Перайсьці да зьместу

Бітва пад Вішняўцом (1512)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Вішняўцом
Бітва пад Вішняўцом (каля харугвы князь Астроскі) (дрэварыт XVI ст.)
Дата: 28 красавіка 1512
Месца: в. Лапушна цяпер Тарнопальская вобласьць
Вынік: перамога войска ВКЛ і Кароны
Супернікі
Польшча
ВКЛ
Крымскае ханства
Камандуючыя
Канстантын Астроскі
Мікалай Камянецкі
тры «ханы», адзін зь іх, магчыма, Мубарак Гірэй
Колькасьць
6 тысяч, у т.л. 2000 вялікалітоўскага войска, у т.л. валынскае рушэньне,
4000 польскай кавалерыі, рота польскай пяхоты, 2 гарматы
ад 10 да 30 тысяч
Страты
невядомыяда 5 тысяч

Бітва пад Вішняўцом ці Бітва каля Лапушна (28 красавіка 1512) — бітва каля вёскі Лапушна (цяпер па-ўкраінску: Лопушне Ланавецкага раёну Тарнопальскай вобласьці) дзе літоўска-польскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Канстантынам Астроскім і гетманам вялікім каронным Мікалаем Камянецкім перамагло наезд крымскіх татар, якімі кіраваў Мэнглі I Гірэй.

Саюзьнікі прывялі на поле каля 6 тысячаў ваяроў — каля 2 тысячаў вялікалітоўскага (у тым ліку валынскае рушэньне), 4 тысячаў польскай кавалерыі і 1 рота польскай пяхоты, 2 гарматы; пад камандаваньнем гетмана вялікага літоўскага Канстантына Астроскага і гетмана вялікага кароннага Мікалая Камянецкага. Татары, колькасьцю 10-20 тысячаў, заўважылі набліжэньне праціўніка і перайшлі ў наступ, наносячы польска-літоўскаму войску цяжкія страты. У баі прымалі ўдзел Міхаіл Вішнявецкі з сынамі, Ян Радзівіл «Барадаты», Пётар Кміта Сабенскі, вызначыўся Ян Амар Тарноўскі.

У 1512 годзе падчас чарговай маскоўска-літоўскай вайны каля 20 тысячаў татар на чале з трыма малодшымі прадстаўнікамі роду Гірэяў[1] быццам без дазволу хана Мэнглі Гірэя зайшлі далёка ў глыб Рускага ваяводзтва ў Польшчы, сталі кошам у ваколіцах Буску і выслалі чамбулы да Перамышля. Жыгімонт Стары даручыў кароннаму гетману Камянецкаму з дворнымі харугвамі даць адпор крымскім татарам, на дапамогу былі пасланы вялікалітоўскія сілы на чале зь літоўскім гетманам Астроскім, а з Падольля старосты Ланцкаронскі і Твароўскі; было абвешчана паспалітае рушэньне.

Пасьля некалькіх сутычак з чамбуламі злучанае войска 26 красавіка 1512 году выйшла на вялікі татарскі лягер паблізу Вішняўца.

У польска-літоўскім ваенным парадку на правым крыле знаходзіліся конныя атрады гетмана Астроскага, на левым — польскія войскі, якія складаліся пераважна з кавалерыі, акрамя таго мелі роту пяхоты, дзьве гарматы. Пяхота і гарматы былі разьмешчаны на лініі фронту, перад польскай коньніцай, каб іхны агонь стрымліваў першы наступ татар.

Татары выстраіліся ў дзьве лініі насупраць польска-літоўскіх войскаў, закрываючы лягер з разрабаваным дабром і ясырам, які знаходзіўся далёка ў іх тыле.

Флянгі польска-літоўскіх войскаў абапіраліся на лес, таму татары не маглі выкарыстаць сваю любімую тактыку, каб абыйсьці флянгі праціўніка. З-за гэтага татары спрабавалі моцным ударам расьсячы польска-літоўскі строй напалову.

Неўзабаве пасьля таго, як пачалася бітва, татары здолелі ўбіць клін паміж польскімі і літоўска-рускімі крыламі. Пры гэтым татары здолелі адціснуць больш слабое літоўскае войска да лесу. Гетман Мікалай Камянецкі накіраваў на дапамогу Літве адну харугву кавалерыі, зьберагаючы большасьць сілаў да рашучага ўдару. Толькі калі татары кінулі ўсе сілы ў бой, Мікалай Камянецкі кінуў у бой рэзэрвовы атрад, разграміў татар, прымусіў іх ўцякаць і кінуць лягер. Загінула да 5 тысячаў татараў, саюзьнікі здабылі 10 тысячаў коней, адабралі значную колькасьць нарабаванага. Польска-літоўскае войска вызвалілі 16 тысячаў палонных зь ясыру; але зьнішчыць цалкам праціўніка не атрымалася, татары, хаця і зь вялікімі стратамі, уцяклі ў Крым.

Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што загінулі тры татарскія ханы і зяць Мэнглі Гірэя.

Татаре поражены от наших. Того ж року князь Константин Острозский з литвою и русью 25 000 под Вишневцем татар перекопских побил, a з ним был Михаил Вишневецкий з сынами и князь Андрей Збаразский, a сам царь татарский Мендли Гирей ушол в малой дружинѢ[2][3]

Даведаўшыся пра паразу пад Вішняўцом, стары хан вырашыў заключыць пагадненьне з Польшчай і ВКЛ. Ён не запатрабаваў ад караля Жыгімонта выдаць яму жывым, ці забіць палоннага валжанскага хана Шах Ахмэда, які ўцёк у Літву пасьля паразы ад Мэнглі-Гірэя ў 1502 годзе; паабяцаў выставіць 30 000 вершнікаў на вайну з Масквой за штогадовыя ўпамінкі у памеры 15 000 дукатаў, дзеля чаго ён прысягнуў на Каране і адправіў каралю двух закладнікаў: унука Джалаладзіна і сына Дэўлета-Бахці з атрадам уланаў і слуг.

Менглі I Гірэй не цалкам выконваў умовы пагадненьня: толькі тады і ў 1513 годзе ён адправіў арду ў Маскву (але прынамсі, ён не пускаў чамбулы на польскія і літоўскія землі).

  1. ^ Крыніцы не даюць іх імёнаў, магчыма, адным з іх быў Мубарак Гірэй — бацька будучага хана Даўлет Гірэя
  2. ^ Хроніка Литовська й Жмойтська http://litopys.org.ua/psrl3235/lytov06.htm
  3. ^ На самай справе хан Менглі Гірэй не ўдзельнічаў у паходзе
  • Piotr Borawski. Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej. — Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1986. — S. 80-83. — ISBN 83-205-3747-9  (пол.)
  • Paweł Jasienica. Polska Jagiellonów. — Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1975. — Tom 2. — S. 62.  (пол.)
  • Mała Encyklopedia Wojskowa, 1967. Wydanie I  (пол.)
  • Leszek Podhorodecki. Chanat Krymski i jego stosunki z Polską w XV-XVIIIw. — Warszawa, 1987. — S. 85-86. ISBN 83-05-11618-2  (пол.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]