Перайсьці да зьместу

Валянцін Рамановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валянцін Рамановіч
Дата нараджэньня 7 кастрычніка 1911(1911-10-07)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці сьнежань 1945 (34 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак маляр
Навуковая сфэра малярства
Месца працы
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рамановіч.

Валянці́н Рамано́віч (7 кастрычніка 1911, Карэлічы — студзень-люты 1945, Вільня, Лукіская турма) — беларуска-польскі графік і мастак, працаваў у Вільні[1]. Вёў асабісты дзёньнік на расейскай мове.

Бацька, Сьцяпан Канстанцінавіч, быў настаўнікам-інспэктарам Карэліцкай гарадзкой вучэльні. Дзед па маці, Аляксандры, Георгі Зотаў, быў родам з Масквы, з сям’і іканапісцаў, напрыканцы ХІХ ст. асеў на Палесьсі.

Бацьку час ад часу пераводзілі на іншае месца работы, сям’я пераяжджала за ім. Так у чатырохгадовым узросьце Валянцін апынуўся на Палесьсі, а ў 1921-м разам з бацькамі вярнуўся на Наваградчыну. Навучаўся ў школе вёскі Падкасоўе, на радзіме бацькі, затым — у Карэлічах[2].

У 1924 годзе пачаў навучаньне ў дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Наваградку, у 1929 годзе на выставе ў вучэльні былі прадэманстраваны ягоныя этуды з натуры. У студзені 1931 г. паступіў вучыцца на мастацкі факультэт Унівэрсытэту ў Вільні. Навучаўся малюнку ў Бэнэдыкта Кубіцкага, потым быў вучнем Людаміра Сьляндзінскага, настаўнікам графікі ў яго быў Ежы Хопэн.

У 1934 скончыў навучаньне і здаў іспыт, дзякуючы якому атрымаў права працаваць настаўнікам маляваньня ў сярэдніх школах. У той жа час ён пачаў вучыцца на мэдычным факультэце сваёй альма-матэр, а падчас вучобы на трэцім курсе, у кастрычніку 1936 году, пачаў працаваць дэманстратарам на катэдры апісальнай анатоміі, якой кіравалі Міхал Райхэр і Вітольд Сільвановіч. Пазьней стаў там асыстэнтам. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны ён атрымаў працу ва ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя і з 1 кастрычніка 1939 году да закрыцьця ўнівэрсытэту чытаў лекцыі па мастацкай анатоміі на мастацкім факультэце.

Пісаў пэйзажы тэхнікай алею, але быў вядомы пераважна як графік, ствараў ксыляграфіі і гравюры на медзі, некаторы час выкарыстоўваў і акватынту.

Яго творы зьмяшчаліся ў графічнай падпісцы на віленскі часопіс «Słowo» (1934, 1935, 1937 (двойчы), 1939) і «Kurier Wileński» (1940).

У 1936 годзе ўдзельнічаў у 2-й Міжнароднай выставе дрэварытаў у Варшаве, дзе выставіў дзьве работы. Двойчы Міжнародны інстытут мастацтва ў Чыкага запрашаў яго ўзяць удзел у Міжнароднай выставе літаграфіі і дрэварыту (у сэзонах 1937/38 і 1939/40).

У 1937 стаў адным з заснавальнікаў «Віленскай групы», з якой выстаўляў свае творы на выставе ў красавіку-траўні 1939 году.

З 1935 па 1940 год удзельнічаў у археалягічных і кансэрвацыйных работах на руінах замку ў Троках, якімі кіравалі Ян Бароўскі і Ежы Хопэн.

У 1940 годзе ўдзельнічаў у археалягічных і кансэрвацыйных работах у Ковенскім замку. Акрамя кансэрвацыйных работ, ён ствараў эскізы і малюнкі архітэктуры і яе навакольля.

На падставе сабраных у Троках матэрыялаў, пачынаючы з 1941 году, стварыў т.зв «Троцкі цыкль», які першапачаткова павінен быў уключаць шэсьць графічных пано, а ў выніку мастак стварыў комплекс з трыццаці дзьвюх гравюр, скончыўшы працу над імі ў 1944 годзе.

У сьнежні 1944 году не зьявіўся на працы. Яго доўга шукалі і толькі праз нейкі час атрымалі даведку ў НКУС. Згодна з даведкай НКУС, адпраўленай Л. Карсавіну, мастак быў «па памылцы» арыштаваны і адпраўлены ў лукіскую турму. Не напісана, пры якіх абставінах ён загінуў. Указваецца толькі, што ў 1945 годзе 2 лютага В. Рамановіч быў пахаваны ў безназоўнай магіле разам зь іншымі людзьмі.

Пра яго сьмерць не было афіцыйна павядомлена, яшчэ ў траўні 1945 рэктар Ягелонскага ўнівэрсытэту выслаў на імя мастака запрашэньне працаваць у кракаўскім унівэрсытэце.

Жонка мастака — Альдона Рамановіч, у дзявоцтве Нябельская (1909—2009), жывапісец і кансэрватар.

Калекцыя твораў Рамановіча захоўваецца ў бібліятэцы Ўнівэрсытэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні, яе перадала туды ўдава мастака[1].

  1. ^ а б Walenty Romanowicz
  2. ^ Сьвятлана Кошур (27.11.2008) Фарбы радасьці і тугі
  • Сьвятлана Кошур. Лебядзіная песьня Валянціна Рамановіча. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 35 с.
  • Сяргей Гваздзёў. Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі: нарысы. — Мінск, 2013. — С. 202—215.
  • Jan Kotłowski. Grafika Walentego Romanowicza: 1911—1945. Toruń, 1987.