Перайсьці да зьместу

Менскае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ме́нскае Эва́нгельле — помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры XIV стагодзьдзя. Цяперашняе месцазнаходжаньне рукапісу невядомае.

Паводле сьцьвярджэньня ўкраінскага навукоўца М. Драй-Хмары, які грунтоўна дасьледваў Менскае Эвангельле і ўпершыню апублікаваў ягоную частку ў 1931 року[1], фрагмэнт гэтага помніка (35 аркушаў пэргамэну) быў знойдзены ў 60-я рокі XIX ст. у руінах старой пабудовы, магчыма царквы, у фальварку Масюкоўшчына каля Менску. У 20-я рокі XX ст. належыў жыхарцы ўкраінскага места Камянца-Падольскага Ларысе Кузьмінскай.

Тэкст Менскага Эвангельля напісаны на аркушах пэргамэну буйнога фармату (in folio) уставам у два слупкі. Сустракаліся ініцыялы (загалоўныя літары), намаляваныя ў гэтак званым зьвярыным стылі. Па сваіх моўных асаблівасьцях рукапіс уяўляў сабою, лічыў дасьледнік, «копію з царкоўна-славянскага апракаса, у якой захаваліся паўднёва-славянскія і агульныя ўсходне-славянскія рысы і ў якую перапісвальнікі-беларусы… унесьлі асаблівасьці жывой беларускай мовы». На думку ўкраінскага навукоўца, гэты помнік узьнік на мяжы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў беларускай мовы, быў перапісаны ў XIV ст. дзесьці паміж Дняпром і Бярозаю. Тэкст гэтага Эвангельля апублікаваны ў дадатку дасьледваньня М. Драйко-Хмары, дзе зьмешчаныя таксама фотакопіі першай і апошняй старонкі часткі рукапісу, што захавалася.

Паводле агульнага характару Менскае Эвангельле блізкае да Друцкага, Лаўрышаўскага, Мсьціскага і іншых богаслужбовага тыпу эвангельляў, што шырока бытавалі, перапісваліся і чыталіся на беларускіх землях у часы сярэднявечча.[2]

  1. ^ Драй-Хмара М. Фрагменти Меньского пергаменового апракоса XIV в. // Збірник Комісії для дослідження історії української мові. — Київ, 1931. Т. 1. — С. 141—246
  2. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 186
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.