Перайсьці да зьместу

Слуцкі псалтыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слуцкі псалтыр,
згублены

Слу́цкі псалты́р — помнік стараславянскага пісьменства XI стагодзьдзя, знойдзены ў Слуцку ці яго навакольлі Дзьмітрыем Струкавым. Цяпер гэты псалтыр згублены.

Знаходка і страта

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1867 годзе на Случчыне быў знойдзены ўнікальны помнік старажытнарускага пісьма XI стагодзьдзя — «Слуцкі Псалтыр». Гэтую рэдкую рукапісную кнігу выявіў вандруючы па паўночна-заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі расейскі мастак і археоляг Дзьмітры Струкаў. У 1864 годзе мастак быў запрошаны для ўдзелу ў мастацкай экспэдыцыі па Паўночна-Заходнім краі, галоўнай мэтай якой быў пошук старажытнарускіх помнікаў. У ходзе экспэдыцыі Струкаў замаляваў акварэльлю шэраг помнікаў культуры і архітэктуры, зьнешні выгляд шмат зь якіх цяпер вядомы толькі па яго малюнках. Падчас падарожжа па Менскай губэрні, мастак і знайшоў старажытную кнігу.

Пяць лістоў рукапісу Струкаў перадаў акадэміку Ізмаілу Сразьнеўскаму, вядомаму знаўцу старажытнаславянскага пісьма. У 1868 годзе акадэмік выдаў стараславянскі тэкст знойдзенай кнігі ў сваёй працы «старажытнаславянскія помнікі юсавага пісьма».

Пасьля таго як Сразьнеўскі дасьледаваў рукапіс, лісты старажытнага Псалтыра Струкаў вярнуў туды, дзе яны адразу і захоўваліся. На жаль, пры выданьні зьвестак пра псалтыр акадэмік не напісаў яго месцазнаходжаньня, акрамя назвы «Слуцкі Псалтыр». Магчыма, Псалтыр захоўваўся ў нейкім слуцкім храме.

Неўзабаве аддзяленьне расейскай мовы і славеснасьці імпэратарскай Акадэміі навук зьвярнулася да Менскага архіяпіскапа Міхаіла (Галубовіча) з просьбай дапамагчы адшукаць каштоўны рукапіс. Архіяпіскап даручыў гэтую справу памочніку наглядчыка Слуцкай духоўнай вучэльні А. Хвалебнаву і выкладчыку Менскай духоўнай сэмінарыі А. Тавараву, але пошукі былі безвыніковымі.

У 1905 годзе ўжо іншы Менскі архірэй Міхаіл (Цемнарусаў) паспрабаваў адшукаць старажытны рукапісны Псалтыр, зьвярнуўшыся праз «Менскія эпархіяльныя ведамасьці» да духавенства эпархіі, але таксама безвынікова. Расейскі філёляг-славіст С. П. Кульбакін у 1917 годзе пісаў пра «Слуцкі Псалтыр», што ён «ў цяперашні час невядома дзе знаходзіцца».

Невядома пра яго месцазнаходжаньне дасюль. Усё, што вядома аб гэтым помніку стараславянскага пісьменства, ўзятае толькі з публікацыі акадэміка Сразьнеўскага.

Магчыма, што такое загадкавае зьнікненьне Слуцкага псалтыра тлумачыцца тым, што яго таемна набылі калекцыянэры і вывезьлі зь Беларусі.

Знойдзены Псалтыр уяўляў сабой рукапіс, пісаны на пэргамэнце ў чацьвёрку па 28 радкоў на старонцы некалькі скошаным уставам, то доўгімі, то кароткімі радкамі. У ім не было тлумачэньняў, але тэкст псалмоў быў напісаны з такімі інтэрваламі, што заставалася месца для іх прыпіскі. Падобных помнікаў XI стагодзьдзя ў Расейскай імпэрыі было ўсяго толькі тры: Псалтыр Чудаўскага манастыра, Псалтыр імпэратарскай Публічнай бібліятэкі і так званы Яўгеніеўскі Псалтыр (14 лістоў).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Антоній, эпіскап Слуцкі і Салігорскі. Зьніклы Псалтыр // сайт Слуцкай эпархіі.  (рас.)