Перайсьці да зьместу

Бітва пад Сокалем

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Сокалем
«Бітва пад Сокалем». Факсыміле рысунку Юліюша Косака
Дата: 2 жніўня 1519
Месца: Сокаль (цяпер у Львоўскай вобласьці)
Вынік: перамога Крымскага ханства
Супернікі
 Крымскае ханства
Камандуючыя
Багатыр Гірэй
Колькасьць
7 тысячаў18 тысячаў
Страты
1200невядома

Бі́тва пад Со́калем — бітва войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад даводзтвам вялікага гетмана літоўскага князя Канстанціна Астроскага супраць войска крымскага хана Бахадыра Гірэя, якая адбывалася 2 жніўня 1519. Бітва скончылася перамогай крымчакоў.

У 1519 року 20-тысячнае войска на чале з сынам крымскага хана Мэхмэда I Гірэя Бахадырам[1], перасоўваючыся так званым Чорным шляхам, уварвалася ў Галічыну, рабуючы Рускае, Белскае і Люблінскае ваяводзтвы. 3-тысячнае кароннае войска паспалітага рушэньня пад даводзтвам вялікага маршалка кароннага Станіслава Хадэцкага і ваяводы падольскага Марціна Камянецкага ня здолела супрацьстаяць татарам.

Да палякаў далучылася паспалітае рушэньне з Валыні пад кіраўніцтвам князя Астроскага і каронныя войскі на чале зь вялікім гетманам каронным Мікалаем Фірлеем, у выніку чаго агульная колькасьць войска вырасла да сямі тысячаў.

Астроскі і Фірлей сустрэлія з татарамі ля спаленага Сокалю ў Белскім ваяводзтве. Князь Астроскі, улічваючы вялікую колькасную перавагу ворага і абмежаваную прастору, прапаноўваў пачакаць, пакуль частка татарскага войска пераправіцца праз Буг, каб біць іх па частках, або пачакаць зь бітвай да падыходу войскаў абароны паточнае, якія вёў да Сокалю Ян Твароўскі. Не прыняўшы плян Астроскага[2], польскае камандаваньне вырашыла пачаць бітву на левым беразе Бугу, не чакаючы пераправы татараў.

Польскія войскі, засыпаныя шквалам татарскіх стрэлаў, ня здолелі разгарнуцца ў баявы парадак і панесьлі буйныя страты. Заўважыўшы гэта, князь Астроскі пераправіў сваіх жаўнераў празь іншы брод і завязаў з татарамі бой, што дазволіла палякам скончыць разгортваньне. Аднак жа татары мелі значную колькасную перавагу, а мясцовасьць была цяжкай для дзеяньня рыцарскай коньніцы. У выніку польска-літоўскае войска было аточанае з флянгаў; большасьць яго здолела вырвацца з атачэньня, але больш за 1200 жаўнераў загінулі, у тым ліку і сын гетмана Фірлея. Пры гэтым татары таксама панесьлі значныя страты.

У адрозьненьне ад ранейшых татарскіх наездаў, калі хан адмяжоўваўся ад дзеяньняў ягоных падданных, гэтым разам Мэхмэд Гірэй прызнаў, што разарваў хаўрус з каралём і вялікім князем Жыгімонтам, апраўдваючы свае дзеяньні стратамі ад паходаў казакаў, якія дасягалі Ачакава. Для аднаўленьня міру хан запатрабаваў новай дані і прапанаваў свае паслугі ў вайне супраць маскоўскага князя.

  1. ^ Черкас Б. Україна в політичних відносинах Великого князівства Литовського з Кримським ханатом (1515—1540). — К.: 2006. — С. 126.
  2. ^ Крипякевич И. История украинского войска. Ч. ІІ. В Бобрьбе с татарами. — Львів: Видання Івана Тиктора, 1936.
  • Черкас Б. Україна в політичних відносинах Великого князівства Литовського з Кримським ханатом (1515—1540). — К.: 2006.
  • Borawski, Piotr. Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej. — Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1986. — С. 80—83. — ISBN 83-205-3747-9
  • Paweł Jasienica. Polska Jagiellonów. — Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1975. — Т. II. — С. 62.
  • Podhorodecki, Leszek. Chanat Krymski i jego stosunki z Polską w XV—XVIII w. — Warszawa: 1987. — С. 93—94. — ISBN 83-05-11618-2