Ян Карцан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Ян Карцан (?, Вялічкі — 1611) — друкар і кнігавыдавец.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Вялічках. Паводле веравызнаньня — пратэстант. Друкарскай справе навучаўся ў Кракаве. Упершыню асталяваўся на працы ў мястэчку Лоск, дзе зьмяніў на пасадзе выдаўца Даніеля Лянчыцкага, што працаваў у магната Яна Кішкі і выехаў у Вільню. У 1576 годзе выходзяць з так званай Замковай друкарні Яна Кішкі сачыненьне С. Буднага «Аб галоўных палажэньнях хрысьціянскай веры» і праца Цыцэрона «Аб павіннасьцях», пераложаная на польскую мову С. Кашуцкім. За час працы ў Лоску з 1576 па 1580 год Карцан выпусьціў сем кніг: пяць на польскай мове і дзьве на лацінскай.

Пасьля імя Карцана сустракаецца на выданьнях, што выходзяць у Вільні. 31 ліпеня 1599 году ён уступіў у законнае валоданьне домам па вуліцы Бэрнардынскай, які адкупіў у віленскага мяшчаніна Захарыяша Амуратовіча. Першыя кнігі выдаўца віленскага пэрыяду: «Тлумачэньне малітваў» («Wyklad na modlitwie») С. Судровіса і «Новы запавет» («Nowy testament») датуюцца 1580 годам. У 1583 годзе перавыдае ў Вільні сачыненьне «Аб павіннасьцях», а ў 1595 годзе ўпершыню выдае сачыненьне Цыцэрона «Кнігі аб старасьці» ў перакладзе Б. Буднага. У гэты годзе таксама выдае «Гісторыю Юдэйскай вайны» ў дзьвюх частках і сачыненьне Казаковіча «Дух Данііла» — вершы па выпадак пахаваньня, напісаныя на латыні і па-польску. У 1600 годзе Я. Карцан выпускае сачыненьне Юста Ліпсіюса «Аб сталасьці» ў перакладзе Я. Пятровіча, якое ў 1649 годзе было перавыдана ў Кракаве і ў 1770 годзе — у Вільні. Важнае месца ў гэтым разьдзеле выдавецкага пляну Карцана займаюць кнігі Яна Пратасавіча.

У самым канцы XVI — пачатку XVII стст. Карцан друкуе сэрыю падручнікаў. Каля 1599 году выходзіць «Лемантар» польскай мовы. У 1602 годзе ў Вільні выходзіць падручнік арытмэтыкі — «Альгарытм», складзены ў свой час Бэрнардам Ваевудкам. Пазьней Карцан распачаў выпуск у Літве кніг па мэдыцыне, а таксама прыступіў да выпуску календароў («Новы і стары каляндар на год…1606»). Апошні раз подпіс Я. Карцана зьявіўся на брашуры З. Мічынскага («Oratio»), выдадзенай у студзені 1611 году.

За трыццаць гадоў працы з 1580 па 1611 г. Ян Карцан выдаў 101 кнігу на польскай, лацінскай і грэцкай мовах; у тым ліку — сачыненьні антычных аўтараў — 11, на маральна-этычныя тэмы — 4, навукова-вучэбная літаратура — 7, па мэдыцыне — 3, на палітычныя тэмы — 10, апісаньне вандровак — 3, календары — 3, палемічная літаратура — 9, панэгірыкаў — 22, тэалягічнага характару — 21, на іншыя тэмы — 8.

Пасьля сьмерці Я. Карцана друкарня перайшла да яго сына Ёсіфа.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Карцан Ян // Энцыклапедычны даведнік. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. — Мн., 1995.
  • Анушкин. А. На заре книгопечатания в Литве / Выд. «Mintis» — Вильнюс, 1970.
  • Ян Карцан