцю міліцыянтаў, уцяклі.
Агентура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам 1924 году спробы зьнішчыць атамана рабіліся ня раз. У аддзел Шаўчэнкі засылалі ўзброеных агентаў, якія мусілі забіць атамана, што ў іх не ўдалося. Таксама намагаліся ўсыпіць яго морфіем і схапіць, але гэта гэтаксама не спрацавала. «Ён узброены да зубоў, хітры і смелы», — тлумачылі сілавікі адсутнасьць вынікаў.
Нарада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10 сьнежня 1924 году ва ўмовах сакрэтнасьці засядала бюро Магілёўскага акружнога камітэту КПБ. Паседжаньне было цалкам прысьвечанае вядомай у акрузе асобе атамана Шаўчэнкі. Удзельнікі распавялі пра намаганьні ў зьнішчэньні «паралельнай улады». Партыйцы скардзіліся на Акружны аддзел ДПУ, які не надаваў належнай ацэны «бандзе Шаўчэнкі». Таксама нагадалі пра ненармальныя дачыненьні паміж ДПУ і міліцыяй, якія немаведама што дзеляць, прывялі да правалу шэрагу апэрацыяў супраць атамана і вялікіх чалавечых стратаў. Кіраўнікі акругі падкрэсьлілі, што «ў тых раёнах, дзе ёсьць Шаўчэнка, міліцыі немагчыма працаваць і там уся ўлада тэрарызаваная».
Паводле агентурных зьвестак, Шаўчэнка меў да сотні ўкрывальнікаў. Імёны 90 чалавек былі вядомыя чэкістам. Кіраўнік міліцыі прапанаваў пачынаць з укрывальнікаў. Браць іх першымі, каб паказаць, што «савецкая ўлада зусім ня мяккая».
Прынятая пастанова засьведчыла:
Наяўнасьць банды Шаўчэнкі і яе дзейнасьць варожа адбіваецца на палітычным стане акругі. Банда… падрывае аўтарытэт улады, разбэшчвае сялян і стварае сабе аўтарытэт.
У дакумэнце асобным радком згадвалася пра неабходнасьць дадатковых сродкаў на буйную апэрацыю. Заплянавана было пачаць з арыштаў хаўрусьнікаў і ўкрывальнікаў. У вёскі накіроўваліся адмысловыя карныя аддзелы. «Працу па ліквідацыі гэтай банды лічыць ударна-баявой», — з патасам заклікала пастанова сходу.
Аперацыя па знішчэнні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сам Яўхім Кроль пакінуў сталіцу, каб зьнішчыць «бацьку» Магілёўшчыны. За пяць гадоў сваёй вайны Шаўчэнка надта раззлаваў улады.
Як успамінаў Кроль, плян апэрацыі прадугледжваў рухацца з трох бакоў буйнымі міліцыйнымі аддзеламі ў бок вёскі Княжыцаў. Туды ж накіроўваўся і атрад з Менску на чале з Кролем. Тыдзень атрад чакаў данясеньняў выведкі. Нарэшце дачакаліся тэлефанаваньня агента, які ведаў, дзе спыніцца Шаўчэнка. Група накіравалася ў Княжыцкі лес, улюбёнае месца атамана. Кроль успамінае, што пачуцьцё страху і насьцярогі не пакідала міліцыянтаў. Яны ведалі, колькі работнікаў міліцыі загінула ад гранатаў і карабіна баевіка. Але, як пазьней высьветлілася, атаман ужо быў забіты падчас бойкі з карным атрадам. Тэлефонны провад у сельскім савеце быў перарэзаны, таму Менская група вярнулася ў Бялынічы.
