Перайсьці да зьместу

Ашурэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ашурэ — салодкая рытуальная страва ў мусульманаў, якую гатуюць з нагоды аднайменнага сьвята (10 мухарама, першага месяца календара, у наш час прыпадае на вясну).

Паводле мусульманскай традыцыі, у дзень «ашурэ» здарыліся некалькі важных падзеяў біблейскай гісторыі: Адам сустрэў Еву, Аўраам выратаваўся з пажару, Якуб узьяднаўся зь Юзэфам. Але найперш сьвята ўсталяванае ў памяць выбаўленьня ад сусветнага патопу, якое адбылося ў гэты дзень: Ной загадаў сваёй сям’і прыгатаваць салодкую страву з рэшткаў усёй ежы, якая заставалася на каўчэгу, калі ён прыстаў да гары Арарат, таму ў ангельскамоўных асяродках ашурэ называюць яшчэ «пудынгам Ноя». Інгрэдыенты, кансыстэнцыя, зьнешні выгляд ашурэ моцна адрозьніваюцца ў розных краінах і ў залежнасьці ад ураджаю, пары году, на якую прыпадае ашурэ, даступнасьці прадуктаў канкрэтнай сям’і і іншага.

У беларуска-літоўскіх татараў ашурэ здаўна і дагэтуль гатуюць у выглядзе ўзвару зь некалькіх відаў садавіны, цукру, а таксама пшаніцы ці рысу. У Турцыі і многіх іншых мусульманскіх краінах ашурэ гатуюць з пшаніцы ці рысу на малацэ і вадзе з дадаткам вінаграднага соку, бабоў, нуту, сачавіцы, арэхаў і сушаных ягад да кансістэнцыі своеасаблівага пудынгу.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Зарына Канапацкая, Алесь Белы, праект «Наша ежа».