Беларусь (кніга)
Беларусь | |
Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte | |
Вокладка кнігі. | |
Жанр: | энцыкляпэдыя |
---|---|
Аўтар: | Вальтэр Егер |
Мова арыгіналу: | нямецкая |
Публікацыя: | 1919 |
Выдавецтва: | «Verlag Karl Curtius» |
Колькасьць старонак: | 143 |
«Беларусь»[1] (па-нямецку: Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte) — першая нямецкамоўная кніга, прысвечаная Беларусі. Кніга была выдадзеная ў Бэрліне.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прагрэсіўны нямецкі журналіст Вальтэр Егер у час Першае сусьветнае вайны знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, дзе зацікавіўся жыцьцём і культурай беларускага народу. Гэтая цікавастць знайшла выяўлентне ў шматлікіх матэрыялах – артыкулах, карэспандэнцыях, нарысах, якія друкаваліся на старонках нямецкага пэрыядычнага друку. Яны ахоплівалі шырокае кола праблемаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю беларускага народа. В. Егер ведаў, што ў Нямеччыне існуюць далёкія ад рэальнасьці, скажоныя ўяўленьні пра беларусаў як пра цёмны, адсталы і пакорлівы народ, у якога вышэйшае праяўленьне культуры – толькі вусная народная творчасьць. Каб разьвеяць гэтыя беспадстаўныя ўяўленьні, Егер вырашыў пазнаёміць сваіх суайчыньнікаў зь Беларусьсю, яе сьціплым і працавітым народам, які меў даўнюю і багатую гісторыю, шматвяковую культуру, але неспрыяльнымі гістарычнымі ўмовамі доўга быў адціснуты ад паступальнага разьвіцьця, прыйшоў у заняпад і толькі ў апошні час у выніку вялікіх гістарычных зрухаў абудзіўся да актыўнага палітычнага і культурнага жыцьця.
Напісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У напісаньні кнігі сустрэліся шматлікія цяжкасьці як навуковага, так і практычнага характару. Вось што з гэтае нагоды пісаў сам Егер у прадмове да кнігі: «Пісьмовыя крыніцы пра Беларусь у Нямеччыне вельмі бедныя. Абагульняльных працаў пра гэты край і ягоную культуру на нямецкай мове наогул ня існуе. 3ь вялікай цяжкасьцю давялося зьбіраць матэрыялы са шматтомных працаў па Расеі, з часопісаў і газэтаў. І ўсё ж урод атрымаўся небагаты»[2].
3 дапамогай прафэсара Абіхта, дактароў Іпэля і Дзітмана Егеру ўдалося скласьці і выдаць задуманую ім кнігу, якая доўгі час была адным з найбольш поўных нямецкіх выданьняў пра Беларусь[2]. Матэрыяламі да яе паслужылі, галоўным чынам, працы расейскіх і польскіх навукоўцаў, часткова перакладзеныя на нямецкую мову.
Часткі пра гісторыю Беларусі не былі падпісаныя, але, як відаць з прадмовы, іх напісаў доктар Дзітман, адвакат з Горадні. У 1919 годзе Валянцін фон Дзітман быў дарадцам Дыпляматычнай місіі БНР ў Бэрліне. Іншыя разьдзелы былі падпісаныя. Такім чынам, матэрыялы, якія тычацца геаграфіі і эканомікі Беларусі напісаў Пётра Крачэўскі (у прадмове адзначана, што яны былі выдадзеныя ўжо раней Беларускай дыпляматычнай місіяй у Бэрліне), доктар Альбэрт Іпэль – пра беларускую культуру, прафэсар доктар Рудольф Абіхт, нямецкі славіст, які раней пісаў для газэты 10-й арміі, апісаў літаратуру беларускага адраджэньня і зьмясьціў фрагмэнты літаратурных твораў Тараса Гушчы (Якуба Коласа), анталёгію песень і паданьняў, а таксама апісаньні беларускіх абрадаў, запазычаныя ў фальклярыстаў.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Краналягічна кніга ахоплівае гістарычнае развіцьцё Беларусі ад часоў Старажытнай Русі да 1918 г. Складаецца яна з васьмі разьдзелаў — «Край», «Насельніцтва», «Гісторыя», «Народная гаспадарка», «Духоўная культура», «Пра беларускае мастацтва», «3ь беларускай літаратуры», «3ь беларускай вуснай народнай творчасьці», якія, на думку аўтара, павінныя былі ахапіць найбольш характэрныя сфэры мінулага і сучаснага жыцьця беларусаў. Кніга ілюстраваная 93 малюнкамі, да яе прыкладзеная мапа БНР[3]. Ёсьць невялікая прадмова.