Ліквідацыя ў Васільках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле агентурных зьвестак, атаман знаходзіўся на хутары селяніна Рыжковіча каля Васількоў. Група захопу пад кіраўніцтвам міліцыянта Паўлоўскага зь пяці чалавек спынілася каля дома Рыжковіча. Міліцыянты запыталіся ў гаспадара наконт ягонага госьця. Вясковец няветліва адказаў, што нічога і нікога ня ведае. У гэты момант Шаўчэнка стрэліў з акна хаты і забіў старшага міліцыянта Бялыніцкага раёну Царанкова. Пачалася перастрэлка, у ёй атаман загінуў. Пра ліквідацыю «бандыта» паведаміла зводка данясеньняў па Магілёўскім крымінальным вышуку ад 25 сьнежня 1924 году.
Далейшы лёс атраду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нават без атамана шаўчэнкаўцы працягвалі дзейнічаць: пасьля гібелі Васіля ягоны аддзел узначаліў нейкі Зяньчук, пра якога нічога пакуль невядома. Толькі ў красавіку 1926 варшаўскія газэты паведамілі, што ў Магілёве да расстрэлу прысудзілі 43 паўстанцаў «банды Васіля (Базыля) Шаўчэнкі». Тады ж савінкаўская газэта «За свабоду» скупа напісала пра некаторыя факты з жыцьця атамана.
Асоба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У юбілейным зборніку, прысьвечаным 10-годзьдзю беларускай міліцыі, Яўхім Кроль пакінуў цікавыя, нават з рамантычным адценьнем, успаміны пра ліквідацыю Шаўчэнкі. Аўтар дэманстраваў імкненьне да аб’ектыўнасьці, павагу да ворага. Але такі падыход цалкам быў і ў яго інтарэсах, бо чаго вартая перамога над слабым нікчэмным праціўнікам. Начальнік не шкадаваў эпітэтаў у адрас атамана: «Шыракаплечы, рэлігійны, выдатны стралок… Ён быў пагрозай савецкіх работнікаў», — прызнаваў Кроль.
Да таго ж разумны, няўлоўны. Паводле словаў галоўнага міліцыянта, Васіль Шаўчэнка «цараваў» ня толькі ў Бялыніцкім раёне, але, «маючы многа ўдзельнікаў, пяць год крываваю мараю гаспадарыў у Магілёўскай акрузе». Савецкія работнікі «ня сьмелі зьяўляцца на яго тэрыторыі». Людзі «кланяліся яму, як куміру», — са зьдзіўленьнем і пашанаю да зьнішчанага ворага ўспамінаў тыя дні міліцыйны кіраўнік.
Збройны майстар у мінулым, Шаўчэнка выдатна страляў.
Выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У юбілейным зборніку, выдадзеным да 10-годзьдзя беларускай міліцыі, ёсьць здымак забітага атамана. Бачна, што ўжо нежывое і закасьцянелае цела маладога мужчыны падцягнулі і прыставілі да сьцяны адмыслова для здымка, дадаўшы побач у якасьці аздабленьня бомбы і карабін. На жаль, пакуль ня знойдзеныя прыжыцьцёвыя здымкі Васіля Шаўчэнкі, хаця, як сьведчаць крыніцы, іх у вялікай колькасьці раздавалі міліцыянтам і агентам падчас карных апэрацыяў.
Пазьней, падобна на тое, што Кроль перачытаў свой артыкул пра атамана і заўважыў ягоную залішнюю камплімэнтарнасьць. Як бы спахапіўшыся, ён знаходзіць для Шаўчэнкі абразьлівыя эпітэты. Прыгадвае не да месца «ламброзаўскі чэрап», а шырокія скулы і кірпаты нос атамана падаюцца яму чамусьці «жывёльнымі».
Тактыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атаман трымаўся тактыкі, якая дазваляла яму пасьпяхова дзейнічаць і пазьбягаць пастак ДПУ. Пры ім звычайна было ня больш як 3—7 чалавек. Але яго невялікая група на сыгнал за адну ноч вырастала ў сотню.
Цікаўкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Яўхім Кроль атрымаў Ордэн Працоўнага Чырвонага сьцяга за ліквідацыю Шаўчэнкі.