Арцём Баханькоў
Арцём Баханькоў | |
Дата нараджэньня | 29 студзеня 1924 |
---|---|
Месца нараджэньня | Саламір’е, Полацкі павет, Віцебская губэрня, Расейская СФСР, СССР |
Дата сьмерці | 12 жніўня 2001 |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца вучобы | Менскі пэдагагічны інстытут (1955) |
Занятак | навуковец, беларусазнавец, прафэсар унівэрсытэту, мовазнавец |
Навуковая сфэра | мовазнаўства |
Месца працы | Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (1960—1992) |
Вядомы як | навуковы рэдактар 2-га тома 5-томнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977—1984) |
Навуковая ступень | доктар навук |
Навуковы кіраўнік | Віктар Іванавіч Баркоўскі |
Узнагароды |
ордэн Айчыны 1-й ступені
|
Арцё́м Яфі́мавіч Баханько́ў (1924, Саламір’е, цяпер Полацкі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 2001, Менск, Беларусь) — беларускі мовазнавец.
Доктар філялягічных навук (1986), прафэсар (1995)[2]. Суаўтар «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1966) для школьнікаў, які перавыдалі 10 разоў да 2006 году. Навуковы рэдактар 2-га тома 5-томнага акадэмічнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977—1984)[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1938 годзе паступіў у Полацкую пэдагагічную вучэльню, якую скончыў у 1941 годзе. У студзені 1941 году ў 17-гадовым веку стаў загаднікам Бікульніцкай пачатковай школы ў Полацкім раёне. У траўні 1943 году стаў паліткіраўніком партызанскага атраду «Бальшавік» брыгады імя Варашылава (Д. Цябута). У чэрвені 1944 году трапіў у палон і знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лягеры вёскі Баравуха Полацкага раёну, а затым у канцлягеры гораду Мітава (Генэральная акруга Латвія). У жніўні 1944 году ўцёк з канцлягеру і ў верасьні 1944 году далучыўся да Чырвонай арміі. Ваяваў у складзе 171-й стралковай дывізіі[3]. Быў тройчы паранены ў ходзе Нямецка-савецкай вайны. Быў ўзнагароджаны 2-ма мэдалямі «За адвагу» і ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені[2].
У 1945 годзе дэмабілізаваўся з войска ў Румыніі. Са сьнежня 1945 году па кастрычнік 1957-га настаўнічаў у школах Полацкага раёну ў вёсках Варонічы, Зыкава і Гомель[3]. У 1955 годзе скончыў беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдагагічнага інстытуту, дзе ў 1957 годзе паступіў у асьпірантуру. З 1960 году ўладкаваўся ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР[2]. У 1961 годзе пад кіраўніцтвам прафэсарам Віктара Іванавіча Баркоўскага абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Складаназалежныя сказы ў паўднёва-заходніх беларускіх гаворках». Зь ліпеня 1986 году ўзначаліў аддзел лексыкалёгіі і лексыкаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа[3]. У 1992—1997 гадох быў загаднікам-заснавальнікам катэдры беларускай мовы пры Прэзыдыюме Акадэміі навук Беларусі[2].
Навуковая праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1966 годзе падрыхтаваў 1-ы паваенны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» для школьнікаў сумесна Ёсіфам Гайдукевічам і Паўлам Шубай. Гэты слоўнік перавыдалі 10 разоў да 2006 году ў выдавецтвах «Народная асьвета» і «Парадокс»[3]. У 1970 годзе выступіў суаўтарам дасьледаваньня «Гістарычная лексыкалёгія беларускай мовы»[4] сумесна з Анатолем Аксамітавым, Уладзімерам Анічэнкам, Аляксандрам Булыкам, Аркадзем Жураўскім, Іванам Крамком і Аленай Яновіч. У 1976 годзе ўклаў і адрэдагаваў зборнік беларускіх гаворак «Народнае слова»[3].
Дасьледаваў лексыку сучаснай беларускай мовы і народных гаворак. Быў суаўтарам і навуковым рэдактарам такіх 4-х акадэмічных слоўнікаў, як 5-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (1977—1984), 2-томны «Расейска-беларускі слоўнік» (1982), 2-томны «Беларуска-расейскі слоўнік» (1988—1989) і «Тлумачальны слоўнік расейскай мовы» (1975)[2]. У 1982 годзе выдаў манаграфію «Разьвіцьцё лексыкі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі пэрыяд: сацыялінгвістычны нарыс», у якой выявіў, што 35 % беларускіх нэалягізмаў савецкага часу ўтварыліся з народных гаворак. У 1994 годзе стаў суаўтарам дасьледаваньня «Лексыкалёгія сучаснай беларускай мовы»[4]. У 1998 годзе выдаў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» на 7800 словаў і выразаў[5]. Агулам напісаў каля 130 навуковых артыкулаў і кніг[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://iml.basnet.by/naviny/28-01-2019-arciom-iafimavic-bachankou-da-95-hoddzia-z-dnia-naradzennia
- ^ а б в г д е Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 29 студзеня 2014. — № 16 (27626). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д С. Фацеева. Арцём Баханькоў // Роднае слова : часопіс. — 2014. — № 1. — С. 48—49.
- ^ а б Баханькоў Арцём Яфімавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 357. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
- ^ Т.М. Маракуліна. Арцём Яфімавіч Баханькоў (да 95-годзьдзя з дня нараджэньня) // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 28 студзеня 2019 г. Праверана 28 сьнежня 2021 г.
- ^ Аляксандар Арцёмаў. Настаўнік з Полаччыны // Голас Радзімы : газэта. — 30 студзеня 2014. — № 3364.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 29 студзеня
- Нарадзіліся ў 1924 годзе
- Памерлі 12 жніўня
- Памерлі ў 2001 годзе
- Узнагароджаныя мэдалём «За адвагу»
- Нарадзіліся ў Полацкім раёне
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту
- Беларускія лексыкографы
- Супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Дактары філялягічных навук