Вайскова-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту
Вайскова-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (Рэвалюцыйны камітэт, Часовы вайскова-рэвалюцыйны камітэт, ВРК Заходняй вобласьці, Вайскова-рэвалюцыйны камітэт Менску і Заходняга фронту, Менскі ВРК, Ваенрэўкам Менскага Савету, Вайскова-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняй вобласьці і Заходняга фронту) — часовы рэвалюцыйны орган па правядзеньні ўзброеннага паўстаньня на тэрыторыі беларускіх губэрняў і Заходнім фронце ў кастрычніку — лістападзе 1917. Прыкладам для арганізацыі паслужыў Петраградзкі ВРК. Рашэньне пра ўтварэньне ВРК Заходняга фронту бальшавікі Менску прынялі 8 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1917. Ядро камітэту склалі прэзыдыюм Менскага Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бюро Абласнога выканаўчага камітэту Саветаў Заходняй вобласьці, бальшавіцкая фракцыя камітэту Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту, прадстаўнікі Менскага раённага чыгуначнага камітэту і ўсіх вайсковых часьцей Менску.
У загадзе № 2 ВРК Заходняга фронту ад 16 лістапада [ст. ст. 3] 1917 гаварылася, што камітэт «пашырае свой уклад: у яго запрашаюцца па адным прадстаўніку ад кожнага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Паўночна-Заходняй вобласьці…» і па адным ад вайскова-рэвалюцыйных камітэтаў Заходняга фронту. 18 лістапада [ст. ст. 5] 1917 газэта «Зьвязда» паведамляла, што «Вайскова-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту ўжо аформіўся і прыступіў да работы».
У склад камітэту ўваходзілі лідары бальшавікоў беларускіх губэрняў Іван Алібегаў, Станіслаў Берсан, Васіль Вашкевіч, Майсей Калмановіч, Васіль Каменшчыкаў, Вільгельм Кнорыньш, Мікалай Крывашэін, Карл Ландар (старшыня бюро ВРК), Аляксандар Мясьнікян, П. М. Палукараў, Мікалай Рагазінскі, У. С. Селязьнёў, У. М. Фрэйман, А. М. Цярэнцьева, С. Я. Шчукін і інш. (усяго больш за 25 чал.). Выдаваў «Бюлетэнь Вайскова-рэвалюцыйнага камітэту Заходняга фронту».
Адначасова з выкананьнем функцый задушэньня супраціўленьня контрарэвалюцыйных сіл ВРК займаўся адміністратыўна-гаспадарчай дзейнасьцю. З мэтай стварэньня пастаянных і адзіных краявых і франтавых органаў бальшавіцкай улады, ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў па нармалізацыі гаспадарчага жыцьця ў складзе камітэта былі аддзелы:
- грамадзянскі
- вайсковы
- гаспадарчы
- забесьпячэньня
- арганізацыйны і сувязі
- мандатны
- інфармацыйны
Агульнае кіраўніцтва работай аддзелаў ажыцьцяўляла бюро ВРК, у якое ўваходзілі прадстаўнікі ад кожнага аддзелу. ВРК пашырыў свае паўнамоцтвы на ўсе адміністрацыйныя ўстановы, суд, пошту, тэлеграф, вырашаў розныя канфлікты, пасылаў сваіх прадстаўнікоў для арганізацыі рэўкамаў на месцах. Накіраваў на дапамогу Менскаму Савету браняпоезд, браневікі, рэвалюцыйны 60-ы Сыбірскі полк. 17 лістапада [ст. ст. 4] 1917 распусьціў эсэра-меншавіцкі Камітэт выратаваньня рэвалюцыі, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве, блякаваў яе сваімі войскамі з поўдня ў раёне Жлобіну, паставіў пад кантроль сваіх камісараў работу чыгуначных станцый. Ажыцьцяўляў кантроль над штабам Заходняга фронту, арыштаваў вайсковага камісара Часовага ўраду на Заходнім фронце, зьмясьціў галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Пятра Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца бальшавіцкай уладзе, і прызначыў на ягонае месца сябра ВРК Васіля Каменшчыкава. Неаднаразова зьвяртаўся да салдат з заклікам накіраваць свае намаганьні на барацьбу за хутчэйшае падпісаньне міру, накіраваў у штаб нямецкага Ўсходняга фронту дэлегацыю, якая 4 сьнежня [ст. ст. 21 лістапада] 1917 падпісала ў мястэчку Солы дагавор пра перамір’е на Заходнім фронце.
Прымаліся самыя жорсткія меры для спыненьня сабатажу на прадпрыемствах і ва ўстановах Менску. Паводле загаду № 14 ВРК Заходняга фронту былі распушчаны камітэт Ўсерасейскага земскага саюзу. Ва ўправу Менскага губэрнскага прадуктовага камітэту «для кантролю і ажыцьцяўленьня ўсіх распараджэньняў ВРК і Савету Народных Камісараў» быў прызначаны прадстаўнік ВРК салдат Т. Швалёў. На прадметы першай неабходнасьці і прадукты былі ўстаноўлены цьвёрдыя цэны. Загады ВРК паведамляюць пра суворыя меры пакараньня, што прымаліся ў дачыненьні да рабаўнікоў, хуліганаў і п’яніц, забарону продажу і вырабу алькаголю й інш. Каравульная служба была арганізавана «па ўсёй строгасьці гарнізоннага статуту».
У адпаведнасьці з законам аб друку ВРК Заходняга фронту закрыў некалькі антыбальшавіцкіх газэт, у т.л. «Гомельскую жизнь», «Новое варшавское утро», «Минскую жизнь», «Минскую искру» і інш. Праводзіў работу па падрыхтоўцы і скліканьні зьезду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласьці, Трэцяга зьезду Саветаў сялянскіх дэпутатаў Менскай і Віленскай губэрняў, Другога зьезду армій Заходняга фронту, якія выбралі органы бальшавіцкай улады.
Спыніў дзейнасьць ВРК Заходняга фронту 9 сьнежня [ст. ст. 26 лістапада] 1917 пасьля стварэньня Абласнога выканаўчага камітэту Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыкамзаху) і Савету народных камісараў Заходняй вобласьці і фронту.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Документы и материалы: 40 лет 1917—1957 / Ин-т истории партии ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Институт истории Академии наук БССР, Архивное управление БССР; [Сост.: В. В. Скоробогатый и др.]. Т. 1.: Белоруссия в период подготовки социалистической революции: Февраль—октябрь 1917 г. / Редкол.: Т. С. Горбунов и др. — Мн.: Государственное издательство БССР, 1957. — 1005, [2] с.
- Победа Советской власти в Белоруссии / Редкол.: И. И. Минц и др. — Мн.: Наука и техника, 1967. — 506, [1] с., [1] л. портр.
- Стужынская, Н. І. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Стужынская, Н. І. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту ў Кастрычніцкай рэвалюцыі // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1985. — № 1. — С.