Апафэгматы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Кароткія і ясныя аповесьці, якія па-грэцку называюцца „Апафэгматы“» — кніга Беняша Буднага, упершыню выдадзеная ў 1599 годзе ў віленскай друкарні Яна Карцана. Твор уяўляе сабой філязофска-этычныя сэнтэнцыі з нагоды вучэньня ці жыцьця антычных філёзафаў і палітычных дзеячаў з твораў Дыягена Лаэрцкага, Плютарха, Цыцэрона і іншых.

Кніга падзелена Б. Будным паводле жанрава-тэматычнага прынцыпу на чатыры часткі: першая зьмяшчае 300 апавяданьняў з жыцьця 42 філёзафаў старадаўняй Грэцыі (Сакрат, Плятон, Арыстотэль, Пітагор, Дэмакрыта і г. д.), другая прысьвечана палкаводцам і вядомым людзям антычнасьці і сярэднявечча (Ю. Цэзар, А. Македонскі, Ганібал, Пампэй і іншыя), героі трэцяй кнігі — славутыя спартанцы (Леанід, Лісандар, Агіс і іншыя), чацьвертая зьмяшчае мудраслоўі знакамітых жанчын (Алімпія — маці А. Македонскага, Піфія — дачка Арыстотэля, рымлянка Люкрэцыя). Апошняя кніга пачынаецца апавяданьнем пра Ванду і Ядвігу — польскіх каралеў[1].

Кніга перавыдавалася адзінаццаць разоў. Першае і другое выданьні «Апафэгматаў» (1599, 1603) убачылі сьвет у віленскай друкарні Я. Карцана. У 1614 кніга з дапаўненьнямі двойчы выдавалася ў Любчы ў друкарні П. Б. Кміты. Потым шэсьць разоў выходзіла ў Кракаве. У пачатку XVIII ст. на загад Пятра I была перакладзеная на расейскую мову. Тры выданьні зьявіліся ў Маскве і пяць — у Пецярбургу[1].

Пад назвай «Займальная гісторыя пра купца, які пусьціўся ў заклад зь іншым на цноту ўласнае жонкі» да кнігі была далучана апрацоўка навэлы з «Дэкамэрона» Дж. Бакачча (дзень 2, навэла 9), якая адсутнічала ў віленскім выданьні[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б В.С. Болбас, І.С. Сычова Папулярызатар этыка-педагагічных ідэй антычнасці на Беларусі // Адукацыі і выхаванне. — 2002. — № 4. — С. 54—61.
  2. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 823