У разьдзеле «Духоўная культура» сабраны матэрыял, які ў агульных рысах раскрываў найбольш значныя этапы развіцьця беларускай культуры на працягу ўсёй гісторыі яе існаваньня.
Беларуская літаратура ахарактарызаваная тут агульна. Першыя зьвесткі пра яе зьвязваюцца зь імем беларускага асьветніка і першадрукара Ф. Скарыны. Потым гаворка ідзе пра Рэфармацыю, разглядаецца паэма «Тарас на Парнасе». Называюцца прозьвішчы прадстаўнікоў новае беларускае літаратуры Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы і Я. Коласа. Апошнія два прадстаўленыя як найбольш значныя носьбіты духоўнай культуры сваёй нацыі.
Апошні, восьмы, разьдзел кнігі «Беларусь» падабраны і перакладзены прафэсарам Абіхтам. Нямецкі навуковец імкнуўся паказаць мастацкую творчасьць беларускага народу ў найлепшых ейных празаічных і вершаваных праявах. Па магчымасьці выяўлена і жанравая разнастайнасьць: у разьдзел уключаныя апавяданьні, легенда, вершы, народныя казкі і песьні.
Рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдадзеная падчас бурных рэвалюцыйных падзеяў у Нямеччыне кніга В. Егера «Беларусь» не была заўважаная нямецкай грамадзкасьцю, занятай вырашэньнем вострых унутраных праблемаў. У Беларусі ж на гэтае выданьне зьявілася некалькі водгукаў. Першым зь іх было паведамленьне беларускага мовазнаўцы і літаратуразнаўцы М. Байкова, надрукаванае ў 1921 г. у часопісе «Школа и культура Советской Белоруссии» (№ 1—2) пад назвай «Кніга аб Беларусі на нямецкай мове». Асаблівая ўвага ў паведамленьні зьвярталася на артыкул А. Іпэля «Пра беларускае мастацтва», а таксама на матэрыялы прафэсара Абіхта пра вусную народную творчасьць беларусаў і іх літаратуру, на перакладзеныя ім вершы Я. Купалы.
Другім водгукам была вялікая рэцэнзія М. Байкова, апублікаваная ў 1921 г. у часопісе «Вольны Сьцяг» пад той жа назвай. Кніга В. Егера разглядалася тут больш шырока і падрабязна: вялася гаворка пра гісторыю яе ўзьнікненьня, пра зьмест і структуру. Усяму выданьню давалася такая ацэнка: «Чаго-небудзь новага дзеля беларускага чытача, асабліва таго, каму вядомы творы прафэсара, акадэміка Я. Карскага, Шэйна, Раманава і інш., зборнік не прадстаўляе, аднак трэба аддаць справядлівасьць немцам, яны старанна сабралі тое, што зьяўляецца найбольш прыкметным у розных галінах жыцьця беларускага народу».
Значна пазьней, у 1925 г., да кнігі В. Егера зьвярнуўся вядомы беларускі навуковец Я. Карскі. У артыкуле «Беларуская філялёгія за апошнія дзесяць гадоў», зьмешчаным у часопісе «Цайтшрыфт фюр славішэ філалагі», ён пісаў: «Гэта кампілятыўная, сьпехам складзеная пасьля 1917 году праца, без камэнтарыяў. Віньеткі, узятыя з маёй «Палеаграфіі», у некаторых месцах надрукаваныя наадварот. Яны ў большасьці сваёй не беларускія. Адсутнічае ў гэтай кнізе разьмежаваньне паміж агульнаславянскага, расейскага і беларускага».